Кто продолжает дело Сикоры

Яблык ад яблынi

Жыццё і лёс, тайнае і яўнае, асабістае і грамадскае на шляху легендарнага селекцыянера з Малых Алашак
Хто працягвае справу Сікоры 

МЫ ВЕДАЕМ добра адзін сорт яблыні Івана Паўлавіча — «памяць Сікоры», які яшчэ называюць яблыкам XXI стагоддзя. Але ж ён вывеў у сваім садзе куды не горшыя, а, мо, і лепшыя сарты: гібрыд пад № 365 — марозаўстолівая «антонаўка», якая захоўваецца да сакавіка, гібрыд пад № 1280, — плод якога дасягае вагі 400 грамаў і ляжыць ажно да лета, гібрыд пад № 1335 — груша вагою да паўкілаграма, арэх-фундук, якому няма роўных нават на Поўдні. Толькі яблынь новых сартоў, апрабаваных у мясцовых умовах, на рахунку алашкаўскага садавода-селекцыянера звыш шасці соцень! Дзе ўсё гэта?

На жаль, Іван Паўлавіч не пісаў дзённікаў. З-за сваёй занятасці і сціпласці не запатэнтаваў выведзеныя ім арыгінальныя сарты садавіны, ягад, гародніны. Упэўнены, па нашым часе ён мог бы стаць вельмі багатым чалавекам.

А тады, у 60-я гады, жыў бедна. Ада Райчонак, якая была настаўніцай у Слабадской школе, дзе калісьці працаваў сам Сікора, прыгадвае:

— Як памёр Іван Паўлавіч, дык яго не было нават у што адзець. Я была тады старшынёй прафкама і збірала з настаўнікаў грошы, каб купіць яму касцюм, кашулю, бацінкі.

Не лепшым чынам распарадзіўся Іван Паўлавіч спадчынай, як лічыць унучка роднага брата садавода-селекцыянера — Галіна Сікора:

— Усё ён завяшчаў сваёй другой жонцы Наталлі: хату, нажытае дабро. Яна потым выходзіла замуж некалькі разоў. Адзін з яе мужчын паставіў кузню ў садзе, дзе раслі кветкі. За гарэлку распрадала ўнікальную бібліятэку Сікоры, у якой былі тысячы кніг. Вяліся перамовы з музеем у Яснай Паляне аб продажы яму партрэта Льва Талстога, які падарылі Івану Паўлавічу. Сарвалася толькі таму, што партрэт паспеў забраць сын Сікоры — Віктар.

І ўсё ж удзячныя землякі захавалі памяць пра вялікага садавода.

Таблічка на доме Івана Сікоры.

Яго музей быў спачатку адчынены ў Слабадской школе, дзе некалі працаваў, а потым у Малых Алашках, роднай вёсцы, для чаго быў набыты сялянскі дом. У ім абсталяваны кабінет Сікоры: стол, крэсла, канапа, на якой ён адпачываў, старэнькая радыёла, трохі кніг, сшыткі з занатаванымі ў іх назіраннямі. Асобна ляжаць прылады, якімі карыстаўся садавод: лейка для палівання, розныя сцізорыкі. А яшчэ — той самы льняны касцюм, у якім любіў Іван Паўлавіч сустракаць гасцей. Потым паказвалі замкнуты дом праз дарогу, у якім звыш сарака апошніх гадоў жыў Іван Паўлавіч.

І ў сувязі з апошнім фактам часта можна было пачуць уразумелае пытанне: «Чаму музей не размешчаны ў гэтай хаце?»

— Сапраўды, так і хацелі, бо гэта напрошвалася само сабой, — расказвае Ада Райчонак. — І Наташа спачатку пагадзілася, пры ўмове, што стане ў ім гаспадыняй. Але сваякі яе адгаварылі: маўляў, гэта будзе не тваё, а дзяржаўнае. Калі Наташа моцна захварэла і яе прывязлі да нас у бальніцу, я наведвала яе і даведалася, што яна завяшчала хату пляменніцам. Удалося пераканаць яе перарабіць завяшчанне на сына Сікоры — Віктара. Некалькі годоў дом стаяў запусцелы, а потым Віктар вырашыў яго прадаць. Жонка яго выпадкова даведалася, што пакупнік бярэ дом на дровы, і патэлефанавала мне. Я па знаёмых пазычыла грошай і перакупіла дом, хоць за яго і быў дадзены ўжо задатак.

У планах Ады Райчонак было адкрыць у гэтым доме другі музей Івана Сікоры, але аказалася не пад сілу. Не наездзішся сюды ажно з Германавіч за паўсотню кіламетраў, ды і гады ўжо не тыя. Таму сёлета перадала хату дзяржаве.

Трэба зазначыць, што навядзеннем парадку ў самой хаце і старым сікораўскім садзе, зборам экспанатаў, старадаўняй мэблі займаўся ці не ўвесь раён. Ва ўсялякім разе, тут пашчыравалі прадстаўнікі самых розных арганізацый, а райгаз нават заказаў скульптуру сімвалічнага яблыка вагою амаль у паўтоны, якое стала брэндам раёна. Аднаўленне сядзібы садавода праводзілася пад асабістым кантролем старшыні райвыканкама Мікалая Баговіча.

На адкрыццё дома-музея Івана Сікоры, якое адбылося на сёлетні Спас, прыязджалі ўнукі Івана Паўлавіча — Андрэй і Пётр. У апошняга якраз захоўваецца цяпер партрэт Льва Талстога. У музей ён даставіў копію, а таксама некалькі дзясяткаў кніг з бібліятэкі дзеда. Дакументы, каштоўныя экспанаты падарылі музею жыхары Малых Алашак Галіна Сікора, Ніна Брэсцкая, Соф’я Сікора, якія ведалі Івана Паўлавіча яшчэ пры яго жыцці.

Аднак, што не менш важна, у музейны комплекс Івана Сікоры ў Малых Алашках, які займае 4 гектары, уваходзяць два плодагадавальнікі, дзе расце каля 3800 саджанцаў.

Маладыя яблынькі з сікораўскіх гадавальнікаў растуць каля новай цэнтральнай бальніцы ў Шаркаўшчыне, у лясгасе. Іх жадаюць набыць і многія жыхары раёна, але... не могуць.

— Па той простай прычыне, — тлумачыць загадчык музея Наталля Перхуровіч, — што не маем на гэта ліцэнзіі. Каб здабыць яе, патрэбны і грошы, і — час.

Праўда, за гэта цяпер узялася начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Людміла Стома, якая вельмі шмат ужо зрабіла для музея ў Малых Алашках.

З атрыманнем ліцэнзіі можна будзе частку заробленых грошай ад даходу з плодагадавальнікаў накіраваць на заахвочванне супрацоўнікаў музея, якія даглядаюць пасадкі, абкошваюць і полюць, а зарплату атрымліваюць не такую ўжо і вялікую, у сярэднім 2 мільёны 500 тысяч рублёў, і толькі за работу ў самім музеі.

Але нельга не заўважыць галоўнага: сёння збываецца мара Івана Сікоры — ператварыць Беларусь у квітнеючы сад. На яго роднай Віцебшчыне звыш 5 тысяч гектараў садоў, з іх трэцяя частка — маладыя: 500 гектараў — Талочынскага кансервавага завода, 400 — у ЧСУП «Радуньскае» Аршанскага раёна. У апошнім перад самым Новым годам уведзена у строй яшчэ адно сучаснае сховішча на 500 тон, начыненае аўтаматыкай.

Унукі Івана Сікоры — Андрэй і Пётр.

Справу Івана Сікоры працягваюць Віктар Славецкі і Уладзімір Быкаў з Лепеля, Уладзімір Кашкур з Міёр і многія іншыя садаводы.

ПЯЦЬ тысяч сартоў пладовых дрэў сёння мае РУП «Інстытут пладаводства» пры НАН Беларусі. Тая самая ўстанова, ад якой калісьці дзейнічаў апорны Паўночны пункт пладаводства ў Малых Алашках, загадчыкам якога быў Іван Сікора.

— У Беларусі за дзве апошнія пяцігодкі пасаджана 14 тысяч гектараў новых садоў. Многія сарты яблыкаў, груш і іншых культур створаны на аснове тых, што вывеў Іван Паўлавіч Сікора, — зазначае дырэктар Інстытута па навуковай працы Анатоль Крыварот. — І мы яму ўдзячны за гэта!

Вершаванымі радкамі выказаў прызнанне алашкаўскаму садаводу-селекцыянеру за яго подзвіг, як навукоўцу і працаўніку, народны паэт Беларусі Максім Танк:

Вы яшчэ не прышчэплівалі 

свае яблыні?

Як шкада, што Сікора — 

стары садавод,

Аб якім у нас казкі, легенды 

складалі, 

На змярканні аднойчы згубіў 

акуляры,

І забрыў не дамоў, але ў рай. Або мо на другую планету,

І цяпер нельга з ім нам 

параіцца.

А ён, помню, хацеў падарыць 

чаранкі,

Прышчапіўшы якія, мы мелі б 

у садзе яблыкі,

Налітыя песнямі, 

звонам пчаліным, 

Чырванню ўсходаў і заходаў 

сонца.

Пахам неба, зямлі, 

успамінамі.


А закончыць расказ пра Івана Паўлавіча Сікору хочацца адным з яго апошніх невялікіх выступленняў — наказам, які ён зрабіў у жніўні 1962 года перад настаўнікамі Міёрскага раёна і які не страціў актуальнасці і сёння:

— Сады — упрыгожванне нашай зямлі. Гэта і зялёная прыгажосць, і цудоўная квецень, і карысныя для чалавека прадукты харчавання, якія нельга замяніць.

Пакінуў гэты свет Іван Паўлавіч Сікора на 82-м годзе жыцця. Пахаваны ў суседняй вёсцы Мельніца побач з першай жонкай Марыляй і сынам Віктарам.

Уладзімір САУЛІЧ, «СГ»


Фота з архіва аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter