В Глубокском выбирают наши яблоки

Яблычны спас Алега Морхата

Старшыня Глыбоцкага райвыканкама: звычайны чалавек ды цiкавы суразмоўца
УСЁ-ТАКІ разнастайна цікавы чалавек старшыня Глыбоцкага райвыканкама Алег МОРХАТ. Ён можа так “урэзаць” пры выпадку на баяне, што ногі самі ў скокі  кінуцца — станцуеш польку на адным дыханні. А то выйдзе на вялікую сцэну спяваць разам з вядомым ансамблем: не сфальшывіць, ажывіць выступленне.



Не ўсе ведаюць, што ёсць у Алега Віктаравіча яшчэ адно захапленне — сад каля яго дома. Давялося днямі пабываць у ім. Стройнымі радамі стаялі куды вышэй за рост чалавека яблыні, грушы, галіны якіх прываблівалі мноствам буйных прыгожых пладоў.

— Вось гэта “белы наліў”, ён паспеў яшчэ да Спаса, і мы тыдні два ўжываем гэтыя яблыкі. На свой дзень нараджэння частаваў гасцей, — распавядаў Алег Морхат. — А гэта “каваленкаўская”. Яблыкі чырвоныя, салодкія, рана спеюць. “Аўксіс” — літоўскі сорт. Неймаверны арамат. А гэта “памяць Сікоры”. Лепшага сорту не ведаю. Яблыкі смачныя, лёжкія, захоўваюцца да лета. Вось груша “мармуровая”, вельмі смачныя яе плады. “Беларуская позняя” — важкая, лёжкая, упрыгожыць любы навагодні стол!

У садзе растуць розныя сарты чарэшні, вішні, слівы, алычы і нават цёплалюбівых персікаў, абрыкосаў. Усяго за добрую сотню фруктовых дрэў. Але і гэта яшчэ не ўсё: шнурочкамі выцягнуліся  маліна, ажына, наліваюцца бурштынам гронкі вінаграду. Асобна — плантацыя лекавых траў: зверабою, мелісы, мяты, палыну горкага, рамонку аптэчнага, лафанту анісавага, кацямянкі лімоннай і іншых. Усяго за 20 найменняў.

А перад фасадам дома — цэлы разарый: адны кветкі адцвітаюць, другія  толькі пачынаюць раскрываць пышныя бутоны. Уздоўж плота — 8 сартоў бэзу, а таксама  акацыя, гартэнзія, каліна гардэна, будлея.

На другі бок дарогі — лясок, дзе раней буяў бур’ян. Алег Віктаравіч з сям’ёй акультурылі і гэты ўчастачак. З’явіліся арэлі для дзяцей, сажалка, у якую запушчана рыба.

— Вось толькі вудзіць яе няма калі, — прызнаецца ён. — Але калі не сам, то няхай людзі адпачнуць.

Вяртаемся ў сад, дзе зладжана з густам даволі ёмістая альтанка. П’ём на травах духмяную гарбату, якой частуе  жонка Алега Віктаравіча — Валянціна, і вяртаемся да размовы пра сад.

— Алег Віктаравіч, далёка не кожны прафесійны садавод мае такі скарб. Як удалося яго сабраць?

— Людзі кажуць: “Хочаш жыць шчасліва — пабудуй дом, а багата — пасадзі сад!” Мой сад — гісторыя майго жыцця. Першыя тры саджанцы купіў, калі працаваў галоўным аграномам у калгасе “Прагрэс” адразу пасля заканчэння акадэміі. Гэта былі  дзевяностыя гады. Зарплата — 10 долараў. Дужа не разгонішся на такіх грашах. Таму выкопваў у лесе дзічкі, прышчэпліваў іх чаранкамі з саду са сваёй роднай вёскі Залесінкі, што ў Шаркаўшчынскім раёне, — у асноўным з бацькоўскай сядзібы. Ёсць “ранетка”, прывезеная ад цёткі, “ананас” ад суседзяў. Па жыцці потым сустракаў заядлых садаводаў-аматараў, якія шчыра адклікнуліся на мае просьбы аб дапамозе. Не магу не нагадаць Мікалая Уладзіміравіча Бараноўскага з Браслава, Алега Георгіевіча Сікору з вёскі Малыя Алашкі Шаркаўшчынскага раёна, Паўла Львовіча Цісецкага і Рэгіну Робертаўну Аліхвер з Глыбокага, Аляксандра Палікарпавіча Сясіцкага з аграгарадка Ломашы, Вячаслава Мікалаевіча Сапрончыка з вёскі Станулі, Яўгена Браніслававіча Квача з вёскі Квачы і іншых — усе яны з нашага раёна. Ёсць задумка, і мы пастараемся яе ажыццявіць у недалёкім будучым — стварыць у Глыбокім клуб садаводаў.

— У Глыбокім вы жывяце год дзесяць, але многім дрэвам у садзе куды больш?

— Гэта сапраўды так, ніякага цуду. Проста мяняў месца працы, і мой сад “пераязджаў” са мною: з пасады старшыні “Прагрэса” Шаркаўшчынскага раёна перавялі ў Браслаў намеснікам начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, з Браслава — у Чашнікі начальнікам райсельгасхарчу, а з Чашнікаў — у Глыбокае, дзе, спадзяюся, застануся сам, канешне, і сад.

— І як пераносілі дрэўцы перасяленне? 

— Усе прыжываліся! Адна толькі яблынька захварэла, вымушаны быў зрэзаць ад яе чаранок і тым самым даць далей ёй жыццё. І ўсе пладаносяць, хапае і маёй сям’і, і радні, і суседзям.

— Неверагодна. Вы маеце нейкі сакрэт?

— З мяне, можа, хто-небудзь пасмяецца, але ёсць павер’е, што да кожнай яблынькі ў лютым трэба падысці, злёгку пастукаць, абудзіць і пагаварыць “па душах”. Прылашчыць яе. Ну і, канешне, нічога не будзе без працы ў садзе. Хто займаўся ёй, ведае: яна неймаверна цяжкая. Барацьба з пустазеллем, шкоднікамі, рознымі хваробамі. Карову лягчэй гадаваць і даіць, чым  наводзіць парадак у садзе. 

— Вось тут і загадка: як гэта магчыма пры вашай загружанасці на такой адказнай пасадзе, калі і выхадных, па сутнасці, няма?

— Выхадных сапраўды не маю, а таму асноўная нагрузка на жонцы Валянціне і сынах. Падрос сад — падраслі і мае сыны: Віктар закончыў сельгасакадэмію, Павел набывае ў каледжы прафесію інжынера-механіка, а Яўген — навучэнец гімназіі. Падсабляе і нявестка Юлія. Хаця сад свой ніколі не забываю. Прыязджаю на абед дахаты, абавязкова загляну ў яго, вечарам з работы — таксама. Гэта нейкая аддушына, разрадка ад паўсядзённай напругі. 

— Адкуль такое “ прыцягненне да зямлі”, такія глыбокія карані?

— Я вырас у вёсцы, у вялікай сям’і. У маіх бацькоў, Віктара Юльянавіча і Валянціны Аляксандраўны, было 8 дзяцей: 5 сыноў і 3 дачкі. Мы змалку ведалі, колькі каштуе кавалачак хлеба. У гаспадарцы трымалі каня,  дзвюх кароў, двух быкоў, падцёлкаў, не гаворачы пра авечак, свіней, курэй. Кожны з нас мог падаіць карову, дапамагаў бацькам у іх нялёгкай сялянскай працы. Затое, калі ішлі ў школу, шмат чаго з названай жыўнасці распрадавалася, і нам спраўлялі новую вопратку і ўсё патрэбнае. Гэта моцная сялянская жылка так і засталася ў мяне з дзяцінства. Калі я прыйшоў з акадэміі і завёў сям’ю, мы выжывалі таксама на гаспадарцы: мелі  дзве каровы, два цяляці, дзве свінаматкі. Памятаю, днём — на полі, а ноччу вязеш прадаваць парасят у Празарокі, Шаркаўшчыну, Полацк, Браслаў. Калі мяне перавялі  ў Браслаўскі раён, і туды прывёз сваю карову. Людзі здзіўляліся: “Як гэта, першы намеснік старшыні ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, а трымае карову і свінаматку!” Проста хтосьці прывучаны атрымліваць грошы ад камерцыі, хтосьці — купі-прадай, а мы — ад зямлі, ад сваёй гаспадаркі. І дзяцей сваіх прывучылі да гэтага. У нас — ёсць невялікі  фермерскі ўчастак, дзе яны аруць, сеюць, вырошчваюць агародніну і садавіну. Даю зразумець, што ніхто не вырашыць фінансавых сямейных праблем, акрамя іх саміх.

— Алег Віктаравіч, вы нагадалі пра фермерства. Нашы, глыбоцкія, далёка не на апошніх ролях у вобласці і рэспубліцы: Дулінец, Шур, Мяжэнін, Кавалёнак і іншыя. Ведаю, што ўсебаковую падтрымку яны атрымліваюць у райвыканкаме. У тым ліку і ў развядзенні садоў. У першую чаргу маю тут на ўвазе Вячаслава Сапрончыка са Станулёў.

— Перад гэтым чалавекам я схіляю галаву. Я толькі пачынаў сваю работу ў Глыбокім на пасадзе старшыні райвыканкама, калі ён прыйшоў да мяне з раскладкамі. Маўляў, Алег Віктаравіч, хачу, каб у нашых глыбоцкіх крамах і наогул у краіне прадавалі не польскія яблыкі, а нашы, беларускія, і папрасіў выдзеліць якую-небудзь зямлю пад сад. Я сказаў яму: “Вячаслаў Мікалаевіч, не трэба мяне пераконваць. Дзе скажаце — там і будзе вам дадзены самы лепшы ўчастак!” І я рады, што не памыліўся ў гэтым чалавеку. Калі ж развіваць думку далей, то ў нас створаны ідэальныя ўмовы для развіцця аграсядзіб: ільготныя крэдыты пад 2—5 працэнтаў гадавых. Калі яшчэ такое было?!

Уладзімір САУЛІЧ, «СГ»

saulich@bk.ru

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter