«Я з вамi параднiўся»

Задачы па фiзiцы Iгару Лучанку дапамагаў рашаць Жарэс Алфёраў

Сустрэча, якая адбылася ў Бабруйску, надоўга запамятаецца кампазiтару Iгару Лучанку.  У горадзе на Бярэзiне вучылася яго мацi

Зраблю кароткае адступленне. Некалькi год таму ў Жлобiне праходзiлi вучэннi чыгуначных войск Беларусi, на якiх прысутнiчалi журналiсты мясцовых i рэспублiканскiх выданняў. I раптам на заключную iх частку прыехаў кампазiтар Iгар Лучанок. Ён расказваў пра сваю творчую дзейнасць, браўся за акардэон, адным словам, ствараў добразычлiвую атмасферу. А потым, у непрымусовай абстаноўцы, мы пазнаёмiлiся з Iгарам Мiхайлавiчам блiжэй, ён падараваў аўтару гэтых радкоў некалькi дыскаў з запiсамi сваiх песень. Я i не ведаў, чаму мне такая пашана: аказалася, ягоныя продкi па матчынай лiнii — з Бабруйска!

I вось нядаўна Iгар Лучанок, будучы ў горадзе на Бярэзiне, наведаўся ў гiмназiю № 3 (былую Аляксееўскую), дзе вучылася ягоная мацi. Канешне, яго сустракала вялiкая глядацкая аўдыторыя ў асобе выкладчыкаў, навучэнцаў, усiх, хто ў гэты дзень змог прысутнiчаць. Маэстра вiталi стоячы, паднеслi букет кветак. Ён быў расчулены i самiм прыёмам, i тым, што дыхаў паветрам той установы, па якой некалi хадзiў самы блiзкi чалавек. Мацi насiла прозвiшча Жук. Была вельмi начытанай, адукаванай. Жыла з бацькамi ў Крывым Круку, што непадалёк ад цяперашняга фанерадрэваапрацоўчага камбiната: раскошны дом, багаты падворак. На жаль, нiчога з гэтага не засталося, толькi грудок зямлi, на якi любiць прыязджаць Iгар Мiхайлавiч. Тут адпачывае душой i сэрцам.

Прысутныя, вядома ж, пыталiся, як Iгар Мiхайлавiч прыйшоў у музыку. «Напэўна, сам Гасподзь скiраваў мяне на гэты шлях, — казаў ён, — цi мае бацькi, якiя любiлi музыку. Тата, хоць i быў урач па прафесii, цудоўна граў на скрыпцы. Ён купiў мне пiянiна, а затым прывёў у музычную школу: «Займайся, каб мы неўзабаве дуэтам сыгралi!»

— Музыка ў мяне даволi лёгка атрымлiвалася, — далей працягваў, — складаней было з вучобай, той жа фiзiкай. I, ведаеце, хто мне прыходзiў на выручку? Мой аднакласнiк Жарэс Алфёраў, будучы фiзiк з сусветным iмем, лаўрэат Нобелеўскай прэмii. Мы калi сустракаемся, абавязкова ўспамiнаем гэтыя эпiзоды школьнага жыцця.

Пасля заканчэння школы Лучанок паступiў у Ленiнградскую кансерваторыю. Сам Шастаковiч прымаў уступныя экзамены. З сарака абiтурыентаў трэба было выбраць аднаго. Вось такiм шчаслiўчыкам i аказаўся ён: «Някепскi хлапчына, вось зараз мы цябе падправiм, бу-дзеш, што трэба!»

Пасля Iгар Мiхайлавiч скончыць яшчэ дзве кансерваторыi – Маскоўскую i Мiнскую. Сам стане на чале Беларускай кансерваторыi. Прафесар, доктар навук. Ну i, вядома, творчая асоба, вядомы кампазiтар. На рахунку Iгара Мiхайлавiча больш трохсот песень, сярод якiх такiя вядомыя, як «Памяць сэрца», «Майскi вальс», «Полька беларуская», «Жураўлi на Палессе ляцяць» i iншыя, якiя лiчылi за гонар уключыць у свой рэпертуар Iосiф Кабзон, Леў Ле-шчанка, ужо не кажучы пра «Песняроў», «Верасоў» i iншыя вакальна-iнструментальныя ансамблi.

— А цi лёгка даюцца песнi? – пыталiся ў яго.

— I лёгка, i цяжка, — адказваў ён. — Залежыць ад настрою, душэўнага ўзрушэння. Песню трэба паклiкаць, добра ёй пакланiцца, каб яна атрымалася такой, якой ты хочаш. I калi яна, як кажуць, пайшла ў народ, яе падхапiлi ў гарадах i сёлах, для мяне, творцы, найвялiкшая радасць i задавальненне!

Iгар Мiхайлавiч расказваў пра гiсторыю стварэння асобных песень, цытаваў радкi з iх, сам садзiўся за раяль. Яго слухалi, i ён слухаў: радзiму, мацi, аўдыторыю, самога сябе. Панавала суладнасць, якой было пазайздросцiць, i гэта ўсе адчулi!

— А дзе, у якiх краiнах вы, Iгар Мiхайлавiч, пабывалi, што запамятавалася асаблiвага?

— У многiх. Напрыклад, на той жа Кубе быў тройчы. Даводзiлася сустракацца з самiм Фiдэлем Кастра. У нас, памятаю, адбылася даволi працяглая размова. Мне цiкава было, i Фiдэлю, мабыць, таксама. Дык вось ён зрабiў мне камплiмент: «У нас з вамi, маэстра, ёсць нешта агульнае, вы такi ж мяцежны, як i я. Давайце будзем доўжыць знаёмства!»

Заўсёды з вялiкай ахвотай еду ў аўстрыйскую Вену. Там Бетховен, Моцарт, Штраус. Мама вельмi любiла Штрауса, прасiла выканаць што-небудзь з яго твораў. Я заўсёды гэта рабiў, вось i мне Штраус даспадобы. Вена – гэта класiчная музыка. Туды абы з чым не прыедзеш, проста не будуць слухаць. Рады быў, калi венцы прынялi мой «Майскi вальс»: «...помнит Вена, помнят Альпы и Дунай...»

— А цяпер чым займаецеся, не адступаецеся ад творчасцi?

— Клопатаў шмат перш за ўсё па лiнii Саюза кампазiтараў Беларусi, якi ўзначальваю з 1980 года. А яшчэ выступаю з аўтарскiмi канцэртамi ў Маскве, у нашай Беларусi, нядаўна во з Брэста вярнулiся. Ну i пiшу – гэта тое, без чаго не ўявiць сябе. Вось тут, пабыўшы з вамi, са сваiм мiнулым i цяперашнiм, абуджуся музыкай. Так што чакайце новых песень!

Болей запланаванага доўжылася сустрэча. Яе ўдзельнiкi фатаграфавалiся з маэстра, бралi ў яго аўтографы, запрашалi прыязджаць яшчэ.

— Буду абавязкова, — адказваў ён, — я з вамi параднiўся!

На здымку: аўтографы ў Iгара ЛУЧАНКА.

Фота: Аляксандр АНТАШКЕВIЧ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter