Высокае неба Песняра

Да 130-х угодкаў класіка беларускай літаратуры ладзіліся адметныя мерапрыемствы, а ў дзень яго нараджэння ў Мінску ўскладаліся кветкі да помніка Якубу КоласуНа трэцяга лістапада — юбілей Якуба Коласа — сёлета прыйшлася і Змітраўская субота, ці Дзяды. У такі час на Беларусі спрадвеку ўшаноўваюць продкаў: наведваюць іх магілы, памінаюць імёны ў храмах на ўрачыстых набажэнствах, памінальныя вячэры ладзяць. Лічыцца ў народзе, што духі продкаў, Дзяды, хоць і недзе ў нябёсах вякуюць, але заўжды — побач з намі. А ў гэты восеньскі час яны, сцвярджаюць старажылы, асабліва блізка, і варта жыць у згодзе з Дзядамі, каб мець іх нябесную падтрымку ў зямных нашых справах. То і Канстанцін Міхайлавіч, думалася мне, таксама заняў сваё пачэснае месца ў тым вялікім светлым вечы продкаў, што засцерагаюць ад бездухоўнасці Бацькаўшчыну, свой род і ўвесь наш народ.
Да 130-х угодкаў класіка беларускай літаратуры ладзіліся адметныя мерапрыемствы, а ў дзень яго нараджэння ў Мінску ўскладаліся кветкі да помніка Якубу Коласу
На трэцяга лістапада — юбілей Якуба Коласа — сёлета прыйшлася і Змітраўская субота, ці Дзяды. У такі час на Беларусі спрадвеку ўшаноўваюць продкаў: наведваюць іх магілы, памінаюць імёны ў храмах на ўрачыстых набажэнствах, памінальныя вячэры ладзяць. Лічыцца ў народзе, што духі продкаў, Дзяды, хоць і недзе ў нябёсах вякуюць, але заўжды — побач з намі. А ў гэты восеньскі час яны, сцвярджаюць старажылы, асабліва блізка, і варта жыць у згодзе з Дзядамі, каб мець іх нябесную падтрымку ў зямных нашых справах. То і Канстанцін Міхайлавіч, думалася мне, таксама заняў сваё пачэснае месца ў тым вялікім светлым вечы продкаў, што засцерагаюць ад бездухоўнасці Бацькаўшчыну, свой род і ўвесь наш народ.
Цікава, што ў абложаным цяжкімі хмарамі небе ў Дзень Якуба Коласа здараліся высокія прасветы — быццам ладзілася нябачная сувязь паміж небам і зямлёй. І калі шматлюднай грамадою Беларусь ушаноўвала Песняра, урачыста ўскладваліся кветкі да помніка Якубу Коласу на плошчы яго імя ў Мінску — праз хмары прабіваліся сонечныя промні. Дарэчы, усе даследчыкі звяртаюць увагу, як шмат увагі надаваў класік у творчасці і сонцу, і небу. А жывапісец Уладзімір Сулкоўскі, ствараючы серыю карцін, прысвечаных Коласаўскім мясцінам, менавіта неабсяжным небам сімвалізаваў высокі сэнс творчасці Майстра.
Кветкі да помніка Якубу Коласу ў Мінску ў дзень юбілеюШто ж, дзякуючы творам Якуба Коласа для ўдумлівага чытача становіцца яснейшым як разуменне душы народнай, так і свайго месца ў жыцці. Многія радкі Песняра сталі крылатымі фразамі. Мне ж у пару, калі не ўсё ладзіцца, дапамагае ўсталяваць душэўную раўнавагу коласаўскае “Дымам пойдзе ўсё ліхое!”. А знакамітыя словы-напеў “Мой родны кут, як ты мне мілы!” смела можна лічыць адным з неафіцыйных гімнаў нашых суайчыннікаў з замежжа. Дарэчы, у многіх беларускіх суполках прайшлі вечарыны ў гонар 130-х угодкаў Якуба Коласа, імпрэзы будуць ладзіцца да канца года.
Газета расказвала пра вялікае свята ў гонар Песняра на Стаўбцоўшчыне, на светлым беразе яго маленства. Варта аддаць належнае найперш супрацоўнікам Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа на чале з дырэктарам Зінаідай Камароўскай, якія сёлета шмат папрацавалі. І члены рэспубліканскага аргкамітэта, які ўзначальвае намеснік Прэм’ер-Міністра Беларусі Анатоль Тозік, зрабілі нямала для таго, каб годна ўшанаваць у Беларусі і за яе межамі памяць пра сёлетніх юбіляраў — Якуба Коласа і Янку Купалу. Святочных мерапрыемстваў праходзіла нямала, у тым ліку і ў замежных установах Беларусі. Шчырую ўвагу да Песняроў, іх творчасці праяўлялі журналісты, навукоўцы. Выдаваліся кнігі, праводзіліся навуковыя канферэнцыі, рэспубліканскія святы паэзіі, добраўпарадкаваны тэрыторыі шэрагу аб’ектаў, звязаных з жыццём і творчасцю Купалы і Коласа.
Як паведамілі ў Коласаўскім музеі, да юбілею былі заключаны дамовы аб творчым супрацоўніцтве і абмене выстаўкамі з партнёрамі з замежжа: Музеем зямлі Хэлмінскай і Літаратурным музеем Уладзіслава Бранеўскага (гарады Хэлмна і Варшава, Польшча), Дзяржаўным гісторыка-літаратурным і прыродна-ландшафтным музем-запаведнікам А. Пушкіна “Міхайлаўскае” (Расія), Літаратурным музеем Аляксандра Пушкіна (г. Вільнюс, Літва). Сёлета падноўлены фасад будынка Коласаўскага музея, рэканструявана мемарыяльная сядзіба паэта ў Мінску, папрыгажэлі мемарыяльныя аб’екты філіяла музея ў Стаўбцоўскім раёне: Акінчыцы, Альбуць, Смольня, Ласток. І шэраг значных мерапрыемстваў ладзіўся, пра якія мы ўжо расказвалі і яшчэ будзем расказваць. Бо хоць юбілей ужо прайшоў, але год Якуба Коласа — прадаўжаецца.

Іван Ждановіч
На здымках:
Кветкі да помніка Якубу Коласу ў Мінску ў дзень юбілею
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter