Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Малады выкладчык Антон Талашка з горада Маларыта, што ў Брэсцкай вобласці, сабраў усе беларускія арнаменты ў адной кнізе

Вышываныя ўзоры зноў у модзе

Антон Талашка за працай
У выданні “Узоры роднага краю” маладога аўтара, выпускніка энергетычнага факультэта Гомельскага тэхнічнага ўніверсітэта імя П. В. Сухога, сабраны фотаздымкі нацыянальных строяў, якія захоўваюцца ў розных музеях Беларусі ды адлюстроўваюць усю прыгажосць і разнастайнасць беларускага ўзору. Гэта своеасаблівая энцыклапедыя, прызначаная для тых, хто цікавіцца народнай творчасцю і хоча больш даведацца пра беларускі арнамент. Ідэя стварэння кнігі прыйшла Антону пад час падарожжа ў Львоў, дзе падобнай літаратуры аб украінскім арнаменце велізарная колькасць. Аб’ездзіўшы розныя музеі Беларусі, у якіх захоўваюцца нацыянальныя касцюмы, Антон Талашка сабраў і апісанні строяў, і значэнні ўзораў. Выданне ўжо выйшла з друку, знайсці яго можна ў кнігарнях Беларусі.

Дарэчы, Антон Талашка не толькі збірае нацыянальныя ўзоры, але і сам на вопратцы ўзнаўляе вышыўку: з дапамогай ніткі, іголкі... ды камп’ютара з вышывальнай машынкай. Аднак Антон лічыць, што такі спосаб перадачы спрадвечна беларускага арнаменту не зніжае яго каштоўнасці. Бо ў кожнай рэчы ёсць часцінка яго душы. Галоўнымі кансультантамі Антона сталі ягоная маці, Алена Аляксандраўна, і спецыялісты Музея народнай творчасці ў Маларыце. Ён аздобіў ужо сотні футболак, якія бясплатна раздаваў наведнікам брэсцкіх кафэ і ў якасці сувеніраў пад час правядзення розных дзіцячых конкурсаў. А дапамог адзець беларусаў у майкі з традыцыйным арнаментам праект, рэалізаваны пры падтрымцы Еўрасаюза і ПРААН.

Як сцвярджаюць навукоўцы, беларускі арнамент — гэта спецыяльны шыфр народа. Паводле адной з версій ён існаваў яшчэ тады, калі на зямлі жылі маманты. Мудрагелістыя знакі акрэслівалі сілы прыроды і засцерагалі чалавека ад злых духаў. Вышыўка арнаменту на вопратцы, ручніках, пакрывалах, навалачках, абрусах з’явілася значна пазней.

Адзенне ўпрыгожвалі сціплымі ўзорамі, створанымі з тысяч рознакаляровых крыжыкаў не толькі для таго, каб было прыгожа і прывабна. Арнамент зберагаў у сабе яшчэ сакральны сэнс: пажаданні шчасця, дабрабыту, багацця. У продаж такія рэчы не пастаўляліся. Гэта была вельмі інтымная справа: кожная жанчына вышывала ўзоры толькі для сябе і сваёй сям’і.

Пік моды на вышываныя кашулі прыйшоўся на савецкія міжваенныя гады. На ўрачыстыя святы іх адзявалі партыйныя кіраўнікі. Другая хваля цікавасці да вышыўкі ў беларусаў прыйшлася на пачатак 1960-х. Чарговы перыяд папулярнасці беларускага арнаменту мы перажываем сёння. Вышыванкі зноў увайшлі ў моду. Беларускі ўзор паўсюды: на адзенні, пасцельнай бялізне, жылых дамах, чахлах для мабільных тэлефонаў і нават на тату ў экстрымалаў. Нацыянальны арнамент бачым і на самым вялікім сцягу краіны. Хацелася б, каб “мода быць беларусам” не была часовай, а стала шляхам вяртання да сваіх традыцый, вытокаў, каранёў.

Юлія Міхальцова

Голас Радзімы № 32 (3536), чацвер, 24 жніўня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter