В издательстве «Мастацкая лiтара­тура» выходят популярные серии книг

Выхаваць лiтаратурны густ

«Мастацкая лiтара­тура» ўзнiкла ў 1972 годзе на базе рэдакцый мастацкай i дзiцячай лiтаратуры выдавецтва «Беларусь». З таго часу яно здабыла пазiцыi буйнейшага дзяржаўнага выдавецтва, якое спецыялiзуецца на выпуску беларускай мастацкай лiтаратуры. Кожны год тут з’яўляецца на свет больш за шэсць дзясяткаў кнiг — класiкаў, сучасных аўтараў, дэбютантаў. Серыi «Жыццё знакамiтых людзей Беларусi», «Зямля мая», «Нашы героi», «Беларуская аўтарская казка» сталi пазнавальнымi i запатрабаванымi. Але акрамя нязменных духоўных каштоўнасцей, кнiгавыданне мае справу з iх матэрыяльнымi носьбiтамi, на якiя ўплывае эпоха. Пра гэта мы гаворым з дырэктарам выдавецтва, паэтам, пiсьменнiкам, публiцыстам Алесем Бадаком.


— Сёння ў свеце стаўка на шматтыражныя танныя выданнi цi на дыхтоўныя, якасныя? 

— Кнiжны рынак у многiм фармiруе эканомiка. Калi ў выдавецтваў з’яўляецца больш абаротных сродкаў, значыць, больш грошай яны могуць укладваць у не вельмi прыбытковую, але якасную лiтаратуру. Але чытач у асноўнай сваёй масе аддае перавагу лiтаратуры, дзе галоўнае — лiха закручаны сюжэт. Даўным-даўно прадпрымальныя выдаўцы i кемныя пiсьменнiкi стварылi схемы, па якiх такiя творы пiшуцца. Таму попыт на модульную лiтаратуру будзе заўсёды. Што тычыцца якасцi выдання, то некаторыя буйныя выдавецтвы ў той жа Расii адны i тыя ж творы за даволi невялiкi прамежак часу могуць выдаць у трох варыянтах, разлiчаных на розныя катэгорыi — у фiнансавым плане — чытачоў: у мяккай вокладцы i на газетнай паперы, у цвёрдай вокладцы, але таксама на газетцы, i ў цвёрдай вокладцы на высокаякаснай афсетнай паперы. Наш кнiжны рынак непараўнальна меншы, i чытач, якi цiкавiцца беларускай лiтаратурай, аддае перавагу не покетбукам, а «паўнафарматным» кнiгам. Да таго ж з намi актыўна працуюць бiблiятэкi, а яны адназначна за кнiгi, якiя не разваляцца пасля першага ж прачытання.

— Чула меркаванне, што чытач любiць серыяльныя выданнi. 

— Любiць. Як у савецкi час многiя збiралi зборы твораў, так цяпер збiраюць кнiжныя серыi. Мы на сабе гэта таксама адчулi. Здавалася б, паэзiя сёння далёка не самы запатрабаваны жанр, але наша серыя «100 вершаў» вельмi някепска разыходзiцца. Зараз пачалi новую серыю беларускай класiкi — «Напiсанае застаецца». Выйшлi томiк аповесцей Васiля Быкава i трылогiя Якуба Коласа «На ростанях». Водгукi вельмi харошыя. Але тут вялiкая заслуга i дызайнера Уладзiмiра Лукашыка, якi сваю справу зрабiў на выдатна. Хацелася б выдаваць i серыю беларускай фантастыкi цi дэтэктыва, але, ведаеце, напiсаць цiкавы, арыгiнальны, а не распрацаваны па стандартнай схеме дэтэктыў альбо фантастыку цяжэй, чым звычайную аповесць. 

— Сёння ёсць попыт на беларускамоўныя пераклады замежнай лiтаратуры? 

— Так. Мы iмкнемся перакладаць i выдаваць найперш аўтараў, якiя праз расiйскiя выдавецтвы пакуль шырока не прадстаўлены на нашым кнiжным рынку. З апошнiх такiх выданняў — раман польскага пiсьменнiка Антонi Лiберы «Мадам». Спадзяёмся, што недзе ў сярэдзiне лiстапада адбудзецца прэзентацыя ў Мiнску з удзелам аўтара. Шмат выдаём, прычым на ўзаемавыгадных умовах, кнiг, перакладзеных з кiтайскай мовы. Не забываем пра замежную дзiцячую лiтаратуру. Паколькi попыт на кнiгi, адрасаваныя дзецям, стабiльна вялiкi, ёсць iдэя выдаваць альманах казкi, дзе будуць друкавацца творы як беларускiх, так i замежных аўтараў. 


— Як убудоўваецеся ў свет iнтэрнэту? 

— Канешне, iнтэрнэт сёння — гэта такi нябачны пазаштатны супрацоўнiк установы, якi за сiмвалiчныя грошы выконвае вельмi вялiкую працу без перапынку на абед i начны сон. Таму мы iмкнёмся развiваць свой сайт, актыўна працуем з iнтэрнэт-кнiгарнямi. Можна знайсцi нас i ў сацыяльных сетках — у тым жа Фэйсбуку. Праўда, што тычыцца продажу электронных варыянтаў нашых папяровых кнiг, то гэта перспектыва хоць i не далёкай, але ўсё ж будучынi. Ёсць пэўныя юрыдычныя пытаннi, што тычацца аўтарскага права. Вы ж ведаеце, што ў iнтэрнэце можна знайсцi i бясплатна спампаваць бадай што ўсю беларускую класiку, дый творы многiх сучасных аўтараў. Я пастаянна заходжу на сайты нашых калег-выдаўцоў з блiзкага замежжа. Там пакуль што таксама не вельмi практыкуюць продаж электронных версiй сваiх кнiг. I яны спрабуюць змагацца з кнiжнымi пiратамi ў iнтэрнэце, але пакуль безвынiкова.

— Традыцыйнае пытанне — што ў планах выдавецтва? 

— Калi гаварыць пра лiтаратурны жанр у самай цяжкай вагавай катэгорыi — раман, то ў наступным годзе, спадзяюся, парадуе прыхiльнiкаў сваёй творчасцi новай кнiгай Георгiй Марчук. Свае новыя раманы прапанавалi нам Андрэй Федарэнка i Алег Ждан. У адноўленай серыi «Бiблiятэка прыгод i фантастыкi» запланавана кнiга Раiсы Баравiковай. Рыхтуюцца да выдання кнiгi прозы Ягора Конева, Алены Паповай, Валерыя Гапеева. Адной з першых кнiг наступнага года будзе кнiга пра Кандрата Крапiву ў серыi «ЖЗЛБ». Спадзяёмся парадаваць юных чытачоў новай серыяй «100 пытанняў пра Беларусь». 

— Нядаўна ў вас выйшаў незвычайны i стыльна аформлены зборнiк вершаў «Развiтанне з вечнасцю». Частка кнiгi — каментарыi да вершаў… Як з’явiлася такая задума?

— Я страшэнна не люблю перачытваць свае вершы, але часта мiмалётны зрокавы дотык да iх выклiкае дарагiя ўспамiны. Уласныя вершы — гэта люстэрка, у якiм адлюстроўваецца ўсё тваё жыццё, аднак якiм яно было ў рэальнасцi, ведаеш толькi ты. I неяк мне падумалася, а раптам чытачу можа быць таксама цiкава, калi я падзялюся з iм той рэальнасцю. Вось вы сказалi «незвычайны зборнiк», а я да апошняга не быў упэўнены, што такая незвычайнасць яму патрэбная. Мама, калi пры мне чытала каментарыi, у нейкi момант паглядзела на мяне i спытала, маючы на ўвазе згадкi пра нашу сям’ю: «Ты думаеш, гэта будзе цiкава iншым?» I я падумаў: «А можа, i праўда, не будзе цiкава?» А праз некалькi хвiлiн я ўбачыў, як яна, чытаючы, плача. I мае сумненнi канчаткова знiклi…
Толькi ў ХХI стагоддзi выдавецтва атрымала пяць дыпломаў iмя Францыска Скарыны — вышэйшых узнагарод нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнiгi». 
cultura@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter