Вёскі з гісторыяй.

Паважаны спадар Капылоў, даўно жыву ў Мінску, але часта ўспамінаю сваю малую радзіму — населеныя пункты Астрагляды, Рафалаў, Буркі Брагінскага раёна Гомельскай вобласці. Буду ўдзячны, калі дапаможаце растлумачыць паходжанне гэтых назваў.
З павагай ЯРМОЛЕНКА Валерый Якаўлевіч, Мінск

— Паважаны Валерый Якаўлевіч, на вялікі жаль, ваша малая радзіма моцна пацярпела ад наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Некалі прыгожыя, маляўнічыя мясціны абязлюдзелі і сталі жудасным напамінам аб той страшнай тэхнагеннай катастрофе. І толькі назвы вёсак, якія засталіся ў памяці іх жыхароў, а таксама на картах, атласах і ў іншых пісьмовых дакументах, дазваляюць нам узгадаць пра гэтыя месцы і іх гісторыю. А гісторыя ў кожнай з вёсак сапраўды цікавая.

Вёска з прыгожай назвай Астрагляды (у народзе называлі Вастрагляды) зараз адносіцца да тэрыторыі Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка,  пасля аварыі яе вымушаны былі пакінуць больш за 400 сямей. А ў далёкім мінулым гэта было мястэчка на тэрыторыі Кіеўскага павета Каралеўства Польскага, уладанне князёў Вішнявецкіх. Упершыню ў пісьмовых крыніцах гэта паселішча ўзгадваецца ў 1532 го-дзе пад назвамі Остроглядовичи і Глядовичи. Верагодна, што гэта мястэчка адыгрывала не апошнюю ролю ў сацыяльна-эканамічным жыцці краю. Нездарма ж яно было пазначана на картах Вялікага Княства Літоўскага ў 1613 годзе. Гісторыя вёскі цесна звязана з гісторыяй беларускіх зямель: спачатку населены пункт адносіўся да ВКЛ, пасля — да Рэчы Паспалітай, пазней, у 1793 годзе, пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай, вёска адышла да зямель Расійскай імперыі. У 1850 годзе яна значылася як сяло ў Рэчыцкім павеце Мінскай губерні. Паселішча ўвесь час павялічвалася. Адпаведна расла колькасць яго жыхароў. І гэта не дзіўна, бо вёска ў мінулым  з’яўлялася асветніцка-культурным  асяродкам: у ёй дзейнічала народнае вучылішча (што для таго часу было немалаважна), у 1625 годзе там быў пабудаваны касцёл, а праз паўтара стагоддзя, у 1779 годзе, — драўляная царква. Так, калі ў сярэдзіне XIX стагоддзя ў вёсцы налічвалася 56 двароў і 380 жыхароў, то ўжо ў пачатку XX стагоддзя ў вёсцы было 130 двароў і 860 жыхароў. Што тычыцца назвы, то адназначна можна выказаць меркаванне, што ў аснове наймення вёскі ляжыць родавая назва — назва роду Астраглядаў, першых заснавальнікаў паселішча. Астраглядамі нашы продкі называлі людзей з вострым зрокам.

Не менш старажытная і вёска Буркі, якая знаходзілася за 7 кіламетраў ад Брагіна. Гэта паселішча было вядома ўжо ў XVI стагоддзі, а заснавана, магчыма, намнога раней. Уладальнікам вёскі быў князь Вішнявецкі, а пазней, у другой палове XVII стагоддзя —  вёска належала прадстаўнікам шляхецкага роду Канецпольскіх. Назва вёскі таксама сведчыць, што заснавальнікамі і першапасяленцамі тут былі прадстаўнікі роду Буркоў. Найменне вёскі ўтварылася ад імя-мянушкі чалавека Бурко, якое, верагодна, было дадзена чалавеку  з той прычыны, што ён часта сярдзіта, незадаволена штосьці мармытаў, бубніў. У рускай мове словамі бурко, бурчык называлі коней бурай масці.

Вёска Рафалава, якая знаходзілася за 9 кіламетраў ад Брагіна, была вядома з XIX стагоддзя як хутар у Брагінскай воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерні. Існуе думка, што назва паходзіць ад прозвішча памешчыка Рафалава. У сваю чаргу прозвішча Рафалаў узнікла ад мужчынскага хрысціянскага каталіцкага імя Рафал (праваслаўнае Рафаіл), якое паходзіць са старажытнаяўрэйскай мовы, дзе літаральна азначае “Бог вылечыў”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter