Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Выстава карцін таленавітых мастакоў Беларусі ды Літвы адкрылася ў Клайпедзе

Вясновы вернісаж у прыморскім горадзе

Экспазіцыя карцін мастакоў з Мінска і Вільнюса “Беларускія матывы” размясцілася ва ўтульнай зале Цэнтра нацыянальных культур Клайпеды. Правядзенне беларускіх выстаў у горадзе — добрая традыцыя. І ўжо ў трэці раз на вернісажах ладзяцца й сустрэчы з аўтарамі. Шасцёра ўдзельнікаў выставы — гэта вядомыя творцы з Мінска, члены Саюза мастакоў Беларусі Юлія Мацура, Ілона Касабука, Аляксандр Дзямідаў, Павел Масленікаў, Павел Кандрусевіч і Уладзімір Царыковіч. Свае работы прадставілі й мастакі з Вільнюса: члены Саюза мастакоў Літвы Анджэй Балаховіч і Віктар Іваніцкі, член Саюзаў мастакоў Беларусі ды Літвы Уладзімір Голуб. Дарэчы, яго персанальныя выставы раней праходзілі ў Клайпедзе. Парадавалі гледачоў і творы сябра Міжнароднай гільдыі прасаванай фларыстыкі Таццяны Мазаевай: працуе ў тэхніцы ашыбана, стварае карціны з кветак ды лісця, мае вядомасць у свеце.

 Мастачка Ілона Касабука (у цэнтры) на адным з вернісажаў
фота Елізаветы Дабрыцкай

Усяго ў экспазіцыі больш за дваццаць твораў. На вернісажы былі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, жыхары горада, прадстаўнікі прэсы. Вядомы літоўскі мастак Раманас Барысавас прыехаў на адкрыццё выставы з Ніды — суседняга курортнага гарадка. Куратар экспазіцыі Валеры Сярогін, сакратар Саюза рускіх літаратараў і мастакоў “РАРОГ” у Вільнюсе, казаў: “Асаблівасць імпрэзы ў тым, што аўтары самі праўстаўлялі свае творы”. Карціны ж ён параўноўвае з дзецьмі: з любоўю выгадаванымі, выпешчанымі. 

Ладзіла выставу беларуская суполка “Крыніца” пры падтрымцы Амбасады Беларусі ў Літве. Асаблівую атмасферу ўтульнасці, цеплыні ствараў вакальны ансамбль суполкі “Купалінка”, кіруе якім Валянціна Снігур. На вернісажы гучалі вядомыя песні “Спадчына”, “Мой родны кут”, беларускія народныя.  Саветнік па культуры Амбасады Беларусі ў Літве Ірына Зубко дзякавала за дапамогу ў падрыхтоўцы й правядзенні выставы Ганароваму консулу Беларусі ў Клайпедзе Мікалаю Логвіну, дырэктару Цэнтра нацыянальных культур Алене Буткявічэне. І спонсару праекта: прадпрымальніку Гінтаўтасу Мялейку.

Ірына Бяляева, г. Клайпеда, Літва

Ад рэдакцыі

Старшыня беларускай суполкі “Крыніца”, Ганаровы консул Беларусі ў Клайпедзе Мікалай Логвін паведаміў нам пра новыя культурныя праекты: у красавіку запланаваны паказ мастацкага фільма “В личное пространство вход воспрещен” беларускага рэжысёра Аляксандры Бутар, а ў Клайпедскім універсітэце выступіць ансамбль “Грамніцы” з Мінска. У маі пройдзе фестываль фальклорнай музыкі “Вечарына з “Купалінкай”, адкрыецца выстава “Лясныя феі”, прысвечаная 100-годдзю паэмы Якуба Коласа “Сымон-музыка”.   

Голас Радзімы № 14 (3566), чацвер, 12 красавіка, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter