“Вясковая валюта” ў прамысловых маштабах

Самае буйное ў Беларусі нелегальнае самагоннае прадпрыемства “накрылі” праваахоўныя органы ў Маладзечанскім раёне

Самае буйное ў Беларусі нелегальнае самагоннае прадпрыемства “накрылі” праваахоўныя органы ў Маладзечанскім раёне

Па ацэнках спецыялістаў, падпольная вытворчасць такога размаху яшчэ ніколі не трапляла ў поле зроку міліцыі. Вага самагоннага апарата складала некалькі тон, і для яго дэмантажу і знішчэння праваахоўнікі вымушаны былі выкарыстоўваць спецыяльны транспарт.

Як паведамілі ва ўпраўленні аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Мінаблвыканкама, спецыяльная аперацыя была праведзена вечарам 19 лютага. Самагонны завод дзейнічаў на тэрыторыі ўласнага дома ў вёсцы Скавародкі. Справа была арганізавана на высокім узроўні. Апарат быў размешчаны ў спецыяльна пабудаваным вытворчым памяшканні, дзе былі ўсе неабходныя камунікацыі, а працэс вытворчасці саматужнага алкаголю быў аўтаматызаваны. Гаспадар “прадпрыемства” наймаў работнікаў, якія і гналі гарэлку. Вакол гэтага імправізаванага завода быў высокі плот, тэрыторыю ахоўвалі сабакі. І “дырэктар”, і яго “працоўны калектыў” былі затрыманы міліцыяй непасрэдна на “прадпрыемстве”. Праваахоўнікі знайшлі больш за шэсць тысяч літраў сурагату, а ў спецыяльным рэзервуары — больш за 30 тысяч літраў адыходаў самагонаварэння.

Вытворчасць самагону — гэта шэраг аперацый, якія патрабуюць сур’ёзнага абсталявання і асаблівай сыравіны. Зразумела, размова вядзецца пра якасны прадукт, адзначае загадчык музейнага комплексу “Дудуткі” Аляксандр Мігуцкі. Сёння ў вёсках самагоншчыкі, імкнучыся эканоміць час, выкарыстоўваюць для вытворчасці брагі дрожджы і цукар. Але гэтая сумесь дае найбольшы працэнт сівушных алеяў. І да сапраўднага самагону гэты “самапальны” прадукт мае толькі прыблізнае дачыненне. Медыкі сведчаць, што ўжыванне самагону, вырабленага па няправільнай тэхналогіі, можа прывесці да цяжкіх атручванняў, страты зроку і нават лятальнага зыходу.

— Каб даведацца, з чаго выраблена самагонка, некалькі кропель выліваюць на далонь, — расказаў Аляксандр Мігуцкі. — Калі расцерці іх і панюхаць, вы павінны адчуць не пах спірту, а, напрыклад, жытняга хлеба.

 Нагадаем, што легальна вырабляць самагон у нашай краіне маюць дазвол толькі некалькі прадпрыемстваў. Гэта вінакурня музейнага комплексу старажытных народных рамёстваў і тэхналогій “Дудуткі”, фермерская гаспадарка “Белавежтур”, Нацыянальны парк “Белавежская пушча”, агракамбінат “Дзяржынскі” (цэнтр экатурызму “Станькава”), а таксама аб’яднанні “Гасцінны маёнтак”, “Рэстаранны холдынг”, прадпрыемства “Гранат” (“Беларуская этнаграфічная вёска XIX стагоддзя”, Магілёў). Гандляваць арыгінальнымі алкагольнымі напоямі дазваляецца толькі на тэрыторыі культурна-этнаграфічных цэнтраў, нацыянальных паркаў і запаведнікаў, дзе яны выраблены.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter