Вясельныя ручнікі – яе пасаг

Жыхаркай горада Хойнікі Алена Назаранка стала пасля катастрофы на ЧАЭС, пераехаўшы сюды з забруджанай радыяцыяй вёскі Навасёлкі. Але і тут, як і раней у вёсцы, апрацоўвае прысядзібны ўчастак, трымае дамашнюю жыўнасць, стараецца, каб яе домік па вуліцы Першамайскай летам патанаў у кветках.

Журы ўсумнілася, а потым назвала Алену Назаранка прызёрам выставы.

Жыхаркай горада Хойнікі Алена Назаранка стала пасля катастрофы на ЧАЭС, пераехаўшы сюды з забруджанай радыяцыяй вёскі Навасёлкі. Але і тут, як і раней у вёсцы, апрацоўвае прысядзібны ўчастак, трымае дамашнюю жыўнасць, стараецца, каб яе домік па вуліцы Першамайскай летам патанаў у кветках.

І засталася страсць да вышывання, чым пачала займацца вучаніцай пятага класа, азы майстэрства атрымлівала ад сваёй маці.

Алена Дзмітрыеўна ледзь ці не адзіная ў раёне майстрыха, якая спецыялізуецца на вышыўцы  ручнікоў. Імі ўпрыгожаны і ўласны дом, і дамы дзяцей, ёсць яе работа і ў Пакроўскай царкве.

На вышыўку аднаго ручніка адводзіць каля трох тыдняў, але работа жанчыне падабаецца. Асабліва вышываць вясельныя ручнікі. Яны былі пасагам на вяселлі дачок, зараз рыхтуюцца да вяселля ўнука, урачыстая рэгістрацыя яго шлюбу адбудзецца 2 кастрычніка. Хоча, каб на яе ручніку стаялі маладыя ў час урачыстай рэгістрацыі ў Доме абрадаў і на вянчанні ў царкве. І, безумоўна, не куплёнымі, а сваімі ручнікамі, вырабленымі з любоўю і пяшчотай, будуць перавязаны сваты за вясельным сталом.

Многа вышыла майстрыха і навалачак на падушкі. З імі ад раённага цэнтра сацыяльнай абароны насельніцтва ездзіла летась на абласную выстаўку народнай мастацкай творчасці ў Гомель і заняла там прызавое месца. Цікавы момант: спачатку журы ўсумнілася ў тым, што гэта вышыўка, а не выбіты малюнак. Папрасілі дазволу расшыць навалачку, каб паглядзець швы ад сцяжкоў на тыльным баку. І потым доўга здзіўляліся ювелірнай вытанчанасці вышыўкі.

Былы жывёлавод, знаходзячыся на заслужаным адпачынку,  жыве з адчуваннем шчасця ўжо толькі ад таго, што можа займацца любімай справай, якая прыносіць радасць ёй і людзям. І ахвотна дапамагае іншым здабыць гэту радасць.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter