Дом с историей: в Гродно началась реконструкция здания времен Антония Тизенгауза

Вяртанне ў залатое стагоддзе

Рэканструкцыя будынка часоў Антонія Тызенгаўза пачалася ў Гродне. Менавіта падчас праўлення гэтага палітычнага і грамадскага дзеяча населены пункт атрымаў свой унікальны архітэктурны стыль. Двухпавярховы дом на галоўнай плошчы, названай у гонар знакавай для горада асобы, пабудаваны ў 1780 годзе па праекце архiтэктара Джузэпэ Сака. Да нядаўняга часу тут размяшчаўся архіў, які, атрымаўшы новы адрас, пераехаў. Будынак будзе рэканструяваны ў рамках праекта «Шляхам Тызенгаўза».

Дом, які мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, пуставаў амаль пяць гадоў.

«Падгледзелі вопыт у Празе»

Трэба сказаць, дом, які мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, пуставаў амаль пяць гадоў. Размовы аб яго рэканструкцыі вяліся ўжо даўно, але толькі ў канцы лістапада тут з'явілася будаўнічая тэхніка.

— Праект «Шляхам Тызенгаўза» разлічаны на прасоўванне культурна-гістарычнай спадчыны Гродна і польскай Сакулкі, — паведаміў намеснік старшыні Рэспубліканскага турысцка-спартыўнага саюза Сяргей Каляда. — Ён прадугледжвае рэканструкцыю двух гістарычных будынкаў на польскім і беларускім баках. Агульны бюджэт праекта — амаль 2,14 млн еўра, з якіх фінансаванне Еўрасаюза складзе 1,92 млн еўра. Акрамя таго, у рамках гэтага ж праекта плануецца стварэнне веласіпеднай дарожкі паміж Сакулкай і Гродна агульнай працягласцю каля 59 кіламетраў, з якіх 33 кіламетры пройдуць па тэрыторыi Беларусі. У Сакулцы з'явіцца турыстычна-інфармацыйны цэнтр, аналагічны цэнтр у Гродне мадэрнізуюць.

Плануецца, што асноўны аб'ём работ будзе завершаны да канца лета.
Будынак Тызенгаўза, які хутка атрымае новае жыццё, — адзін з васьмі, якія засталіся з часоў яго рэфарматарскай дзейнасці ў Гродне. Усяго іх было 88. Вонкава ён застанецца ў тым жа выглядзе, што і цяпер, а вось унутры кардынальна зменіцца. 

— У 2016 годзе, калі архіў пакінуў будынак, у Гродне якраз быў уведзены бязвізавы рэжым, і кіраўніцтва горада пачало задумвацца, як выкарыстоўваць дом на плошчы Тызенгаўза, які з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Мы прыдумалі абсталяваць такое месца, куды можна будзе прывесці групу турыстаў. Асабліва ў міжсезонне, калі халодна. Там замежных гасцей можна будзе сустрэць па-каралеўску, чымсьці пачаставаць, паказаць iм нейкі мiнi-спектакль. Падгледзелі такі вопыт у чэшскай Празе. 

Сюрпрызы старых сцен

Будынку амаль 250 гадоў. Такія дамы з гісторыяй звычайна падносяць рабочым сюрпрызы. 

— Уражвае якасць будаўніцтва. Вось мы бачым нішу, дзе ў часы залатога стагоддзя размяшчаліся фрэскі, тут знайшлі чарот на столі. Ён адслужыў такі доўгі час і здзіўляе сваёй якасцю. Будуць захаваны ўсе цагляныя перакрыцці. Невялікую частку аўтэнтычнай столі пакінем у першапачатковым выглядзе, каб людзі маглі ўбачыць, як усё гэта выглядала два з паловай стагоддзі таму. Ёсць плінфа, цэгла-пальчатка. Усё акуратна складваецца і будзе выкарыстана ў далейшым. Паглядзіце, на вокнах да гэтага часу стаяць англійскія замкі. Самая вялікая праблема для будаўнікоў — гідраізаляцыя падвалаў, яна знаходзіцца ў вельмі дрэнным стане. Дарэчы, будынак быў даўжэйшы. Частку знішчылі, калі побач устанаўлівалі помнік Леніну, каб удзельнікі дэманстрацый маглі бесперашкодна прайсці па плошчы.

Ён будаваў лепшы горад у Еўропе

Плануецца, што асноўны аб'ём работ будзе завершаны да канца лета. Абноўлены турыстычны аб'ект пяройдзе ў распараджэнне аддзела спорту і турызму Гродзенскага райвыканкама. Ён пачне выконваць сваю асноўную функцыю — адлюстроўваць залаты век Гродна і прыцягваць турыстаў. Гэты праект, як і любы іншы, разлічаны на перспектыву. Будаўнічая частка вельмі важная, але не менш каштоўна, што пасля рэканструкцыі ўнутры будуць размешчаны музычны салон, галерэя Тызенгаўза, бар або буфет, а таксама канферэнц-зала для прыёмаў. Насупраць якраз знаходзіцца музычная школа імя Тызенгаўза, выхаванцы якой змогуць ладзіць тут канцэрты. 

Рэспубліканскі турысцка-спартыўны саюз ужо рэалізаваў сумесныя праекты на васьмі аб'ектах Гродна, на якія пайшло каля 4 млн еўра са сродкаў Еўрасаюза. 

— Гэты будынак стане лепшым месцам, каб можна было зразумець, хто такі Антоній Тызенгаўз і чаму гэта імя можа стаць магнітам для жыхароў Гродна і турыстаў, — зазначае Сяргей Каляда. — Той час, калі ён быў старастам горада, а фактычна міністрам фінансаў пры каралі Аўгусту Панятоўскім, можна назваць залатым. Тызенгаўз планаваў зрабіць наш горад лепшым у Еўропе. У XVII стагоддзі ён заснаваў Гарадніцу, запрасіўшы для ўвасаблення сваіх смелых планаў італьянскіх архітэктараў. Гэта быў не проста раён горада з дамамі. Тут з'явіліся першы тэатр, першая медыцынская акадэмія, першыя мануфактуры, друкарня, музычная школа, якая працуе і сёння.

У музеі Гарадніцы можна ўбачыць аўтэнтычныя вырабы, створаныя пры Тызенгаўзе. Сёння яго імем названа плошча ў цэнтры Гродна, а ў Фарным касцёле на плошчы Савецкай ёсць помнік старасту. 

kondratsieva@sb.by 

Фота аўтара.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter