Як вярнуць культурныя каштоўнасці?

Вяртанне любіць цішыню

Узяў чужое — аддай. З дзяцінства гэтаму вучаць. У пясочніцы гэтыя пытанні вырашаюцца на раз-два, хай і не без слёз. У дарослым жыцці, бывае, і слёзы не дапамагаюць. Ды што там гаварыць: часам сваё нават за грошы вярнуць не можаш.

Bel.sputnik.by

Колькі культурных каштоўнасцей страціла краіна пасля войн і рэвалюцый — не злічыць. А лічыць і не трэба. Трэба вяртаць. Хоць што. Хоць як. Яшчэ за савецкім часам былі нейкія камісіі накшталт нашай сённяшняй па выяўленні, вяртанні, сумесным выкарыстанні і ўвядзенні ў навуковы і культурны абарот культурных каштоўнасцей, якія знаходзяцца за межамі Беларусі. Нешта вярталі. Але нам усё мала. Кажу ж: страчаных экспанатаў — не злічыць. У апошнія гады наогул было больш слоў, чым спраў. І вось нарэшце на чарговым пасяджэнні камісіі зацвердзілі план працы на 2017—2018 гады. 

Два міністэрствы — замежных спраў і культуры — вызначылі, дзе і з кім патрэбна мець стасункі для стварэння часовых экспазіцый на тэрыторыі нашай краіны. Таксама намацалі глебу наконт набыцця электронных копій пэўных культурных каштоўнасцей. Ну і, вядома ж, бясконцая тэма — вызначэнне месцазнаходжання вывезеных за межы краіны культурных рарытэтаў. 

Пазначаны там і канкрэтныя адрасы. Францыя, Парыж. Адтуль хочуць атрымаць дакументы (або іх копіi), звязаныя з Ігнатам Дамейкам. Манака. Адтуль маюць намер з прыватнай калекцыі атрымаць у дар прадметы выяўленчага і манументальнага мастацтва беларускіх аўтараў. Вялікабрытанія, Кембрыдж. Плануецца атрымаць у часовае карыстанне даспехі калекцыі Радзівілаў для арганізацыі выставы ў Нясвіжскім замку. Потым Румынія, Аўстрыя, Эстонія… 

Намеры такія маштабныя, што хочацца пляскаць у далоні — даўно такога не было. Хай сабе і не крыж Еўфрасінні Полацкай! І ўсё б было добра, каб не словы Алеся Сушы. Ён на той нарадзе таксама быў. Чай піў. Вусоў у маладога навукоўца няма, але гэта не замінае не верыць яму. Ён лічыць, што перад намі не зусiм рэальны план дзеянняў. Не тое каб ён ставіў крыж на ўсіх гэтых планах. Проста прапануе дзейнічаць па прынцыпе: вяртанне любіць цішыню. Калі ж заўчасна трубіць пра гэта на кожным вугле, гэта іграе супраць нас.

Па-першае, празмерна завышаецца кошт аб’екта вяртання, ва ўладальнікаў з’яўляюцца думкі накшталт «такая корова нужна самому». Па-другое, пачынаецца нездаровая канкурэнцыя. Ёсць яшчэ па-трэцяе, па-чацвёртае і г.д. На апошнім пункце Алеся Аляксандравіча трэба спыніцца падрабязна:

— Звужаецца кола магчымых фінансавых механізмаў набыцця. Не можа дзяржава выкупiць помнік у невядомага ўладальніка і заключыць дамову з невядома кім; не можа прадстаўнік дзяржавы выкупiць аб’ект на аўкцыёне, павышаючы кошт у ходзе гандлю; прыватны прадстаўнік не мае гарантый ад дзяржавы, што яна ўрэшце выкупіць у яго аб’ект, прывезены за яго выдаткі з-за мяжы.

І, што называецца, прыклад у тэму. Вясной у Мінску з’явіўся рарытэтны экзэмпляр «Малой падарожнай кніжкi» 1522 года выдання. Белгазпрамбанк набыў скарынаўскі арыгінал у невядомага замежніка. З аднаго боку, гэта выдатная навіна — каштоўнасць у нашай краіне, з другога — чаму яе набыў прыватны банк, а не дзяржава? Чаму бяздзейнічалi тая ж Нацыянальная бібліятэка і спадар Суша? Як высветлілася, не адзін месяц за гэтай каштоўнай кнігай «палявалі» менавіта супрацоўнікі бібліятэкі. Яны былі зацікаўлены, каб у год юбілею кнігадрукавання яна з’явілася ў іх. Але гаспадар скарынаўскага экзэмпляра адмовіўся мець справу з пакупніком-дзяржавай. Так на гарызонце з’явіўся прыватны банк, які таксама зацікаўлены ў вяртанні нашых культурных каштоўнасцей. Урэшце, гэта казка са шчаслівым канцом. А магло б усё скончыцца інакш. 

Як бачыце, справа гэта гучная, але дагэтуль пра такія падрабязнасці мала каму вядома. Усё было зроблена ціха і без пылу. Пра што і гаворыць Алесь Суша. Галоўнае, каб пад гэтую цішыню мы наогул не перасталі чуць пра вяртанне каштоўных экспанатаў на радзіму.

stepuro@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter