Вяртанне храма

У вёсцы Палессе праз 77 гадоў зноў расчыніла дзверы царква

Праз 77 гадоў пасля закрыцця царквы, дзякуючы намаганням земляка-энтузіяста, яна расчыніла дзверы для прыхаджан

...Чорна-белы фотаздымак, датаваны 1955-м ці 1956 годам, начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва Чачэрскага райвыканкама Анатоль Саўчанка зберагае як самую дарагую рэліквію. На ім побач з мужчынам на падножцы кабіны нагружанага мяхамі ГАЗ-51 — бялявы хлапчук. Фота для Анатоля Мікалаевіча, па яго прызнанні, — шчымлівая, светлая памяць аб дзяцінстве.

У тыя далёкія дні сэрца маленькага жыхара пасёлка Пралетарскі Палескага сельсавета поўнілася невыказным гонарам. Ажыццяві­лася даўняя мара хлопчыка: бацька — вадзіцель мясцовага калгаса «Камунар» — узяў яго з сабой у кабіну грузавіка, і яны разам цэлы дзень вазілі збожжа да зернясховішча. Драўляны ж будынак з калонамі, на фоне якога пазіравалі фотааматару старэйшы і малодшы Саўчанкі, — і ёсць той свіран, у які пасля закрыцця ў 1934 годзе царквы, пазнейшага арышту і расстрэлу мясцовага святара Айца Васіля (Жудро) быў «пера­прафіляваны» праваслаўны храм. Згадваючы пра будынак з драўлянымі калонамі, арыгінальным роспісам унутры памяшкання, вясковыя старажылы адзначаюць: пабудаваны Божы дом быў са смаляністых «карабельных» соснаў, без адзінага цвіка. Таму, маўляў, і прастаяла архітэктурная каштоўнасць больш як паўтара стагоддзя, насуперак жыццёвай і прыроднай непагадзі.

Але перш чым зрабіць сховішчам, даводзяць сведкі, раённыя начальнікі загадалі царкву цалкам разбурыць. Гісторыя пра знішчэнне храма перадаецца з пакалення ў пакаленне. Кажуць, колькі не шукалі выканаўцаў жорсткага «прысуду» сярод вяскоўцаў, ніхто браць грэх на душу не пагадзіўся. Час ішоў, а з раёна на калгасных кіраўнікоў усе болей націскалі: чаму, маўляў, заданне партыі ігнаруеце... Кінуўся тады мясцовы парторг з просьбай да расі­ян, жыхароў суседніх пры­гранічных вёсак (аб межах у той час, вядома, казаць можна было толькі ўмоўна). Пагадзіліся папрацаваць некалькі мужыкоў. Узлезлі на купалы і пачалі здымаць з іх бляшаныя лісты. Ды не дала, відаць, замахнуцца на святое рука Божая: падчас работ сарваўся адзін з добраахвотнікаў з верхатуры ўніз. Так бы хаўтуры неўзабаве і справілі, ды пашчасціла небараку. Да таго як сустрэўся з зямлей, зачапіўся рамянём за цвік, на якім трымалася ікона. І павіснуў на ім. Знялі белага ад жаху «лётчыка» са сцяны. І вырашылі гастарбайтары, што гэта высокі знак. Вось і далі, як кажуць, у хамут: паехалі дахаты. Дзірку на купале неў­забаве залаталі і прыстасавалі будынак пад зерня­сховішча. Ішоў час, а з ім ўсё вастрэй адчувалі вяскоўцы патрэбу ў месцы для духоўных споведзяў, пачалі пісаць аб тым у раён і вышэй. Каб не карцела вернікам вярнуцца ў ранейшыя сцены царквы, прымянілі тагачасныя ўлады «ваенную хітрасць». Матывуючы вострай неабходнасцю ўзвесці прыбудову да мясцовай дзесяцігодкі, у 60-я гады разабралі будынак храма дашчэнту. Уцалеў цудам галоўны царкоўны атрыбут — прастольны крыж. Магчымасць пакланіцца яму нядаўна з’явілася ў вяскоўцаў.

...Доўгім спадзяванням жыхароў Палесся і суседніх вёсак Чачэршчыны суджана было спраўдзіцца. Мара стала явай дзякуючы перш за ўсё земляку-мецэнату, 60-гадоваму выпускніку мясцовай Палескай школы, чалавеку цікавага лёсу і шчодрай душы Мікалаю Куцакову. Выхоўваўся хлопец у шматдзетнай сям’і, з дзяцінства спазнаў пот і хлеб спрадвечнай сялянскай працы. Бацька Мікалая за­гінуў у 1943-м падчас вызвалення Гомельшчыны, яго імя выбіта на мармуры брацкай магілы савецкіх воінаў у блізкай ад абласнога цэнтра вёсцы Пакалюбічы. Капітан першага рангу ў запасе Мікалай Міхайлавіч служыў у марскіх падраздзяленнях Паўночнага флоту. Выконваў свой вайсковы абавязак сумленна, неўзабаве атрымаў прыкметнае павышэнне па службе. Апошнія дзесяцігоддзі перад выхадам у адстаўку служыў у адным з упраўленняў Генштаба Узброеных сіл СССР, жыў у Маскве. Ды з гадамі няўтульна стала марскому афіцэру ў каменных лабірынтах мегаполіса, пацягнула на радзіму. Пакінуў багатую маскоўскую кватэру і прыехаў на Чачэршчыну. Купіў дом у Палессі ды пачаў наладжваць тут няхітры вясковы быт. Некалькі год назад падчас вячэрняга роздуму аб высокім і зямным і ўзнік у Куцакова намер распачаць удзячную справу — будаўніцтва царквы. Разам з кіраўнікамі мясцовай улады выбралі лепшае месца для храма — на ўзгорку ў скверы, якраз паблізу абе­ліска ахвярам вайны. З тым, каб на душы жывых і спачыўшых аднолькава разлівалася благадаць Божая. Улетку 2007 года месца гэта і асвяціў благачынны Чачэрска-Веткаўскай акругі айцец Георгій. На тую цырымонію, лічы, уся вёска сабралася. А неўзабаве на будоўлі з’яві­лася цэгла, іншыя матэрыялы і закіпела работа. «Першая скрыпка» на аб’екце, вядома ж, сам Мікалай Міхайлавіч. Да многіх спраў рукі ў яго ляжаць. Гады праз два следам за мужам прыехала з Белакаменнай у Палессе і жонка Куцакова — Людміла Віктараўна, кандыдат педагагічных навук. Ужо сямейным тандэмам пачалі ўзводзіць царкоўныя сцены. Хаця, скажам шчыра, кіраўнікі мясцовага КСУП «Палессе» ад гэтай справы таксама не адварочваліся: дзе добрым словам, а дзе канкрэтнай справай будаўнікам дапамагалі. Нярэдкім госцем на пляцоўцы быў і майстар-будаўнік КСУП Васіль Мельнікаў. Да падсобных работ і добраўпарадкавання вяскоўцы і мясцовыя школьнікі з ахвотай далучаліся. Словам, стала будоўля храма для многіх з тутэйшага люду жыццёвым клопатам. А дзе талака, там і справа добра ідзе. Вянцом яе стала ўзняцце адлітых у Маскве званоў на званіцу ды аздабленне будынка трыма купаламі.

Асвячэнне і адкрыццё царквы у гонар Мікалая Цудатворца (такую назву насіў і разбураны храм) ператварылася ў сапраўднае свята вёскі Палесся — з літургіяй і хрэсным ходам, запрашэннем шматлікіх гасцей, землякоў з Расіі і Украіны, выставамі прадметаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці, тэматычнай літаратуры... Звяртаючыся да вяскоўцаў, старшыня Чачэрскага райвыканкама Іван Ком шчыра падзякаваў арганiза­тарам узвядзення храма Куцаковым і ўсім, хто меў дачыненне да будаўніцтва духоўнай установы, уклад найбольш актыўных вяскоўцаў у развіццё і захаванне праваслаўных традыцый адзначаны граматамі раённай выканаўчай улады. Па-свойму ацаніла заслугі землякоў-энтузіястаў і праваслаўная царква. Епіскап Рэчыцкі, вікарый Гомельскай епархіі Леанід прымацаваў да лацкана формы былога марскога афіцэра Мікалая Куцакова ордэн Свяціцеля Кірылы Тураўскага ІІ ступені, Людміле Куцаковай уручаны медаль найпадобнай Манефы Гомельскай. Завяршылася ж вясковае свята канцэртам самадзейных артыстаў. Апрача іншых твораў, фальклорны калектыў сельскага Дома культуры «Палесачка» выканаў песню пра родную вёску на словы паэта-земляка Міхася Болсуна.

На здымку: Мікалай Куцакоў ля свайго духоўнага дзецішча.

Фота: Валянцiна ПРАНКЕВIЧ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter