Народная газета

Вяртанне Дастаеўскіх

Радавое гняздо знакамітага пісьменніка ў Дастоева будзе адноўлена

Дваранін у другім пакаленні Фёдар Міхайлавіч Дастаеўскі яшчэ два дзясяткі год таму ва ўспрыманні чытача бачыўся фігурай адзінокай, не падмацаванай старажытнасцю роду. Як сцвярджаюць літаратурныя крытыкі, нічога ён не казаў пра сваіх продкаў, ніколі не звяртаўся да генеалагічных аргументаў. Між тым роду Дастаеўскіх ужо больш за 500 гадоў. Прозвішча пайшло ад назвы беларускай вёскі Дастоева. У хуткім часе з’явіцца там і маёнтак, дзе некалі жылі продкі вялікага пісьменніка. Фінансаванне прадугледжвае дакумент “Аб бюджэце Саюзнай дзяржавы на 2018 год”.

Фота Валерыя Міхальчука

Я ў музеі Дастаеўскага, які ўжо 36 гадоў месціцца ў Дастоеўскай школе, што носіць імя Дастаеўскага. Насупраць школы — помнік Фёдару Міхайлавічу. Не аднойчы даводзілася чуць меркаванне, што ён вельмі ўдалы.

Захавальніца фондаў музея Валянціна Пуцыковіч працягвае справу, якую рабіў заўчасна зышоўшы з жыцця мясцовы настаўнік Анатоль Бурак. Яна сёння — мой экскурсавод. І Валянціна Уладзіміраўна адразу падзялілася добрай навіной — яна знайшла аўтара помніка:

— На пошукі падштурхнула мяне турыстка з Балашыхі, якая прыехала на экскурсію з круізнага цеплахода “Белая Русь”. Распавяла, што бачыла помнікі Дастаеўскаму ў Маскве, Пецярбургу, Дрэздэне, Вісбадэне, Бадэн-Бадэне, але помнік у Дастоева здаўся ёй найбольш цікавым. Дзяўчына пацікавілася, хто аўтар і дзе ён цяпер. Помнік — дыпломная работа выпускніка Беларускай акадэміі мастацтваў Івана Данільчанка. А які лёс аўтара? Шчыра кажучы, не ведала. Вырашыла адшукаць Івана Іванавіча, ён узрадаваўся, жывы-здаровы, жыве недалёка ад Бабруйска.

Менавіта так, род Дастаеўскіх пачынаўся на Беларускім Палессі. У 1506 годзе баярыну Даніле Рцішчаву была падаравана грамата ад пінскага князя на валоданне некалькімі вёскамі на тэрыторыі сучаснага Іванаўскага раёна Брэстчыны. І ён абраў для будаўніцтва маёнтка сяло Дастоева — месца паміж рэкамі Пінай і Ясельдай. Сыны Данілы Рцішчава Іван і Сямён насілі ўжо падвоенае прозвішча Рцішчавы-Дастаеўскія. Шэсць пакаленняў роду Дастаеўскіх жылі на беларускай зямлі — каля 200 гадоў, затым асталяваліся на Валыні. Бацька пісьменніка выйшаў з украінскай вёскі Войтаўцы, а сам пісьменнік нарадзіўся, жыў і тварыў у Маскве і Пецярбургу.

Фёдар Міхайлавіч ніколі не бываў у радавым сяле. Першым прадстаўніком роду, што прыехаў у Дастоева ў 2006 годзе, стаў праўнук вялікага пісьменніка Дзмітрый Дастаеўскі з Санкт-Пецярбурга. Ён падарыў музею радаслоўнае дрэва і дэкаратыўную талерку з выявай карты мясцовасці з Дастоева і родавым гербам Дастаеўскіх “Радван”.

Сёння ў музеі штогод бывае да трох тысяч турыстаў. Малавата, шчыра кажучы. Старшыня Іванаўскага райсавета дэпутатаў Алена Дарагакупец не сумняваецца, што ў Дастоева ёсць шанцы стаць турыстычным цэнтрам:

— У нас сфармавалася турыстычнае “Янаўскае кола”: цэнтр народнага мастацтва ў вёсцы Варацэвічы — радзіма Напалеона Орды, Моталь з музеямі і кулінарнымі традыцыямі — радзіма першага прэзідэнта Ізраіля Хаіма Вейцмана, Дуга Струвэ, Музей народнай медыцыны ў вёсцы Стрэльна, школа бондарства...

“Замкнуць” турыстычнае кола, мяркуе Алена Паўлаўна, належыць сядзібе роду Дастаеўскіх.

Захавальніца фондаў музея Валянціна Пуцыковіч праводзіць экскурсіі: “Штогод у музеі бывае да трох тысяч турыстаў”.
Яшчэ ў 1960 гады на ўсход ад вёскі Дастоева ішла палявая дарога. Упіралася яна ва ўрочышча “Сад”. Паміж урочышчам “Сад” і вёскай Вулька працякала маленькая рачулка Струга. Пад драўляным мостам, перакінутым праз рэчку, віднеліся дубовыя палі плаціны вадзянога млына. У трохстах метрах на поўнач ад урочышча “Сад” захаваўся тапонім “Царкаўніца”. Тут, успамінаюць мясцовыя жыхары, на пясчаным узвышэнні некалі была царква...

Гэта і былі рэшткі маёнтка Дастаеўскіх. Сёння там — памятны знак і малады парк. У бытнасць кіраўніком школьнага музея гэта змог зрабіць Анатоль Бурак.

Дзіўна, але ў пачатку 1960 гадоў нямногія верылі, што разбураная сядзіба мае нейкую сувязь з “тым самым” Дастаеўскім. Зараз у гэтым няма ніякага сумневу. І на нядаўняй міжнароднай навуковай канферэнцыі ў Іванаве “Ф.М. Дастаеўскі: гістарычны дыялог аднадумцаў” былі прыведзены жалезныя, як кажуць, аргументы.

Археолаг, дацэнт кафедры гісторыі славянскіх народаў Брэсцкага дзяржуніверсітэта імя А.С. Пушкіна Аляксандр Башкоў прадставіў удзельнікам канферэнцыі этнаграфічныя, гістарычныя і археалагічныя доказы размяшчэння і планіроўкі сядзібы роду Дастаеўскіх:

— Раскопкі прайшлі ў 2012—2013 гадах. Матэрыялы даюць уяўленне аб функцыянаванні сядзібы з XVI па XIX стагоддзе. І могуць выкарыстоўвацца рэстаўратарамі пры аднаўленні сядзібнага дома. Мы можам намаляваць дакладны яго план — са сценамі, дзвярыма, печамі. Плюс тысяча артэфактаў — манеты, рэшткі керамічнага посуду, а таксама фрагменты геральдычнай кафлі, па якіх магчыма аднаўленне родавага герба “Радван”,— чакаюць свайго часу.

Дарэчы, у раскопе было знойдзена каля 20 куль і два ядры XVII стагоддзя. Аляксандр Башкоў тлумачыць:

— У 1648—1649 гадах праз Дастоева праходзілі казакі Андрэя Небабы. Яны спалілі маёнтак, а сяляне вёскі Востраў разрабавалі маёмасць. Аднавіць маёнтак цалкам не ўдалося. Тады гаспадарыў Раман Бенедзіктавіч Дастаеўскі. Ён з’ехаў з Дастоева яшчэ і таму, што не вярнуў даўгі па розных рахунках.

Макет маёнтка. Род Дастаеўскіх пачынаўся на нашым Палессі.

Размова пра тое, што сядзібу трэба аднаўляць, вядзецца даўно. І пра тое гаворыцца, што трэба памяць пра вялікага пісьменніка ўшаноўваць разам — і беларусам, і рускім. Але чамусьці не было ўзаемапаразумення, як і што трэба рабіць ў Дастоева. Гучалі нават такія думкі: “А навошта? Дакажыце, што Дастаеўскія з Дастоева”.

Даўно даказалі. А нядаўна ў Іванаве прайшла навуковая канферэнцыя “Ф.М. Дастаеўскі: гістарычны дыялог аднадумцаў”, дзе беларускія і расійскія навукоўцы, археолагі прыйшлі да высновы, што трэба аднаўляць не толькі сядзібны дом, але і ўсе астатнія пабудовы маёнтка — карэтную, каплічку, што была пры доме, гаспадарчыя пабудовы.

Пра тое казалі не толькі беларусы, але і вядомыя “дастаевісты” з Расіі — член Міжнароднага таварыства Дастаеўскага прафесар Сяргей Бялоў, аўтар экспазіцыі музея Дастаеўскага ў Новакузнецку Лявонцій Азернікаў, старшыня праўлення музея-сядзібы Дастаеўскага “Даравое” ў Падмаскоўі.

Тым больш, што набліжаецца дата — 200-годдзе з дня нараджэння Фёдара Міхайлавіча. Мяркуецца, што ўжо ў 2019 годзе з’явіцца магчымасць паказаць турыстам сядзібу на малой радзіме рода Дастаеўскіх.

Valentinak3@mail.ru

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Загрузка...
Новости