В Старых Дорогах сохранилась технология выделки уникальных ковров

Вярнуць моду на дываны

Такіх дываноў, як у Старых Дарогах, не робяць нідзе. Яшчэ якіх гадоў дваццаць таму іх нават за мяжу вывозілі, а сёння на кожны выраб ледзь не моляцца. Гэтым сапраўдным шэдэўрам з аплікацыяй з рознакаляровай саломкі месца ў спісе культурнай спадчыны Беларусі. Трапіць туды яны могуць дзякуючы супрацоўнікам мясцовага цэнтра рамёстваў, якія і аднаўляюць забытую тэхніку рухаўскіх дываноў.


Святлана МІХЕЕВА — адна з тых, хто валодае тэхнікай вырабу дываноў

Біць у званы ў Старых Дарогах пачалі ў 2014 годзе, калі адправіліся ў экспедыцыю ў Рухава і бліжэйшыя вёскі. Знайсці і выратаваць тады ўдалося толькі чатыры дываны. І таго б ужо магло і не быць, каб не 73-гадовая Марыя Міхайлаўна Русаковіч. Сёння яна адзіная майстрыца, якая цалкам валодае ўсімі тонкасцямі вытворчасці дываноў. Хаця гэтай традыцыі ўжо больш за паўстагоддзя. Першай тэхніку некалі прыдумала Кацярына Русаковіч, убачыўшы нешта падобнае на кірмашы ў суседнім раёне. Менавіта яна шляхам спроб і памылак зразумела, што аснова павінна быць чорнай, бо на тканіне іншых колераў губляецца ўзор.

Першапачаткова ўзор быў дастаткова просты — прамыя лініі, ромбікі, трохвугольнікі і іншыя геаметрычныя фігуры, характэрныя для нацыянальнага арнаменту. Пазней, калі з’явіліся разнастайныя шпалеры, майстрыхі пачалі капіраваць з іх кветкі. Час ад часу на дыванах з’яўляліся нейкія жывёлы. На адным з іх, які супрацоўнікам цэнтра ўдалося выратаваць, восем саламяных птушачак. Чаму? У адной з майстрыц якраз было столькі дзяцей. Яшчэ на адным дыване — конь. «Такая ладная жывёла ў мяне была, а гэта памяць пра яе», — адказала пажылая жанчына. 

Наогул Кацярына Русаковіч, а пазней і яе сяброўка Надзея Пілюк былі вельмі паважанымі майстрыхамі ў акрузе. Калі якой з іх была патрэбна дапамога па гаспадарцы, напрыклад бульбу выкапаць, людзі з задавальненнем пагаджаліся, бо ведалі, што разлічвацца гаспадыня будзе дыванамі. А мець такі ў хаце тады марылі ўсе. Упрыгожвалі ім куткі ля ложкаў, таму часцей за ўсё даўжыня вырабу была каля двух метраў. Дарэчы, такі выраб Надзея Пілюк падарыла сваёй свякрусе, калі выходзіла замуж. Яна ж навучыла рабіць дываны і сваю хрэсніцу Марыю, якой зараз ужо за семдзесят. Тая захапілася гэтай справай, яшчэ калі была дзяўчынкай. Малых тады часта прыцягвалі да апрацоўкі і афарбоўкі саломкі. І сёння яшчэ многія жыхары Рухава памятаюць, як некалі дапамагалі старэйшым у вырабе дываноў, але іх, у адрозненне ад Машы, больш цягнула на вуліцу, чым у майстэрню.

На жаль, са з’яўленнем завадскіх дываноў многія людзі пачалі выкідваць ручныя вырабы. Дырэктар Старадарожскага цэнтра рамёстваў Вольга Давыдкіна расказвае, што старыя дываны яны знаходзілі ў закінутых дамах, на гарышчах. Пашчасціла ім выратаваць і скрыню з саламянымі і папяровымі загатоўкамі. Марыя Міхайлаўна падарыла ім выраб у выдатным стане. А каб не пуставала месца на сцяне, узгадала старое і зрабіла сабе новы дыван. На жаль, астатнія знаходкі экспедыцыі былі ў дрэнным стане. На некаторых ззялі дзіркі. Гэта пацукі з’елі самае смачнае. А смачным была мука, на якую і прылеплівалі саламяныя дэталі.

Вядома ж, сёння, аднаўляючы тэхніку вырабу рухаўскіх дываноў, супрацоўніцы цэнтра не карыстаюцца гэтым харчовым прадуктам, бо ёсць спецыяльны клей, які лепш трымае і не пэцкае тканіну. Але гэта, бадай, адзінае парушэнне тэхналогіі. Усё астатняе — як прыдумалі больш за паўстагоддзя таму. Салому зразаюць маладую, якая толькі пачынае выпускаць зялёны колас. Наразаюць ад каленца да каленца, каб атрымаліся пустыя трубачкі, — так лепш для роўнай афарбоўкі. Для яе, дарэчы, выкарыстоўваюць тыя ж анілінавыя фарбы. З адценнямі тут эксперыментуюць, як і з нарыхтоўкай саломкі. Але як ні круці, запэўніваюць сучасныя майстрыхі, на газе ўсё роўна атрымліваецца горш, чым у печы.

Некалі Марыя Русаковіч, працуючы прыбіральшчыцай у школе, стварыла там гурток для дзяўчат і займалася з імі вырабам дываноў ды пано. Малыя так любілі гэтую справу, што нават дапамагалі сваёй майстрысе прыбіраць у кабінеце, каб хутчэй узяцца за саломку. Тады ў яе і з’явілася надзея, што рухаўскія традыцыі будуць жыць. Але тыя дзяўчаты павырасталі, і дзіцячыя захапленні зніклі. Дзякуй богу, што ў Старых Дарогах ёсць цэнтр рамёстваў і яго цудоўны калектыў. Гэтыя жанчыны апантана ўзяліся за адраджэнне мясцовай традыцыі і ўцягваюць у гэтую справу дзяцей. Яны ж паставілі сабе мэту — набыць дыванам статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, а там і пад ахову ЮНЕСКА трапіць. Ідэя, годная падтрымкі. А там, глядзіш, рухаўскія дываны зноў увойдуць у моду: яны ж зроблены з натуральных матэрыялаў.

stepuro@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter