Урачыстасці да 125-х угодкаў Максіма Багдановіча праходзяць як у Беларусі, так і ў замежжы

“Вянок” гучыць па-французку

Урачыстасці да 125-х угодкаў Максіма Багдановіча праходзяць як у Беларусі, так і ў замежжы

9 снежня, у дзень нараджэння Максіма Багдановіча, са сцэны Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі прагучаць вершы паэта. Праект “Чытаем Багдановіча разам” прымеркаваны да 125-годдзя класіка. Цікаваю абяцае быць сустрэча з паэткай Нінай Дзябольскай: гэта яна пераклала Максімаў “Вянок” на французкую мову. Пройдзе і спектакль “Дзённік паэта”, у якім зроблена спроба паглыбіцца ў душэўны свет Максіма Багдановіча. А на афіцыйным YouTube-канале РТБД штодзень выходзіць новы відэаролік з вершамі класіка, якія чытаюць артысты, студэнты тэатральнай школы “Тэатр”.

У гэты ж дзень капсулу з зямлёй з магілы паэта, прывезеную з Ялты, закладуць у Храме-помніку Усіх святых у Мінску. У Белай зале храма запланавана мемарыяльная “Літаратурная раніца”, будуць гучаць вершы паэта-класіка.

Дагэтуль жа ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча прайшла навукова-практычная канферэнцыя “Максім Багдановіч: дыялог з часам”, рыхтуецца выстава “Дыяменты памяці”. У Гродне адкрытую лекцыю, прысвечаную паэту, прачытала літаратуразнаўца Ала Петрушкевіч. Экспазіцыя “Светлы след…” да 125-годдзя класіка працуе ў Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Ушаноўваюць памяць паэта і ў краінах замежжа. Так, у Дзелавым і культурным комплексе Амбасады Беларусі ў Маскве адкрылася выстава “Геній зямлі беларускай”. Па ўсёй Латвіі прайшлі Дні беларускай культуры, прысвечаныя Максіму Багдановічу.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter