Чем удивит XIII Республиканский фестиваль национальных культур в Гродно

Вялікі карагод сяброў

Больш за 800 артыстаў розных нацыянальнасцей нашай краіны прадэманструюць свае традыцыі на XIII Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур, які адбудзецца 5—6 чэрвеня ў Гродне. Больш як 2000 спевакоў, танцораў, музыкантаў прэтэндавала на ўдзел у фінале форуму нацыянальнасцей. На працягу амаль двух гадоў удасканальвалі сваё майстэрства, каб найлепшым чынам прадставіць яго журы фестывалю. У фінал выйшлі самыя яскравыя і відовішчныя нумары. Убачыць іх могуць усе жадаючыя. Для гэтага дастаткова прыехаць у горад над Нёманам 5 чэрвеня.

За сваю гісторыю фестываль у Гродне ператварыўся ў сапраўднае свята нашай зямлі.

Сёлета фестываль будзе адметны тым, што прадстаўнікі кожнай нацыянальнасці не толькі запросяць на сваё падвор’е, але і будуць разам танцаваць і спяваць.

— Усе нацыянальнасці збяруцца каля аднаго вялікага вогнішча сяброўства, правядуць адзіны шматнацыянальны карагод, — адзначыла дырэктар Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Вольга Антоненка. — У нашай краіне сёння пражываюць прадстаўнікі больш як 140 нацыянальнасцей. Усе яны былі запрошаны да ўдзелу ў форуме культур, які па традыцыі праводзіцца адзін раз у два гады.

За сваю гісторыю фестываль у Гродне ператварыўся ў сапраўднае свята нашай зямлі. Ён з’яўляецца практычным доказам паспяховай дзяржаўнай палітыкі ў дачыненні да нацыянальнасцей, якія пражываюць у краіне. Форум дапамагае падтрымліваць атмасферу талерантнасці ў грамадстве, захоўваць ідэалы высокіх культурных каштоўнасцей.

Насычаную і цікавую праграму рыхтуюць сёлета таксама беларусы замежжа, якія па волі лёсу жывуць далёка ад сваёй этнічнай радзімы. Так, з 16 па 20 верасня ў Мінску адбудзецца ІV Фестываль мастацтваў беларусаў свету.

Плануецца, што яго ўдзельнікамі стануць каля 250 беларусаў з розных краін. Летась форум прымаў суайчыннікаў з дзевятнаццаці краін свету. Сёлета цікавасць да фестывалю ўзрасла.

— Вельмі многія хочуць прыехаць, паўдзельнічаць і паказаць, як яны захоўваюць беларускую культуру ў тых краінах, дзе жывуць, — адзначыла Вольга Антоненка. — У красавіку па запрашэнні пасольства Аргенціны ў Беларусі два харэографы з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў будуць накіраваны ў гэтую краіну для пастаноўкі беларускіх танцаў для дзесяці харэаграфічных калектываў. Прадэманстраваць беларускую польку і кадрыль па-аргенцінску яны змогуць падчас фестывалю ў Мінску.

Аб’яднальную ролю фестывалю складана ацаніць словамі. У гэтым прызнаюцца беларусы замежжа, якія ўжо дасылаюць свае творчыя відэапрэзентацыі для канцэртнай праграмы.

— Дастаткова прывесці прыклад, з якім велізарным жаданнем едуць нашы суайчыннікі з вёскі Тургенеўка Іркуцкай вобласці Расіі, дзе ўсе прадстаўнікі беларускай нацыянальнасці размаўляюць па-беларуску, — гаворыць Вольга Антоненка. — У форуме прымуць удзел творчыя калектывы і індывідуальныя выканаўцы, пісьменнікі і паэты, мастакі, фатографы і майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

kuzmich@sb.by

Фото БЕЛТА

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter