Вялікі едзе ў Нясвіж

Прыхільнікаў класічнай музыкі, оперы і балета запрашаюць на ўікенд у беларускі Версал

У Нясвіжскім замку пачынаецца чарговы выязны музычны марафон. Вялікі тэатр ізноў адпраўляецца на летні ўікэнд у беларускі Версаль. Артысты опернай і балетнай трупы, музыканты аркестра з 22-га па 24 чэрвеня запрашаюць правесці тры цудоўныя вечары разам у рэзідэнцыі Радзівілаў.

Галоўная пляцоўка фестывалю ў Нясвіжскім замку — унутраны дворык палаца.

Канцэртную праграму адкрыюць у Фарным касцёле Божага Цела. Дарэчы, гэта першы на тэрыторыі Усходняй Еўропы помнік архітэктуры барока. Днём 22 чэрвеня тут у выкананні салістаў оперы прагучаць творы беларускіх кампазітараў, чые імёны сталі сінонімам эпохі Рамантызму. А ўвечары на сцэне ва ўнутраным дворыку замка для прыхільнікаў харэаграфіі зоркі балета прадставяць самыя яркія нумары са спектакляў «Лебядзінае возера», «Карсар», а таксама танцы пра Шэкспіра — «Санеты».

23 чэрвеня парадуе трыма канцэртамі. У тэатральнай зале замка праспяваюць Юрый Гарадзецкі (тэнар) і Ілья Сільчукоў (барытон). Яны выканаюць сольныя вакальныя творы, якія нібы правядуць слухачоў па старонках гісторыі нацыянальнай музыкі ад XVII да XX стагоддзя. Крыху пазней тут жа адбудзецца «Вечар рамансаў Сяргея Рахманінава». Сапраўдныя хіты кампазітара прагучаць у выкананні салісткі оперы Кацярыны Галаўлёвай. А ўвечары на галоўнай сцэне фестывалю ва ўнутраным двары замка будзе разыграна драма кахання і смерці парыжскай куртызанкі Віялеты Валеры — прэм’ерная опера Дж. Вердзі «Травіята» ў пастаноўцы Андрэйса Жагарса.

Вядучыя салісты оперы, балета і музыканты струннага квінтэта «Серэнада» 24 чэрвеня запрашаюць прыхільнікаў танга-музыкі, гарачых паўднёвых напеваў і мелодый у тэатральную залу Нясвіжскага замка, дзе для іх прагучыць «Мілонга з «Серэнадай». Завершыць фестываль гала-канцэрт зорак оперы і балета. У праграме — вядомыя оперныя арыі і дуэты, яркія нумары балетных шэдэўраў, шлягеры сусветнай музычнай спадчыны.

Ірына ЮР’ЕВА.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Загрузка...
Новости