Куды прыстроiць дзіця пасля школы, калі там няма груп падоўжанага дня, і ў якую капейку гэта абыдзецца?

Вялікая перамена

Сезон белых бантаў, урокаў і пераменаў пачаўся. Як і пачаўся галаўны боль у працуючых бацькоў: куды ўладкаваць дзіця пасля школы і ў якую капейку гэта абыдзецца. Асабліва востра такое пытанне стаіць, калі ва ўстанове адукацыі няма груп прадоўжанага дня. Мы вырашылі даведацца, якія варыянты ёсць у такіх выпадках.
Сёння кошт паслугі няні ад 6 да 10 рублёў за гадзіну
Фота Vdvsp.ru  

Залатыя гадзіны


Марына, мама сямігадовай Міланы, патэлефанавала ў рэдакцыю і эмацыянальна паскардзілася: «У першым класе не было ніякіх праблем. Дзіця ўзялі ў групу прадоўжанага дня без лішніх слоў. А ў гэтым годзе ашаламілі: возьмуць толькі пяць чалавек з класа. У нас па спісе дваццаць вучняў. І вось пытанне ў студыю: у пятнаццаці дзяцей бацькі не працуюць? Або ва ўсіх ёсць клапатлівыя бабулі?»

Якія ж ёсць варыянты, калі «клапатлівай бабулі» няма? Не панікуем, а пачынаем пошукі. Як альтэрнатыву няні можна разгледзець прыватную прадоўжанку. Так-так, нядаўна ў Мінску сталі з'яўляцца такія прапановы. Лаўлю сябе на думцы, што ў мой час такога не было. З цікавасцю пачынаю вывучаць умовы. Але, даведаўшыся кошт, прызнацца, выпадаю ў асадак — больш за 200 рублёў! Так, дзіця забяруць са школы, пацешаць яго і нават прапануюць цікавы факультатыў. Але, згадзіцеся, гэта непад'ёмны кошт для сярэднестатыстычнага работніка. А ці ёсць нешта падобнае ў рэгіёнах? Дзе-нідзе на базе прыватных развіваючых цэнтраў таксама сталі з'яўляцца такія групы. Кошт — ад 70 рублёў. Але таму, хто шануе індывідуальны падыход, прыйдзецца пашукаць няню.

У школах групы прадоўжанага дня бясплатныя, бацькі ўносяць плату толькі за харчаванне. Іншая справа, што не ва ўсіх навучальных установах яны ёсць.
Таццяна, мама перша­класніцы Веранікі з пасёлка Сокал, ужо перагледзела дзясяткі варыянтаў, з кім пакінуць сваю школьніцу. Іх сітуацыю наўрад ці можна назваць крытычнай. У школе, дзе вучыцца яе дачушка, ёсць група прадоўжанага дня. Праблема ў тым, што маці ўсё роўна не паспявае забраць дзяўчынку своечасова, бо працуе ў Мінску. Вось і цяпер Таццяна нервова глядзіць на гадзіннік — баіцца спазніцца на маршрутку:

— Дамовілася, каб з дзіцем сядзела суседка. У яе маленькі сын, якога яна выхоўвае адна. Ёй грошы патрэбныя. Дамовіліся на цану 3 рублі 50 капеек за гадзіну. Але яна не сочыць за дачкой пастаянна. Проста разагравае ёй паесці, правярае, ці зачыніла дзверы. Часам заходзіць да яе. Вядома, я перажываю, таму з офіса нясуся, што вецер у валасах свішча. Але разважаю рацыянальна: калі я хачу штохвіліннае назіранне, трэба плаціць зусім іншыя грошы. Няню па адэкватнай цане знайсці складана. Ведаю, што некаторыя прапануюць настаўнікам такі від падпрацоўкі. У нас, напрыклад, адзін час у якасці няні працавала медсястра з паліклінікі.

Няня па выкліку

Алена Сцішкавец у мінулым педагог, у сучаснасці — Мэры Попінс для сяміме­сячнай Караліны і сямігадовага Роберта. З дазволам мамы дзяцей іду папрацаваць разам з Аленай Мікалаеўнай. На гадзінніку сем раніцы, а яна ўжо каля пліты:

— Тамара Канстанцінаўна сыходзіць рана, таму я на працы з шасці. Працую пяць дзён на тыдзень. У мае абавязкі акрамя нагляду за дзецьмі і выканання з Робертам хатніх заданняў уваходзяць закупка прадуктаў харчавання, лёгкая ўборка дома як мінімум раз на тыдзень і штодзённая на кухні. Мае працадаўцы — добрыя знаёмыя сваякоў, таму за свае паслугі, лічу, прашу няшмат — 600 рублёў. Пры тым, што сярэдні кошт няні ў месяц пры поўнай занятасці (пяцідзённы працоўны тыдзень) знаходзіцца ў дыяпазоне ад 800 да 1200 рублёў. І гэта з адным дзіцем. Да гэтага я працавала па гадзінах. Сёння кошт такой паслугі ад 6 да 10 рублёў у гадзіну.

Яшчэ варыянт — дзіцячыя гульнявыя пакоі, дзе можна пакінуць дзіця на пару гадзін. Але ці чакаюць там школьнікаў? Усё ж яны арыентаваны больш на актыўны адпачынак у выхадныя дні. Але пасля шматлікіх пошукаў знаходжу прапанову: «Набывайце безлімітныя абанементы і наведвайце дзіцячыя гульнявыя пакоі з ранку да вечара ўсяго за 295 рублёў». Ух! Калі выбіраць такі варыянт, трэба працаўладкоўвацца на некалькі работ.

Вызначыцца з варыянтам

Падчас пошукаў сустракаю варыянт, калі групу прадоўжанага дня адкрываюць пры Доме дзіцячай творчасці. Чым не варыянт для пераймання для іншых дзяржустаноў? Дарэчы, амаль год у тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Кастрычніцкага раёна Мінска можна скарыстацца паслугай «Хвілінка для мамы». Пакуль малыя малююць, эксперыментуюць з канструктарам, чытаюць кніжку разам з нянькамі, мама можа зрабіць свае справы. Загадчык аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі Ала Кульпановіч удакладняе нюанс:

— На самай справе мы больш арыентаваны на дзяцей меньшага ўзросту, прымаем з шасці месяцаў. Але было некалькі выпадкаў, калі звярталіся і бацькі школьнікаў. Мы не адмаўлялі. Да нас прыязджаюць нават жыхары іншых раёнаў.

Але ўсё роўна, як ні круціся, а для бацькоўскага кашалька самы аптымальны і бюджэтны варыянт — наведваць групу прадоўжанага дня ў школе. У гэтым выпадку бацькі ўносяць плату толькі за харчаванне. Але тут шмат «але». У некаторых школах такіх груп проста няма. У іншых ёсць, але яны перапоўненыя, таму арыентаваны толькі на 1—2 класы і на невялікую колькасць рабят. Ніхто не абавязвае школы арганізоўваць прадоўжанку для ўсіх жадаючых, тлумачыць прэс-сакратар Міністэрства адукацыі Людміла Высоцкая:

— У школе абавязкова будзе група прадоўжанага дня, калі ва ўстанове ёсць адпаведная матэрыяльная база і калі вырашана кадравае пытанне. Павінны быць свабодныя памяшканні і прадугледжаны спальныя месцы. Практычна ва ўсіх школах ёсць такія групы. Дзе няма, адміністрацыя імкнецца знайсці выхад. Напрыклад, некаторыя арганізуюць групы на базе дзіцячых садкоў.

А вы ўжо прыдумалі, дзе будзе ваша дзіця пасля ўрокаў?

azanovich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter