Вандроўкі з Уладзімірам Субатам. Вялікае Малешава – вёска будучага

Вялікае Малешава: сівыя курганы і камп'ютары на фермах

У КНІЗЕ “Рэвізія пушчаў і пераходаў звярыных у былым Вялікім Княстве Літоўскім…”, складзенай у 1559 годзе старастай мсцібаўскім Грэгарам Валовічам, узгадваюцца назвы многіх паселішчаў, урочышчаў, рэк, азёр. Ёсць там і звесткі пра заснаванне ў 1537 годзе паміж палескімі гарадамі Туравам і Давыд-Гарадком вёскі Вялікі Малешаў.

Назва пайшла ад прозвішча гаспадара маёнтка Малышава, які сваю спадчыну перадаў сынам. Старэйшаму (вялікаму) дастаўся панскі двор з сялянскім паселішчам, якое сталі называць Вялікім Малешавам. Меншы (малы) сын атрымаў зямлю ў трох кіламетрах ад бацькоўскага маёнтка. Паступова там вырасла вёска, якую назвалі Малы Малешаў.



Старажытныя курганы і магільнікі сведчаць, што ў гэтым палескім кутку і раней жылі людзі. Шмат давялося ім перажыць ад частых набегаў мангола-татар. На адным з месцаў крывавых падзей, ва ўрочышчы Крывоніна, захаваўся каменны слуп. 

У сярэдзіне ХVII стагоддзя па Прыпяцкім Палессі прайшла хваля давыд-гарадоцкага паўстання супраць прыгнятальнікаў. Кранула падзея і Вялікі Малешаў. Паўстанцы, узброеныя стрэльбамі, шаблямі, рагацінамі, стваралі на казацкі манер атрады, выбіралі са свайго асяроддзя палкоўнікаў і сотнікаў. Войскі Рэчы Паспалітай паўстанне задушылі.

Вялікі Малешаў пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай адышоў да Мінскай губерні Расійскай імперыі. У густанаселенай вёсцы развівалася рамесніцтва, дзейнічалі кузня, мураваны млын.

Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 года паміж двума Малешавамі пралегла дзяржаўная мяжа. Вёска апынулася ў буржуазнай Польшчы. Улады імкнуліся апалячваць тутэйшых. Адкрылася школа з польскай мовай навучання.

Пасля аб’яднання Заходняй Беларусі з БССР у Вялікім Малешаве арганізаваўся калгас.

Вераломнае нападзенне гітлераўскіх войск спыніла мірнае жыццё. У гады акупацыі народныя мсціўцы не давалі спакою фашыстам.

Летам 1944 года ўся вёска выйшла сустракаць савецкіх воінаў-вызваліцеляў.

У мірны час аднавіў дзейнасць калгас. Чатыры дзесяцігоддзі таму Вялікае Малешава стала цэнтрам сельсавета. Адной з першых у раёне цэнтральная сядзіба, рэфарміраваная ў ААТ “Палессе-АВМ”, атрымала статус аграгарадка.

Кіраўнік вытворчага ўчастка Іван КУДЛАСЕВІЧ, дырэктар ААТ “Палессе-АВМ” Іван КАДОЛІЧ і галоўны ветурач Юрый КРАЎЦОЎ.

СПРАДВЕКУ па сонцы жывуць палешукі. Зеніт іх клопатаў звычайна прыпадае на доўгія летнія дні. Як у “людзей на балоце” з класічнай “Палескай хронікі” геніяльнага Івана Мележа. Раман “Людзі на балоце” пачынаецца з дэталёвага апісання выезду палешукоў на прыпяцкую сенажаць, дзе “лес быў зусім іншы, як на пясчаніку. Рослыя з чорнымі, быццам абпаленымі, камлямі, з дзіўна паточанай карой, старыя алешыны танулі знізу ў густым балотным разнатраўі, у маладой пораслі алешын, у гнілым, асклізлым ламаччы…”. Паўвека таму непраходныя балоты акружалі і Вялікае Малешава, за якім пачынаецца прыпяцкая пойма. Тутэйшыя мужыкі, як і мележаўскія героі, выходзілі на золку ў пакос: па роснай траве каса лягчэй хадзіла. Вечарамі ля вогнішча пад кіпенне куляша ў кацялку пра што толькі не гаварылі.

Цяпер на палескіх сенажацях не звіняць косы. Тэхніка замяніла цяжкую працу касцоў. Балоты пераўтвораны меліяратарамі ў хлебныя нівы, праз якія побач з аграгарадком Вялікі Малешаў, што выцягнуўся амаль на два кіламетры, пралегла ажыўленая аўтадарога.

Герой Сацыялістычнай Працы педагог Надзея КАВАЛЕЦ.

Дырэктар ААТ “Палессе-АВМ” Іван Кадоліч прапанаваў пачаць вандроўку па паселішчы з мясцовай Рублёўкі. Так назвалі тут новую вуліцу, забудаваную эксклюзіўнымі, у асноўным двухпавярховымі мурамі. Ні адзін з іх па архітэктуры не паўтараецца. На кожным падворку па некалькі легкавікоў, царства кветак і абавязкова парнік на ўвесь агарод. І на іншых вуліцах з-за густых садоў вокнамі выглядаюць ладныя драўляныя і цагляныя дамы. У сярэдзіне мінулага стагоддзя з’явілася Колацкая вуліца. Забудавалі яе сялянскімі хатамі, перавезенымі з вялікай вёскі Колкі, на тэрыторыі якой размясціўся ваенны палігон. Няма ўжо тых драўляных хатак. Што ні падворак – дыхтоўныя пабудовы. Больш за паўвека мінула з таго перасялення, а жыхары Колак захавалі свой дыялект і некаторыя традыцыі. І ў суседняй вёсцы Альгомель перасяленцы з Колак жывуць абасоблена. Некалькі новых вуліц аграгарадка забудаваны тыпавымі катэджамі. Праязджаючы каля іх, Іван Цярэнцьевіч выказаўся, што асаблівай патрэбы ўзводзіць іх не было. Такая думка і ў старшыні сельвыканкама Таццяны Васюхневіч, з якою сустрэліся ў яе кабінеце. Палешукі – народ працавіты. Сем’і ў іх вялікія. На пяць тысяч жыхароў сельсавета 264 шматдзетныя сям’і. Сёлета 11 жанчын папоўнілі атрад мацярэй-гераінь.

ПА традыцыі дочкам загадзя ўзводзяцца дамы. Як грыбы пасля цёплага ліпеньскага дажджу паўстаюць яны. Уласны дом прывязвае гаспадара да зямлі. У аграгарадку каля сямідзесяці прыватных новабудоўляў. Летась паўтара дзясятка сем’яў справілі наваселлі. І сёлета ўжо дзесяць новых сядзіб абжываюцца. У сельвыканкаме на чарзе па паляпшэнні жыллёвых умоў зарэгістравана звыш 120 чалавек. Кожны год рэгіструецца каля 30 шлюбаў і амаль сотня народжаных.

Старшыня сельвыканкама Таццяна ВАСЮХНЕВІЧ.

Пяць дачок у Святланы і Мікалая Дзямко. Гаспадыня ўпраўляецца дома і працуе сакратаром у дырэктара гаспадаркі. Муж Мікалай Паўлавіч узначальвае вытворчы ўчастак акцыянернага таварыства. З дзяржаўнай падтрымкай пабудавалі жыллё. Старэйшая дачка Галіна закончыла Гродзенскі дзяржаўны медуніверсітэт і працуе ўрачом у Камянецкім раёне. У дачкі Людмілы чацвёра дзетак. Бацькі дапамаглі яе сям’і абуладзіцца на суседняй вуліцы. Сярэдняя дачка Вольга жыве і працуе ў Жыткавічах. На канікулы з Баранавіцкага дзяржуніверсітэта прыехала Наталля. Самая меншая Міраслава на будучы год закончыць школу і таксама марыць стаць студэнткай.

Трое дзетак у сям’і механізатара Мікалая Акуліча, з якім сустрэліся на мехдвары. З дзяцінства прызвычайваўся ён да тэхнікі. Бацька Уладзімір Мікалаевіч да выхаду на пенсію працаваў на МТЗ-80. Мікалай разам з атэстатам сталасці ў сярэдняй школе атрымаў і пасведчанне трактарыста-машыніста. Адслужыў у арміі, вярнуўся дамоў і замяніў бацьку ў гаспадарцы. Займеў сям’ю. Сваякі дапамаглі прыдбаць дом. Амаль дзесяць сотак агарода накрылі плёнкай і штодзённа па дзясятку мяхоў свежых агуркоў здаюць нарыхтоўшчыкам.

Сельсавет густанаселены. Больш за дзве тысячы жыхароў у Вялікім Малешаве. Напалову менш у суседняй вёсцы Альгомель. Амаль столькі ж у аграгарадку Кароцічы. Прырастае новымі падворкамі вёска Талмачава, дзе пачаўся адлік сёмай сотні жыхароў. У самай аддаленай вёсцы Луткі — 350 чалавек.

Трактарыст Мікалай АКУЛІЧ.

На тэрыторыі сельсавета дзве гаспадаркі, у якіх занята каля паўтысячы працаўнікоў. Развіваецца фермерства. 

З ДЫРЭКТАРАМ сельгаспрадпрыемства завіталі на жывёлагадоўчую ферму Аляксея Копца. Вырас ён у шматдзетнай сям’і. Старэйшыя браты выехалі ў Злучаныя Штаты Амерыкі. І Аляксея таксама спакушала жыццё за акіянам. Але вырашыў паспрабаваць заняцца справай на Радзіме. Пачаў з вырошчвання гародніны. А потым заняўся жывёлагадоўляй. Трактарыстам на бацькавай ферме працуе сын Уладзімір. Малодшы Аляксей атрымлівае вышэйшую сельскагаспадарчую адукацыю ў Расіі і плануе вярнуцца дамоў. Да выхаду ў дэкрэт настаўнічала ў суседнім аграгарадку Альшаны дачка Таццяна. Самая меншая ў сям’і Марыя – старшакласніца, а старэйшая Алена праявіла сябе высокапрафесійным спецыяліс- стам у малочнай фірме і летась прызнана “Чалавекам года” на Століншчыне.

Прайшліся па новай камп’ютарызаванай ферме, дзе ўтрымліваецца паўтысячы галоў буйной рагатай жывёлы. Племянных кароў завезлі з Галандыі. Штодзённа фермер прадае 9 тон малака.

Аператар машыннага даення кароў Яўгенія ЛЕЎКАВЕЦ.

Высокапрадукцыйны дойны статак і ў ААТ “Палессе-АВМ”. Летась пераўзыдзены шасцітысячны рубеж па надоях ад кожнай з 745 кароў. Усяго на фермах звыш трох тысяч галоў буйной рагатай жывёлы. Рэнтабельнасць малака дасягнула 30 працэнтаў. У раслінаводстве найбольш рэнтабельны рапс – 55 працэнтаў. Стабільна кожны гектар гэтай культуры дае звыш 25 цэнтнераў насення. На 500 гектарах вырошчваецца азімая пшаніца. Летась атрымана па 55 цэнтнераў зерня на круг. І сёлета пасля дажджоў колас добра наліваецца. 

Хапае ў гаспадарцы як механізатараў, так і жывёлаводаў. Дырэктар лічыць, што нават залішне працаўнікоў. Зямлі ў гаспадарцы 2500 гектараў. Не заўсёды ўсім стае занятку на ёй. Таму і заробкі адпаведныя. Але кіраўнік не спяшаецца аптымізаваць штат. Няпоўная занятасць людзей дазваляе ім займацца вырошчваннем гародніны, што папаўняе бюджэт сем’яў.

Пакуль ехалі на луг, ад Івана Цярэнцьевіча пачуў, што вырас ён у вялікай сялянскай сям’і. Продкі спакон вякоў працавалі на зямлі. Дзве сястры і брат сталі спецыялістамі сельскай гаспадаркі. Іван Цярэнцьевіч вышэйшую інжынерную адукацыю атрымаў у сталіцы. Практыкаваўся ў эканамічна моцнай гаспадарцы “Палеская ніва”, якою кіраваў вопытны Мікалай Ажог. Пачынаў працоўную дзейнасць з механіка па працаёмкіх працэсах, узначальваў інжынерную службу, а потым кіраваў СВК “Колас”. Пяты год – дырэктар аднаго з найбольш трывалых на Століншчыне ААТ “Палессе-АВМ”.

Фермер Аляксей КОПЕЦ.

З насыпанай грэблі з’ехалі на квяцістую лугавіну, дзе пасвіліся два статкі чорна-пярэстых кароў. Тут жа ўсталявана перасовачная механізаваная дойка. Трактарыст вёз ваду для паення жывёлы, і вырашыў скараціць шлях. Пачаў з’язджаць напрасткі да паілак, і колы трактара загрузлі ў балотцы. Разнерваваны Іван Цярэнцьевіч выклікаў падмогу, якая аператыўна пад’ехала і выцягнула трактар з цыстэрнай вады.

Каля статка завіхаўся Мікалай Марыніч, ля ног якога круціўся рахманы сабака. Другое лета жывёлавод пасе кароў. Травы на лузе густыя, сакавітыя. 

Дзяжурыла ў летнім лагеры аператар машыннага даення Яўгенія Леўкавец. У яе групе 40 дойных кароў. Тры разы за суткі дояць іх. Летам ёй дапамагае дачка Марыя. Жывёлаводам працуе муж Васіль Аляксеевіч. Да восені даенне на лузе. На жывёлагадоўчай ферме сваімі сіламі пабудавалі даільную залу. Хутка адкрыецца і радзільнае аддзяленне. Будаўнічая брыгада завяршае рэканструкцыю цялятніка на ферме “Сулін”.

Будучыя гаспадары Вялікага Малешава.

У былыя гады ў Вялікім Малешаве на кожным падворку было па карове, а на асобных і па некалькі. Вясковы статак набліжаўся да тысячы галоў. Цяпер каля сотні сялянскіх кароў. Людзей агарнуў гароднінны бум. Жывёлу паздавалі і ўзяліся за вырошчванне ў цяпліцах агуркоў і памідораў. Ні аднаго метра зямлі не пустуе. 

З ІВАНАМ Кадолічам, які жыве ў суседняй вёсцы Аздамічы, доўга шукалі сярод цяпліц дом легендарнай палескай настаўніцы, Героя Сацыялістычнай Працы Надзеі Іванаўны Кавалец. Прасторны драўляны будынак з шырокімі вокнамі акружыў каляровым вянком цудоўны кветнік. Гаршкамі з пярэстымі петуніямі ўпрыгожаны драўляны ганак. Дагледжаны садок. Да хлява вядзе мурожная сцяжынка.

Жывёлавод Iван ДЗЯМКО

У акуратна прыбранай зале ля тэлевізара засталі гаспадыню. Даўно аўдавелая, Надзея Іванаўна адна засталася ў доме, які паўстагоддзя таму будавала з мужам Аляксеем Аляксеевічам. Дзеці выраслі, займелі свае сем’і. Побач жыве сям’я дачкі Ганны, якая таксама настаўнічала і ўжо на заслужаным адпачынку. Летась раптоўна не стала сына Уладзіміра. Гора падкасіла 92-гадовую маці. Падтрымліваюць сваякі, былыя вучні, аднавяскоўцы. 

Дынастыю педагогаў працягваюць унучка Таццяна, яе дачка Надзея, якая пасля заканчэння Брэсцкага дзяржаўнага педуні- версітэта вярнулася дамоў настаўнічаць. Як і некалі прабабуля, выкладае рускую мову і літаратуру.

У кожным двары па некалькі аўтамабіляў, але і коні не звяліся...

Узгадала Надзея Іванаўна, як на пачатку настаўніцтва, у далёкім 1951 годзе, у Вялікім Малешаве не знайшлося граматнага тутэйшага для працы ў магазіне. Вёска толькі аднаўлялася пасля вайны. Дарог аніякіх не было. Панавала беднасць. Праз дзесяцігоддзі палеская глыбінка заявіла аб сабе як кузня філалагічных кадраў, спецыялістаў сельскай гаспадаркі, медыцыны, прамысловасці. Многія з іх – выхаванцы заслужанага настаўніка БССР, выдатніка адукацыі, Героя Сацыялістычнай Працы Надзеі Кавалец. Для іх настаўніца – эталон мудрасці, справядлівасці, дабрыні, чыстага сумлення, чалавечай годнасці. Такімі расці новым пакаленням землякоў.

Столінскі раён

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter