Вострых пёраў, сатырыкі!

СВАЮ гісторыю выданне пачало ў 1941 годзе ў Гомелі. Першапачаткова гэта была газета-плакат «Раздавім фашысцкую гадзіну». А праз чатыры гады выданне атрымала сваю сучасную назву. Гумарыстычную школу «Вожыка» прайшлі лепшыя рэдактары, мастакі-карыкатурысты Беларусі, у тым ліку і патрыярх беларускай сатыры народны паэт Кандрат Крапіва. Дарэчы, на гэтую тэму ў прэс-цэнтры Дома прэсы прайшоў «круглы стол» з удзелам лепшых мастакоў-карыкатурыстаў, сатырыкаў, а таксама ўнучкі Кандрата Крапівы Алены Атраховіч. Два гады таму выданне ўвайшло ў холдынг «Літаратура і мастацтва» і стала выдавацца як альманах на ста старонках. А з ліпеня «Вожык» будзе выходзіць у свет раз на тры месяцы. Нязменным застанецца толькі адно — шматгалосая палітра формаў і жанраў, у якім працуе выданне. Сёння, у Дзень смеху, «Белорусская нива» друкуе дзве гумарэскі і карыкатуры «вожыкаўцаў». Калегам зычым прафесійных поспехаў, каб не затупіліся пёры нашых сатырыкаў.

Сёлета споўніцца 70 год з дня выхаду першага нумара часопіса сатыры і гумару «Вожык».

Умоўны рэфлекс

З некаторага часу Ганна пачала заўважаць за сваім мужам незвычайныя дзівацтвы. Як пераехалі на новую кватэру, быццам здурнеў Мікола. Не з работы, як людзі, цягне што-небудзь дадому, а з хаты — на работу.

Мікола працаваў на хлебазаводзе, і раней дома заўсёды пахла свежым хлебам і булкамі, былі запасы цукру, дражджэй, разынак і іншых прысмакаў. А цяпер? Мала таго, што ўсё гэта пакрысе перанёс на завод, дык і сёе-тое з хатніх рэчаў стараецца завалачы ў свой цэх. То інструменты якія, то гайку, а то і посуд…

Урэшце Ганна вырашыла паказаць мужа псіхіятру.

Эскулап агледзеў незвычайнага пацыента з усіх бакоў і, нічога падазронага не заўважыўшы, пачаў распытваць:

— Дзе вы жывяце, якая ў вас кватэра?

Мікола расказаў, што жыве на вуліцы Дражджавой. Раней жыў у двухпакаёвай кватэры, а зараз з жонкай — у аднапакаёўцы. Сын ажаніўся, давялося размяняць кватэру на дзве меншыя.

Вуліца Дражджавая праходзіла якраз паўз хлебазавод. Урач задумаўся:

— А ў якім доме вы жылі раней і ў якім цяпер?

Мікола адказаў.

— Усё зразумела! — усклікнуў псіхіятр. — Ваша ранейшая кватэра была на левы бок ад завода, так? А цяпер — на правы! Раней вы цягнулі ўсё з завода налева. Зараз ваша кватэра ў супрацьлеглым баку, а вы па звычцы цягнеце ўсё налева. Умоўны рэфлекс, левы, так бы мовіць, сіндром…

Жонцы ўрач сказаў, што з цягам часу гэта пройдзе, трэба толькі выпрацаваць іншы рэфлекс, перайсці на «правы» сіндром — і ўсё наладзіцца…

Васіль ФЕРАНЦ

Боршч для мужа

— Алё, Толя! Слухай, я ўжо еду дадому. Успомніла, што табе на вячэру боршч абяцала. Але ж раніцай толькі на працу і паспела сабрацца, больш нічога не зрабіла. Добра яшчэ, што хоць мабільнік не забылася ўзяць з сабою… Не хвалюйся, я хутка буду, прыгатую табе боршч. Ты толькі дастань мяса з халадзільніка і пакладзі ў каструлю, хай варыцца. Усё ж хутчэй будзе. Я хутка!..

— Алё, Толя! Мяса там ужо, відаць, уварылася? Дык ты, каб час не губляць, бульбы пачысці ды парэж… Ага, і капусты таксама пакрышы. Яна ў халадзільніку ляжыць. Морквы яшчэ натры… І цыбулькі дадай! Ага, калі вялікая, хопіць і адной. Я еду!..

— Алё, Толя! Як там мой боршч? Усё зварылася?.. Колькі солі сыпаць? Ды я сама пасалю. Ужо з аўтобуса выходжу! Налівай боршч у талеркі. Ага, пакладзі яшчэ кропу і пятрушкі троху. І смятаны не шкадуй!..

— Прывітанне, Толя! Ну вось бачыш, і боршч гатовы, а ты хваляваўся. Я ж табе абяцала, што звару! Смачна есці!..

Міхась СЛІВА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter