Востраў ля дарогі. Як хлопчыкі замест Кубы апынуліся ў Балі.

Патрапіць на Балі можна некалькімі шляхамі. Першы – самы просты, і ён жа самы складаны: набыць пуцёўку. Адзін тыдзень адпачынку на казачным востраве абыдзецца мінімум у паўтары тысячы долараў на чалавека. З нашымі заробкамі гэта, мякка кажучы, не вельмі танна. Адзін з аператараў сотавай сувязі абяцае звазіць на Балі ўвогуле бясплатна. Праўда, тут трэба выканаць шэраг умоў. Па-першае, падключыцца на пэўны тарыфны план шчодрага аператара. Па-другое, аказацца вельмі ўдачлівым чалавекам, каб перамагчы ў віктарыне, бо жадаючых адпачыць за дзякуй, можна не сумнявацца, будзе вельмі многа. Ну і, па-трэцяе (гэта, бадай, самае галоўнае), трэба быць дзяўчынай, бо на Балі павязуць толькі дзяўчынак. Хлопчыкаў, жадаюць яны таго ці не, адправяць на Кубу.

Патрапіць на Балі можна некалькімі шляхамі. Першы – самы просты, і ён жа самы складаны: набыць пуцёўку. Адзін тыдзень адпачынку на казачным востраве абыдзецца мінімум у паўтары тысячы долараў на чалавека. З нашымі заробкамі гэта, мякка кажучы, не вельмі танна. Адзін з аператараў сотавай сувязі абяцае звазіць на Балі ўвогуле бясплатна. Праўда, тут трэба выканаць шэраг умоў. Па-першае, падключыцца на пэўны тарыфны план шчодрага аператара. Па-другое, аказацца вельмі ўдачлівым чалавекам, каб перамагчы ў віктарыне, бо жадаючых адпачыць за дзякуй, можна не сумнявацца, будзе вельмі многа. Ну і, па-трэцяе (гэта, бадай, самае галоўнае), трэба быць дзяўчынай, бо на Балі павязуць толькі дзяўчынак. Хлопчыкаў, жадаюць яны таго ці не, адправяць на Кубу.

А што рабіць, калі ім хочацца менавіта на Балі? Мы прапануем кампрамісны варыянт, прычым зусім не дарагі. Пакуль назбіраеце грошай для ваяжу на інданезійскі востраў, можаце пабываць у аднайменнай беларускай вёсачцы, што за некалькі кіламетраў ад Шчучына. Яна знаходзіцца ля шашы на Мінск і сама чымсьці нагадвае востраў. Шэсць хат, яшчэ менш – жыхароў, якія знаходзяцца ўбаку ад вялікага жыцця. Тут няма крамы, грунтавая дарога раскісла ад снегу, які імкліва растае. Балійцы на дарогу не скардзяцца, бо і ходзяць па ёй вельмі рэдка. “Астраўляне” ўвогуле стараюцца многа не хадзіць…

Пачастунак для ката і пакута для жывата

Па гендарнаму складу Балі пераплюнула нават сумную афіцыйную статыстыку. Згодна з ёй, на сто жанчын за 80 у Беларусі прыходзіцца толькі 29 мужчын. У гэтай вёсцы мужыкоў зусім няма. Вось і жывуць пяць баліек без пастаяннай апоры на моцнае плячо (на шчасце, дзеці пра матуль не забываюцца).
— Магазін тут быў, але некалькі гадоў таму яго закапалі, — расказвае старшыня Дэмбраўскага сельсавета Віталь Радзімінскі. — Як закапалі? Ну проста. Вырылі катлаван, спіхнулі ў яго бульдозерам будынак і закапалі. У райпа палічылі, што краму нявыгадна трымаць. За апошні час у мяне ў сельсавеце зачынілі шэсць магазінаў.
Канешне, выручка з вяскоўцаў-пенсіянераў невялікая. Таму неабходнае яны купляюць не ў краме, а ў аўталаўцы, якая прыходзіць два разы на тыдзень. Выбару тавараў жанчынам хапае, але ад спажывецкіх непрыемнасцей ніхто не застрахаваны.
— Нядаўна купіла камсы на тры тысячы. Удзень сама з’ела некалькі рыбінак, пачаставала ката, а вечарам у мяне ціск падскочыў за 190, — уздыхае 81-гадовая Марыя Шымін. — Думала, што памру, так дрэнна было. Хаця ніколі праблем са страўнікам не было. Я праляжала тры дні, а кот не ўставаў суткі. Як паправілася, пайшла з рыбай да аўталаўкі. Прадаўшчыца паглядзела на ўпакоўку і моўчкі вярнула мне грошы.

У рэжыме эканоміі

Гэты выпадак прымусіў Марыю Пятроўну ўсур’ёз задумацца. Перш за ўсё пра тое, што ў хаце павінен быць тэлефон.
— А то як памру, дык ніхто і ведаць не будзе. Нават “хуткую дапамогу” няма як выклікаць, — заклапочана зазначае жанчына. — Напэўна, вельмі доўга трэба чакаць падключэння?
Старшыня сельсавета супакойвае, што нядоўга. Абы грошы былі. Каб падключыцца, неабходна заплаціць каля 70 тысяч. А яшчэ — набыць тэлефонны апарат. Для бабы Марыі з яе пенсіяй у 300 тысяч гэта вельмі значныя траты. Тым больш неўзабаве прыйдзецца плаціць страхоўку за хату — гэта яшчэ каля 90 тысяч.
— Ні каўбасы не купляю, ні мяса. У мяне рэжым жорсткай эканоміі, — ці то жартуе, ці то ўсур’ёз гаворыць гаспадыня. І тут жа пытаецца ў Віталя Радзімінскага, ці можна напісаць у сельсавеце завяшчанне, каб сыны пасля яе смерці не дзялілі хату.

“Балі як Балі.
Што тут такога?”

Калі з клопатамі было скончана, мы пачалі распытваць спадарыню Шыміну пра Балі. Адкуль у вёскі такая назва? Можа, у гонар вострава, які распасцёрся дзесьці далёка на стыку Індыйскага і Ціхага акіянаў?
— Ды не ведаем мы, дзе той востраў, толькі і чулі пра яго па тэлевізары, — адмахваецца Марыя Пятроўна. — Увогуле, думаю, ніхто вам пра назву вёскі расказаць не зможа. Балі як Балі. Што тут такога?
Віталь Радзімінскі выказаў меркаванне, што Балі пайшло ад слова “баль”. Маўляў, можа, паны збіраліся тут на танцы? Ніякага палаца, прыдатнага для баляў, у вёсачцы мы не заўважылі. Тым не менш танцы ў Балі раней былі, хаця назва вёскі на той час ужо існавала.
— Гэта зараз маладыя хо-дзяць на галовах, а мы танцавалі прасцей — амбэрку, польку, кракавяк, — узгадвае “астраўлянка”. — Танцам мяне з сястрой вучыў сусед, сталы ўжо мужчына, але ён добра танцаваў. Мы раней былі маладыя, рухавыя, не тое што сёння...

Карова для матулі

Тэма здароўя — самая гарачая ў Балі. Ганна Кахновіч, якой ужо за 70 гадоў, даглядае 91-гадовую матулю. Яе трэба паіць малаком, а каб было малако, неабходна карова.
— Толькі для мамы яе і трымаю, — цяжка ўздыхае Ганна Міхайлаўна, якой, відавочна, даглядаць за старым чалавекам ужо няпроста. — Таблетак я п’ю больш за маці. Як цяжка яе варочаць і не спаць уначы, вы б толькі ведалі...
Другая гаспадыня таксама пачала з набалелага.
— А што, карэспандэнты мне здароўя дадуць? — сустрэла нас 71-гадовая Марыя Шымановіч, якая жыве ў самай прыгожай на ўсе Балі хаце.
На двары — калодзеж-журавель, адзіны ў вёсцы.
— Перавезлі яго з хутара, дзе раней жылі з мужам, — кажа Марыя Гаўрылаўна. — Чаму з’ехалі адтуль? Ну дык была ў парційцаў мода — высяляць людзей з хутароў у вёску. Нам сказалі: пераязджайце, а то спалім вашу хату. Ні грошай, ні матэрыялаў на пабудову новай ніхто не даваў.
Гэта пытанне трэба было вырашаць самастойна. Вось Шымановічы і выправіліся ў лес па “дармавую” драўніну. Мужчына падсек сасну, але вельмі няўдала — тая ўпала на радыёправады. “Дрывасек” іх неяк змацаваў, склаў будматэрыялы ў воз, але спецыялісты з горада ўжо імчаліся разбірацца з абрывам. Шымановічы паспелі схаваць свой здабытак, а вось рукі адмыць ад сасновай смалы — не. Адмаўляць тое, што яны хадзілі ў лес, было бессэнсоўна. Таму прыйшлося добра частаваць правяраючых.
Як пенсіянерка паўгода правяла на нарах
Зрэшты, некалькі гадоў таму Марыя Гаўрылаўна трапіла ў куды больш сур’ёзны пераплёт, які меў зусім нежартоўныя наступствы. Тады ледзь не ўся акруга смяялася з міліцыянераў, што затрымалі пенсіянерку-”наркабаронку”.
— Супрацоўнікі міліцыі падазравалі, што мой сын прадае наркотыкі. Правялі ў мяне дома вобыск, знайшлі баначку з макавым насеннем і больш — нічога. Гэтага хапіла, каб я правяла ў турме паўгода. А сына асудзілі на восем год, — спадарыня Шымановіч ледзьве стрымлівае слёзы.
За чатыры гады, што сын сядзіць у калоніі, Марыя Шымановіч не ездзіла яго адведаць. Няма здароўя. А вось грошы пасылае спраўна, штомесяц 50 тысяч. Хтосьці скажа, што нямнога, але якія сёння пенсіі? Каб мець хоць нейкую прыбаўку, Марыя Гаўрылаўна трымае курэй, а яе другі сын прадае яйкі. У бліжэйшых планах значыцца набыццё яшчэ 20 нясушак у дадатак да тых, што ўжо ёсць.

Зараз на інданезійскім востраве заканчваецца сезон дажджоў, а ў нашу Балі прыйшла вясна, якую так чакалі мясцовыя жыхаркі.
— Вясной жыць хочацца, — сказала адна з “астраўлянак”, калі набралася моцы і правяла нас да брамкі.
І так захацелася раптам паверыць, што вясну ў гэтай невялічкай вёсачцы будзе каму сустракаць яшчэ доўга-доўга, што будзе для каго клекатаць і прыносіць дзяцей буслам, што, як на тым далёкім востраве-цёзку, жыццё тут будзе граць і іскрыцца ўсімі фарбамі...
Утопія? Але гэта кволая спроба веры значна важнейшая, чым далёкае заакіянскае падарожжа. Бо гэта — наша зямля, на якой жыць нам і нашым нашчадкам.

Слова спецыялісту

Баль — не танцы, а бервяно

Лічыць дацэнт Інстытута мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Іван Лучыц-Федарэц:
— У нашай мове ёсць слова “баль”, якое азначае доўгае абчасанае бервяно. Таксама яно выкарыстоўвалася як мянушка для высокіх худых людзей. Хутчэй за ўсё, такі вось Баль паставіў хату дзесьці каля лесу. Разам з бацькам сяліліся дзеці — так атрымалася невялікая вёсачка. Жылі ў ёй Балі. Мне падаецца, што назва вёскі ніяк не звязана с інданезійскім востравам, а таксама з польскім словам “баль”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter