У Барысаве адбудзецца ўрачыстае адкрыццё карціннай галерэі Валерыя Шкарубы

Восеньскае святло Валерыя Шкарубы

Валерый Шкаруба — адзін з самых вядомых і прызнаных беларускіх пейзажыстаў. Яго работы знаходзяцца ў зборах Нацыянальнага мастацкага музея, Музея сучаснага выяўленчага мастацтва, Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея, Музея мастацтваў у Пекіне, у прыватных калекцыях у краінах СНД, Германіі, Францыі, ЗША, Аўстрыі, Японіі, Італіі і многіх іншых. Уражвае і геаграфія замежных персанальных выстаў мастака, якія праходзяць з нязменным поспехам.

А сёння яго чакаюць у Барысаве. Тут адбудзецца ўрачыстае адкрыццё карціннай галерэі Валерыя Шкарубы. Яна размясцілася ў Цэнтральнай раённай бібліятэцы імя І.Х. Каладзеева. У экспазіцыі прадстаўлена больш за 30 работ, падораных знакамітым майстрам землякам.


Фота Аляксандра РУЖЭЧКА

— Валерый Фёдаравіч, што стала штуршком да стварэння персанальнай галерэі?

— Ведаеце, часта бываючы з выставамі ў розных краінах, далёкіх і не вельмі, я заўважыў: нават у зусім маленькіх гарадах, асабліва ў Еўропе, ёсць карцінныя галерэі. У нас у гэтым плане вельмі пуста нават у вялікіх гарадах. Вось і падумаў: пабудаваць галерэю сам я не магу, але магу падарыць карціны. Што і зрабіў. Улады горада адгукнуліся на маю ідэю, далі добрае памяшканне. Цяпер у Барысаве ёсць галерэя, якая дзейнiчае пастаянна. Прыемна, гэта ж мой родны горад. А як кажа адзін мой сябар, радзіма — гэта не пусты гук.

— Якія работы падораны?

— Гэта ўсе карціны, якія заставаліся ў мяне ў майстэрні. Цяпер усё трэба пачынаць з нуля, папаўняць уласнасць. 

— Не шкада? Вы — вядомы, запатрабаваны мастак. Многія з карцін маглі б прадацца.

— З гэтым праблем не было б, шчыра кажучы. Але ж я хачу, каб карціны былі ў Барысаве. І ведаю, што ў горада няма такіх грошай, каб калекцыю набыць. Таму падарыў і ні пра што не шкадую. Ну а каб не сумаваць без сваіх работ, бо як ні банальна, але карціны сапраўды як дзеці, у гэтым многа праўды, напэўна, часцей цяпер буду бываць у родных мясцінах.

— Практычна ўсе вашы работы — пейзажы. Чым прыцягвае гэты жанр?

— Як мастаку мне менавіта пейзаж бліжэй за які іншы жанр у выяўленчым мастацтве, каб паказаць характар і душу беларусаў. Пейзаж — душа прыроды, а чалавек — у яе асяроддзі, яе частка.


«Белае змярканне»

— Пры гэтым на вашых карцінах людзей няма...

— Сапраўды, бо я імкнуся пісаць прыроду чалавека, душу чалавека.

— Адзін з вашых лю-бімых сюжэтаў — дарогі...

— Дарога — тэма невычэрпная, глыбокая, сур’ёзная, філасофская. Гэта — шлях, жыццё, рух. Пакуты, перажыванні, пераадоленне. Прамыя, звілістыя, скрыжаванні, сцяжынкі... У дарогах – аповед пра тысячы людзей, якія па іх прайшлі ці яшчэ пройдуць. Усё гэта можна паказаць у пейзажы. І гэта мне цікава. Дарогі можна пісаць усё жыццё.

— У вашых работах няма нічога яркага, кідкага, але яны прыцягваюць адразу, іх хочацца доўга разглядаць. У чым сакрэт?

— А гэта спецыяльна так зроблена. Я пішу мясціны, да якіх мы прывыклі, звычайныя, што-дзённыя. Спецыяльна ўскладняю сабе задачу. Значна прасцей напісаць пейзаж з нейкімі неабсяжнымі даляглядамі, з прасторай на 40 кіламетраў у глыбіню. Гэта — прыгожа, эфектна. Але гэта не будзе так кранаць. Мая ж задача —зрабіць так, каб гледача прыцягнула гранічна простае, тое, што бачым кожны дзень, міма чаго праходзім. Я наўмысна спрашчаю свае сюжэты.

— Пры гэтым энергетыка ў гэтых простых пейзажах незвычайная. Дарэчы, дзе вы свае сюжэты знаходзіце?

— У асноўным езджу па Мінскай вобласці. Ведаеце, спрабаваў рабіць эцюды ў розных краінах, дзе бываў. Але ўсё так і засталося ў эцюдах, ні адзін карцінай не стаў — не ідзе праца, не маё. Маё — тут, таму і карціны нараджаюцца толькі тут.


«Восеньскае святло»

— Мяркуючы па работах, восень — любімая ваша пара года.

— Менавіта позняя восень, такая, як цяпер, шэранькая. Прырода ў такую пару знаходзіцца ў вельмі дзіўным стане. Лісце ўжо апала, дрэвы вызваліліся, зямля голая, пустая, усё сцішылася, затаілася і чакае першага снегу. У гэтым ёсць нейкая нават сакральная глыбіня прыроды — таямнічая, недаступная розуму. Гэта вельмі складаны стан. Так, усё вакол крыху сумнае. Але ў гэтым восеньскім суме — уся глыбіня, уся філасофія нашай прыроды.

— Што сёння на мальберце?

— Зямля, вада, неба, лес, поле. Усе тыя іпастасі, якія мяне прыцягваюць. Яны – вечныя. І я зноў пішу нашу беларускую восень.


У тэму

У 1998 годзе Нацыянальнаму мастацкаму музею была перададзена карціна Валерыя Шкарубы «Белае змярканне», напісаная ім у 1991 годзе. Дар паступіў ад спадарыні Мерэт Меер-Грабэр, віцэ-прэзідэнта Камітэта Марка Шагала. Гэтае палатно ўнучка сусветна вядомага авангардыста ўбачыла на выставе ў Мінску і набыла для сябе, аднак, калі даведалася, што ў нашым мастацкім музеі няма ніводнага палатна мастака, карціну падарыла. Зараз у фондах музея ўжо дзевяць работ майстра, і яны выклікаюць нязменную цікавасць у наведвальнікаў.

svirko@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter