Водгук у сэрцах чытачоў.

За пяць дзён ХІХ Мінскую міжнародную кніжную выставу наведала каля пяцідзесяці тысяч чалавек.  
За пяць дзён ХІХ Мінскую міжнародную кніжную выставу наведала каля пяцідзесяці тысяч чалавек. Водар свежых кніг, гучныя прэзентацыі, шум імітаванага вадаспаду са стэнда Венесуэлы, якая стала сёлета ганаровым госцем выставы, яшчэ з прыступак у павільён БелЭКСПА прыцягвалі наведвальнікаў, запрашаючы наведаць стэнды ўдзельнікаў выставы-кірмашу.
Жадаючых акунуцца ў кніжнае мора хапала нават раніцай у выхадныя. У апошнія дні працы сёлетняй выставы людзі спяшаліся выкарыстаць магчымасць набыць выданні па нізкіх цэнах, пагутарыць з аўтарамі і паўдзельнічаць у цікавых прэзентацыях, якімі, дарэчы, былі багатыя ўсе дні кніжнага форума. У суботу, напрыклад, якая была прысвечана духоўнай кнізе, было прэзентавана ўнікальнае факсімільнае выданне  першага літаратурнага твора на тэрыторыі Беларусі “Жыццё Еўфрасінні Полацкай” сярэдзіны ХІІ стагоддзя, настолькі падобнае да старажытнага арыгіналу, што, як пажартаваў  выканаўчы дырэктар Выдавецтва Беларускага Экзархата Уладзімір Грозаў, “нават крыміналісты не адрозняць”. 
Была прадстаўлена яшчэ адна цікавая навінка — кніга Анатолія Стацкевіча-Чабаганава “Я — сын ваш”. Гэта маштабны, заснаваны на дакументах твор пра гісторыю славутых родаў Беларусі за 500 гадоў.
— Над гісторыяй старажытных беларускіх родаў я працую больш за 20 гадоў, — расказаў “НГ” Анатолій. — Выдадзены адзін том, у друку — яшчэ два. Праца над гісторыяй свайго роду, гісторыяй кожнага чалавека — вельмі важная тэма. Памяць пра продкаў — наша духоўная апора. Ушаноўваючы гісторыю сваёй сям’і, мы ўшаноўваем гісторыю ўсёй краіны і зберагаем нашу культуру.
Што цікава, прэзентацыі кніг падчас выставы праходзілі не толькі ў слоўнай форме. Тут паказвалі спектаклі, дэманстравалі фільмы, спявалі і нават танцавалі — асабліва ля стэнда ганаровага госця. Ледзь не свята мастацтваў. Але, вядома, у першую чаргу наведвальнікаў цікавіла кніга.
— Выстава паказала, што беларусы чытаюць. Чытаюць і па-руску, і па-беларуску, прычым беларускамоўнымі кнігамі цікавяцца больш, — распавядае вядучы спецыяліст па справах маркетынгу выдавецтва “Беларусь” Алена Афанасьева. — Пачуўшы па радыё ці прачытаўшы ў прэсе пра нейкія кніжныя навінкі, яны прыходзяць на выставу і заяўляюць: хачу гэтую кнігу! Прыемна, што беларусы ведаюць нашых аўтараў, цікавяцца гісторыяй, мастацтвам. Гэта дае стымул нам, выдаўцам, рабіць нешта сапраўды класнае.
Падчас выставы-кірмашу было праведзена больш за 600 мерапрыемстваў, у ліку іх не толькі  прэзентацыі кніг, але і круглыя сталы, семінары, сустрэчы з аўтарамі, літаратурныя чытанні, напрыклад, прысвечаныя 130-годдзю беларускіх песняроў Янкі Купалы і Якуба Коласа, цікавыя акцыі. У апошні дзень выставы былі перададзены ў дар Міністэрству інфармацыі Беларусі і сталічным бібліятэкам новыя кнігі расійскіх выдавецтваў, а экспазіцыя рухомай кніжнай выставы “Культурная спадчына СНД” — Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.
Адбыліся сустрэчы пісьменнікаў і выдаўцоў з розных краін. Так, літаратары Венесуэлы  і Саюза пісьменнікаў Беларусі дагаварыліся аб перакладзе твораў лепшых венесуэльскіх паэтаў, драматургаў, празаікаў з іспанскай мовы на беларускую і наадварот, запланавалі на лета паездку беларускіх пісьменнікаў у Венесуэлу для ўдзелу ў міжнародным паэтычным свяце.
За пяць дзён працы ХІХ Мінскай міжнароднай кніжнай выставы з  экспазіцыямі краін-удзельніц пазнаёміліся больш за 50 тысяч чалавек.
— XIХ Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш пацвердзіла, што наша краіна чытаючая, — адзначыла першы намеснік міністра інфармацыі Лілія Ананіч. — Прыемна, што ідэя Прэзідэнта краіны аб’явіць 2012 год у Беларусі менавіта Годам кнігі знайшла жывы водгук у сэрцах суайчыннікаў.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter