Вiтамiны з нашага двара

На традыцыйныя сельскагаспадарчыя кірмашы зазірнула карэспандэнт “Р”

Па ўсёй краіне праходзяць сельгаскірмашы. У Мінску для сустрэч фермераў і пакупнікоў адвялі 196 штодзённых пляцовак паблізу жылых дамоў, каб грамадзянам не даводзілася далёка хадзіць па свежую гародніну, бульбу, садавіну. Як там ідзе гандаль, назірала карэспандэнт «Р».

Агульны тавараабарот мінулых 14 кірмашоў выхаднога дня ў Мінску перавысіў 980 рублёў

Перш за ўсё праглядваю сайт галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку Мінгарвыканкама, каб даведацца, дзе непадалёк можна знайсці ўраджай ад прыватніка. У Савецкім раёне такіх месцаў з дзясятак. Побач кропка каля магазiна «Златагорскi». Накіроўваюся туды. І сапраўды, каля будынка здалёк бачна грузавую машыну. Знаёмімся з гаспадаром. Алег Цебiнскi вось ужо тры гады прыязджае сюды з Іўя. Там у яго фермерская гаспадарка. Лішкі прадукцыі возіць у Мiнск. Кажа, нягледзячы на адлегласць, гандаль пакрывае выдаткі:

— Нас тут ужо добра ведаюць, так што прыезду чакаюць. Тавар не залежваецца: машына — 5 тон, усё прадаецца літаральна за 1,5 дня. Прадаўцу нічога плаціць не трэба — працуе дачка. Хіба што грузчыка бяром дапамагчы.
Машыны са свежай гароднінай у мікрараёнах будуць стаяць да 15 лістапада.

Той нават дапамагае пакупнікам выбраць што пасмачней. Вось і цяпер раскрывае катах кукурузы, каб пераканаць: не абы-якая, малочная і вельмі смачная. Просіць 1,7 рубля за кілаграм. Грушы — удвая даражэй, яблыкі — па 2—2,2 рубля, кабачкі — па рублi, кошт памідораў вагаецца ў межах 1,6—3,5 рубля. Агуркі аддаюць па 2,2 рубля, перац — па два. Буракі і морква каштуюць па 60 капеек, бульба — 50, лук — 90. Цэны, дарэчы, крыху вышэй за тыя, што на кірмашах выхаднога дня.

— Добра бяруць бульбу. Праўда, людзі ведаюць, што мы тут кожны дзень, і купляюць па 5—10 кіло — на некалькі дзён. Затое ў канцы лістапада затарваюцца па поўнай — па 5—10 мяшкоў звычайна. Рэкорд — 20. Бывае, зімой тэлефануюць і просяць падвезці яшчэ. Калі едзем у Мінск, можам захапіць, але спецыяльна не гонім машыну — адпачываем. У нас жа як: заходзіш у парнiк у лютым, а выходзіш у снежні — край наш спецыялізуецца на памідорах.

Па даных ГУСР Мінгарвыканкама, раённыя адміністрацыі ўжо выдалі больш за паўтысячы дазволаў для продажу гародніны ў мiкрараёнах.

— Тым, хто жадае гандляваць, дастаткова падаць у «адно акно» або ў аддзел гандлю і паслуг раёна даведку аб якасці прадукцыі, фізічным асобам — даведку аб наяўнасці зямельнага ўчастка, юрасобам — даведку аб рэгістрацыі. Таксама трэба пазначыць адну ці некалькі пляцовак, дзе хоча стаяць фермер. Адказ даецца на працягу трох-пяці дзён, — тлумачыць сутнасць працэдуры афіцыйны прадстаўнік ГУСР Мінгарвыканкама Яна Гурская.

Акрамя таго, запасціся гароднінай на зіму можна і на кірмашах выхаднога дня. Цэнтральнай пляцоўкай лічыцца месца каля «Чыжоўка-Арэны», куды ў гэты раз пераважна прыедуць прадстаўнікі Віцебскай вобласці. У гэты ж час сельгаскірмашы будуць праходзіць і на пляцоўках кожнага адміністрацыйнага раёна Мінска.

druk@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?