Вірус нацызму

Напрыканцы студзеня мы згадваем адну з самых чорных дат у гісторыі — Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакоста, зацверджаны Генасамблеяй ААН у памяць аб вызваленні савецкімі войскамі 27 студзеня 1945 года канцлагера Асвенцым (нямецкі лагер смерці Аўшвіц-Біркенау). Нагадаю,  падчас Другой сусветнай вайны фашысты і іх памагатыя знішчылі больш за шэсць мільёнаў яўрэйскага насельніцтва Еўропы.

У свой час Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю па гэтых трагічных падзеях, рашуча асуджаючы Халакост, антысемітызм і ксенафобію. Аднак сёлета, напярэдадні Міжнароднага дня памяці ахвяр Халакоста, кіраўнік еўрадыпламатыі Федэрыка Магерыні выступіла з заявай аб тым, што “антысемітызм нікуды не знік, а яўрэі ў Еўропе па-ранейшаму даволі часта трапляюць пад нападкі”. Такім чынам, на яе думку, дыскрымінацыя на этнічнай і рэлігійнай глебе трывожна ўзрастае.

Як жа жыве Стары Свет адносна тых падзей, якія адбыліся на еўрапейскім кантыненце ўсяго два-тры пакаленні таму. Можа, сапраўды гістарычная памяць сучасных еўрапейцаў становіцца кароткай, а замест знакамітага прывіду камунізму тут пачынае блукаць вірус неанацызму. Недарэмна гімн Трэцяга рэйху — кніга Гітлера “Мая барацьба” з выкладаннем ідэй нацыянал-сацыялізму — апынулася ў рэйтынгу найбольш папулярных у Германіі выданняў. На фоне цяперашняга міграцыйнага крызісу, расавага і маёмаснага расслаення грамадства і росту папулярнасці ультраправых у многіх краінах ЕС.

На жаль, неўміручыя сёння ідэі нацыстаў і на тэрыторыі былога СССР. Іначай як растлумачыць жаданне выдавецтва “Фоліо” (г. Харкаў) надрукаваць дзённікі аднаго з лідараў фашысцкай Германіі Ёзэфа Гебельса на ўкраінскай мове. Асабліва падобная сітуацыя ўплывае на моладзь. Звычайна там, дзе наогул адсутнічае патрыятычнае выхаванне альбо вядуцца настойлівыя спробы перапісвання вынікаў мінулай вайны. Прыкладаў досыць.

Маладыя літоўцы робяць “вясёлыя сэлфі” у каўнаскім 9-м форце, дзе фашыстамі было забіта больш за 50 тысяч чалавек, у асноўным літоўскіх і нямецкіх яўрэяў. 17-гадовая жыхарка Стаўрапольскага краю падазраецца ў апаганьванні сімвалаў вайсковай славы Расіі — дзяўчына ўзняла правую руку ўверх, імітуючы нацысцкае прывітанне, ля помніка чырвонаармейцам. Трое падлеткаў з Магілёва абвінавачваюцца ў акце вандалізму адносна камня-помніка “У памяць аб яўрэях Магілёва — ахвярах нацызму”.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter