Весткі з краманьёнскага часу

На наш заклік больш пісаць пра рэгіянальныя цуды, якія, без сумніву, ёсць у кожнай вобласці, першым адгукнуўся Аляксандр з Чачэрска. Сярод прапанаваных ім цудаў роднай Гомельскай вобласці – стаянка першабытнага чалавека ў вёсцы Бердыж Чачэрскага раёна, вядомая кожнаму па падручніках гісторыі. Удумайцеся толькі: краманьёнцы жылі ў гэтых мясцінах 26 тысяч гадоў таму і іх стаянка ў пяць разоў старэйшая за егіпецкія піраміды! У мясцовым музеі можна паглядзець на біўні маманта, а таксама заточкі краманьёнцаў і ключ ад варот старажытнага драўлянага замка. Зацікавіла нас таксама прапанова Аляксандра ўнесці ў спіс цудаў Беларусі Веткаўскі музей народнай творчасці. У ім захоўваюцца унікальныя духоўныя і мастацкія скарбы мясцін, якія найбольш пацярпелі ад чарнобыльскай катастрофы. Большасць вёсак, дзе жылі стараверы і адкуль прыйшлі ў музей творы, ужо не існуе. Але нашчадкам засталіся каштоўныя ўзоры традыцыйных народных строяў, ручнікоў і вышыўкі, праз якія мы можам лепш зразумець сваю мінуўшчыну.
А вашай вобласці ёсць чым ганарыцца? Магчыма, вы хацелі б таксама прапанаваць свой цуд, зрабіць асабісты ўклад ва ўшанаванне лепшых набыткаў і багаццяў беларускага народа? Мы чакаем менавіта вашага меркавання. Пішыце або тэлефануйце нам па нумары (017) 287-15-07. Спяшайцеся: ваш голас можа аказацца рашаючым! Спіс прэтэндэнтаў на званне цудаў Беларусі размешчаны на нашым сайце ng.by. Там жа за іх можна прагаласаваць і ўнесці свае прапановы.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter