Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Выхаванка дзіцячага дома з аграгарадка Дзівін Кобрынскага раёна Брэстчыны Вера Ярошык паспяхова выступіла ў расійскім тэлеконкурсе

Верым у цябе, Вера!

Заўсёды прыемна за сваіх. А тым больш, калі яны — прыгожыя, таленавітыя, дасягаюць поспехаў, пераадольваючы складаныя жыццёвыя абставіны. З такіх і 16-гадовая спявачка Вера Ярошык: днямі яна паспяхова выступіла ў фінале другога сезона праекта “Ты супер!” на расійскім канале НТВ. Перамогу атрымала Дыяна Анкудзінава, галасістая ж і пяшчотная “дзяўчына з Палесся” — другая. Аднак не будзе перабольшаннем сказаць: гэта вялікая перамога для Веры! І наш вядомы суайчыннік — кампазітар, член журы конкурсу, прадзюсар — Віктар Дробыш казаў у прамым эфіры тэлеперадачы, што для Веры заўсёды адкрытыя сэрца яго, студыя і кампанія.

Цікава, што на шляху да славы на розных этапах конкурсу беларуска выконвала песні на ўкраінскай, рускай, англійскай, беларускай мовах. У прыватнасці, разам з Русланам Аляхно Вера Ярошык спявала вядомыя песні “Мой родны кут” і “Зачарованая” — апошняя прагучала і ў фінале.

“Ты супер!” — вакальны конкурс для дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. У сёлетнім праекце ўдзельнічала больш за 80 юных спевакоў з 13 краін. У фінал выйшлі 11 прэтэндэнтаў. Вера вучыцца ў 10-м класе Дзівінскай школы, паглыблена вывучае беларускую і англійскую мовы, іграе на цымбалах і фартэпіяна.

Мы верым у цябе, Вера!

Голас Радзімы № 20 (3572), чацвер, 31 мая, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter