Вераснёвым светлым ранкам

У Салігорску адкрылася новая сучасная школа на 720 месцаў

Новая сучасная школа адкрылася ў Салігорску

Навучальная ўстанова на 720 месцаў пабудавана менш чым за год, і днямі вучэбна-педагагічны комплекс «дзіцячы сад-сярэдняя школа» прыняў сваіх першых выхаванцаў і вучняў.

Гэты аб’ект адпавядае ўсім сучасным патрабаванням для эфектыўнага ажыццяўлення вучэбна-выхаваўчага працэсу. Школа размясцілася ў чатырохпавярховым будынку, які складаецца з пяці блокаў. Там зручныя і выдатна аснашчаныя вучэбныя кабінеты, пакоі для гульняў і спальні для пачаткоўцаў, гардэробныя памяшканні, лабараторыі, бібліятэка, актавая зала, некалькі спартыўных залаў, басейн, медыцынскія кабінеты і сталовая. Уваход у школу ажыццяўляецца з выкарыстаннем электроннай сістэмы доступу. У трохпавярховым будынку ясляў-сада таксама абсталявана ўсё неабходнае, каб там камфортна адчувалі сябе маленькія выхаванцы і іх выхавальнікі.

Адкрылася новая навучальная ўстанова, як і належыць, ва ўрачыстай абстаноўцы, пры вялікім прадстаўніцтве гасцей. Атрымалася сапраўднае свята з усімі адпаведнымі атрыбутамі. Свой наказ на актыўную і выніковую дзейнасць педагогам, дзецям і бацькам адрасаваў старшыня Мінаблвыканкама Барыс Батура. «Са словам «школа» мы заўсёды атаясамліваем такія важныя катэгорыі, як веды, дабро, духоўнасць, любоў да роднай зямлі. У краіне вырашэнню праблем адукацыі надаецца першаснае значэнне. Гэта стала нашым крэда, бо разумеем, што без добра падрыхтаваных, адукаваных спецыялістаў нельга рашаць тыя каласальныя задачы, што стаяць сёння перад нашым грамадствам», — адзначыў ён. Кіраўнік сталічнага рэгіёна перакананы ў тым, што пры той увазе, якая надаецца ў краіне таленавітым вучням, беларускіх школьнікаў чакаюць яшчэ больш гучныя поспехі, і ўпэўнены, што ў новай школе хуткім часам таксама з’явяцца свае героі.

Нельга не зазначыць, што адкрыццё гэтай школы ў Салігорску сведчыць пра паляпшэнне дэмаграфічнай сітуацыі ў горадзе. Так, тут адразу набрана сем першых класаў, а гэта вельмі неблагі паказчык. Увогуле ж у горадзе калійшчыкаў у кожнай школе адкрылася не менш за 3—4 першыя класы, што, як падкрэсліў Барыс Батура, безумоўна, абнадзейвае.

Усяго на Міншчыне сёлета на рамонт устаноў адукацыі накіравана 145 млрд. рублёў, яшчэ 230 млрд. рублёў пайшло на будаўніцтва аб’ектаў. Толькі на працягу некалькіх апошніх месяцаў закуплена больш за 60 камп’ютарных класаў і лінгафонных кабінетаў. А 26,5 млрд. рублёў накіравана на абсталяванне рэсурсных цэнтраў вытворчага навучання і цэнтраў падрыхтоўкі да міжнародных алімпіяд.

У кантэксце сказанага нельга не адзначыць, што ў апошнія гады ў сталічным рэгіёне вельмі актыўна вядзецца будаўніцтва школ, дзіцячых садоў, спартыўных аб’ектаў, дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. Новы навучальны год у сталічным рэгіёне пачалі 580 школ, упершыню за парты селі каля 14 тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter