Акт исторической справедливости: как в 1939 году произошло долгожданное объединение Беларуси в одну страну

Векапомны верасень

У стане раздзеленага народа беларусы знаходзіліся васям­наццаць гадоў. І толькі ў верасні 1939-га адбылося доўгачаканае аб’яднанне ў адну краіну. У гонар гэтага цэнтральныя вуліцы ў вялікіх і малых гарадах Заходняй Беларусі носяць назву «17 Верасня». Пра падзеі тых часоў — наша размова з загадчыкам аддзела навейшай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдатам гістарычных навук Cяргеем Траццяком.

Грамадзяне другога сорту


— Сяргей Аляксандравіч, як вядома, мяжа па Рыжскай дамове прайшла далёка на ўсход ад агульнапрызнанай лініі Керзона, якая аддзяляла тэрыторыі, дзе жылі пераважна палякі, ад тых, дзе жылі беларусы. Такім чынам, Польшча захапіла ладны кавалак тэрыторыі, якая ёй ніколі не належала. Што можна сказаць пра дэмаграфічны склад так званых усходніх крэсаў і польскую палітыку яго змянення?

— Пераможны для Польшчы Рыжскі мір 1921 года стварыў фармальна адзіную, а па сутнасці шматнацыянальную Польшчу, у гэтай дзяржаве палякі склалі прыкладна 64 працэнты насельніцтва.

Прыхільнікі першага маршала Польшчы Ю. Пілсудскага бачылі стварэнне ў перспектыве пад эгідай Польшчы «Усходнееўрапейскай Федэрацыі ад Чорнага да Белага мора», а для пачатку — дзяржаўную (палітычную) асіміляцыю ўсходніх крэсаў, правядзенне такіх рэформаў, «якія б пераўзышлі бальшавіцкія і нямецкія, якія б павярнулі народы ўскраін да Польшчы, а не да Расіі». Палітыкі з лагера народных (нацыянальных) дэмакратаў, наадварот, лічылі, што шлях да ягелонскай Польшчы пасля Рыжскага міру ляжыць толькі праз этнічную і рэлігійную асіміляцыю нацыянальных ускраін.

Аб сутнасці «крэсавай» палітыкі польскія правіцелі выказваліся неаднаразова і для шырокай аўдыторыі. У прыватнасці, у 1923 годзе з праграмнай заявай выступіў прэм’ер-міністр С. Грабскі: «Пры тых умовах, калі ў адышоўшай да нас частцы Беларусі галоўная маса насельніцтва складаецца з беларусаў-каталікоў, якія моляцца ў касцёлах па польскіх малітоўніках, калі ёсць магчымасць удвая павялічыць насельніцтва шляхам перасялення каталікоў з Захаду, калі адзіным буйным цэнтрам у краіне з’яўляецца наскрозь польская Вільня, аб’яднанне гэтай краіны ў нацыянальных адносінах з Польшчай з’яўляецца адносна лёгкім. Трэба толькі, каб мы самі не стварылі абсалютна непатрэбнага «беларускага пытання». Усё «беларускае пытанне», ці, дакладней, пытанне аб тэрыторыі, на якой большасць насельніцтва складаюць беларусы, з’яўляецца амаль выключна гаспадарчым пытаннем — пытаннем належнага развіцця польскіх школ, развіцця ў гарадах і мястэчках польскіх грамадскіх і асветніцкіх устаноў, умацавання на гэтай тэрыторыі польскай інтэлігенцыі, і нарэшце, правя­дзення ў гэтым краі меліярацыйных работ для ўзмацнення каланізацыі».

Так, распрацаваны ў 1928 годзе план асушэння Палескіх балот і асваення асушаных зямельных тэрыторый меў найперш палітычныя мэты — польскую каланізацыю Заходняй Беларусі. На асушаныя тэрыторыі меркавалася перасяліць не малазямельных беларускіх сялян, а польскіх каланістаў-асаднікаў. Меліярацыйныя работы планавалася фінансаваць на 40 працэнтаў за кошт дзяржаўных сродкаў, на 40 — за кошт мясцовых органаў улады і на 20 працэнтаў за кошт мясцовага насельніцтва, гэта значыць, за кошт беларускага насельніцтва аплаціць перасяленне з Цэнтральнай Польшчы. Менавіта асушэнне Палесся стварыла б неабходны зямельны фонд для размяшчэння 50 000 сем’яў польскіх каланістаў-асаднікаў без неабходнасці «абрэзкі» землеўладанняў ужо наяўных палякаў-памешчыкаў.

Мітынг у мястэчку Смаргонь, прысвечаны ўз’яднанню Заходняй Беларусі з БССР.

Пасля майскага перавароту 1926 года, калі аж да верасня 1939-га ў Польшчы ўсталяваўся прафашысцкі рэжым улады Ю. Пілсудскага, пачаўся так званы рэжым санацыі (аздараўлення).

 Згодна з законам 1933 года на пасады ў мясцовым дзяржаўным апараце і мясцовым самакіраванні маглі быць абраныя толькі асобы, якія мелі сярэднюю адукацыю і павінны былі вытрымаць экзамены ў спецыяльнай павятовай камісіі. Такім чынам дасягалася адсячэнне простанароддзя і «сацыяльна небяспечных элементаў» ад удзелу ва ўладзе. Тыя ж мэты ставіла і комплексная школьная рэформа, праведзеная ў пачатку 1930-х гадоў санацыйным рэжымам.

Нягледзячы на пратэст грамад­скасці, да 1938/39 навучальнага года былі ліквідаваны беларускія настаўніцкія семінарыі, сярэднія школы і гімназіі, апошняя з якіх — Віленская беларуская гімназія — была рэарганізавана ў Беларускі філіял Польскай гімназіі. Колькасць беларускіх пачатковых школ у Заходняй Беларусі за 1922–1939 гады зменшылася з 32 да 5, колькасць навучэнцаў у іх — з 2091 да 500 чалавек. Разам з тым да канца 1930-х польскія ўлады так і не змаглі забяспечыць абяцанага ўсеагульнага пачатковага навучання, сур’ёзных зрухаў у вырашэнні праблемы непісьменнасці. У многіх мясцовасцях Заходняй Беларусі, асабліва на Палессі, працягвалі існаваць «бясшкольныя акругі». У 1936 годзе ў Палескім ваяводстве з 236 000 дзяцей школьнага ўзросту 53 000 не былі ахоплены пачатковым навучаннем. У Віленскай школьнай акрузе 21,6 працэнта дзяцей не вучыліся. Усяго на заходнебеларускіх землях у 1938/39 навучальным годзе не наведвалі школу больш за 100 тысяч дзяцей.

Школа міжваеннай Польшчы — тыповая буржуазная школа «двух калідораў», якая павінна была выхоўваць пасіўную большасць і актыўную меншасць — расу рабоў і расу паноў, набыла на крэсах выразна каланізатарскі характар. Палітыка польскіх улад спрыяла росту непісьменнасці сярод насельніцтва. Так, у 1938 годзе сярод насельніцтва Палескага ваяводства было 70 працэнтаў непісьменных. Фармальныя палітычныя правы на падставе адукацыйнага цэнзу мела вельмі нязначная частка заходніх беларусаў: паводле звестак афіцыйнай польскай статыстыкі, сярэднюю і вышэйшую адукацыю мела адпаведна 0,27 і 0,17 працэнта заходнебеларускага насельніцтва.

Неспрыяльным было становішча беларускай інтэлігенцыі, якая часта не магла атрымаць працу згодна са сваёй адукацыяй. Напярэдадні ўз’яднання ў школах і навучальных установах Заходняй Беларусі працавалі 13 666 настаўнікаў і выкладчыкаў, а яшчэ 2438 настаўнікаў не мелі працы. У 1932 годзе ў Палескім ваяводстве на долю беларусаў прыходзілася толькі 2,5 працэнта інтэлігенцыі. Ва ўсходніх ваяводствах сярод 514 настаўнікаў дзяржаўных сярэдніх школ беларусаў налічвалася дзевяць чалавек. Працэнт студэнтаў-беларусаў у Віленскім універсітэце ў 1919–1937 гадах вагаўся ад 0,9 да 2,8, а іх колькасць ніколі не перавышала 100 чалавек.

Нацыянальна-вызваленчая барацьба

— Цяпер у свядомасць беларусаў малодшага пакалення настойліва ўкладваюць, што за польскім часам жылося някепска. Але людзі, якія аставілі ўспаміны пра той час, з гэтым катэгарычна не згодны: яны помняць і галечу, і прыгнёт, забарону размаўляць на роднай мове. Хтосьцi з’язджаў ад гэтага з родных месцаў у далёкую Амерыку, хтосьцi як мог змагаўся…

— Акт несправядлівасці, здзейснены ў дачыненні да беларускага народа ў Рызе, не мог не выклікаць адэкватных дзеянняў з боку той часткі беларускай нацыянальнай эліты, якая была катэгарычна не згодна з заключэннем Рыжскай мірнай дамовы. Улетку 1921 года ў Заходняй Беларусі быў створаны Цэнтральны беларускі паўстанцкі камітэт. Галоўную ролю ў кіраўніцтве партызанскай барацьбой адыгрывала Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПСР). Вясной 1922 года беларускія партызаны (да 10 тысяч чалавек) перайшлі да актыўных дзеянняў супраць польскіх улад. Па афіцыйных звестках, у 1922 годзе былі зафіксаваны 878, а ў 1923-м — 503 баявыя партызанскія аперацыі. Найбольш інтэнсіўная партызанская барацьба вялася на Беласточчыне і Гродзеншчыне. Каб спыніць партызанскі рух, польскія ўлады ўзмацнілі паліцэйскі тэрор. У 1923 годзе польскім паліцыі і войскам удалося нанесці шэраг буйных паражэнняў беларускім партызанам. Стаўка беларускіх эсэраў на ўзброеную барацьбу не апраўдалася, БПСР была практычна знішчана.

Акрамя ўзброеных метадаў барацьбы за свае законныя правы, беларусы выкарыстоўвалі таксама і легальныя формы. Хоць легальнай парламенцкай і непарламенцкай барацьбе беларусаў за свае гарантаваныя законам і міжнароднымі дамовамі правы і свабоды Польскай дзяржавай чыніліся велізарныя, часцяком практычна неадольныя перашкоды з дапамогай паліцэйскіх правакацый і рэпрэсій. Гэта прадэманстраваў разгром польскімі ўладамі ў 1927 годзе Беларускай сялянска-работніцкай грамады — самай буйной беларускай палітычнай партыі рэвалюцыйна-дэмакратычнага лагера.

Толькі ў верасні 1939-га, з пачаткам Другой сусветнай вайны, у абстаноўцы краху Польскай дзяржавы і ўводу войскаў Чырвонай Арміі на тэрыторыю Заходняй Беларусі адбылося канчатковае ўз’яднанне ўсяго беларускага народа ў адзінай нацыянальнай беларускай дзяржаве, якой у гэты час з’яўлялася толькі Беларуская ССР. Тэрыторыя Беларусі зноў набыла цэласнасць, вярнулася ў рэчышча векавой гістарычнай традыцыі. З гэтага часу нацыянальнае адзінства з’явілася найважнейшай перадумовай для імклівага нацыянальна-дзяржаўнага развіцця, агульнага паступальнага руху беларускай нацыі да прагрэсу.

Тым не менш падзеі нацыянальна-вызваленчай барацьбы беларусаў у міжваеннай Польшчы, падзеі верасня — лістапада 1939 года засталіся ў гістарычнай цяні. Помнік барацьбітам за вызваленне беларускага народа, які 30 кастрычніка 1939 года пастанавіў узвесці Народны сход Заходняй Беларусі, так і не быў пастаўлены. Гэта, лічу, трэба было б зрабiць, паколькі без самаахвярнай барацьбы беларусаў у міжваеннай Польшчы за сваё права «людзьмі звацца», без 17 верасня — 14 лістапада 1939 года не было б сучаснай Рэспублікі Беларусь.

Сустрэча з чырвонаармейцамі ў Маладзечне.

— Пра любы час лепш за ўсё сведчаць архітэктурныя пабудовы. Калі ў Мінску ад міжваеннай пары засталіся жылыя дамы і заводы, то на тэрыторыі Заходняй Беларусі — турмы, казармы і паліцэйскія ўчасткі, дзе-нідзе вуліцы-брукаванкі. У якім эканамічным стане сустрэла Заходняя Беларусь аб’яднанне?

— Землі Заходняй Беларусі ў 1921–1939 гадах у народнагаспадарчым плане ўяўлялі сабой унутраную калонію Польскай дзяржавы. Польскія правячыя колы і эканамічныя эліты разглядалі ўсходнія ўскраіны ў якасці крыніцы сыравіны, таннай рабочай сілы і рынку збыту прамысловасці ваяводстваў Цэнтральнай Польшчы. Таму палітыка Варшавы ў Заходняй Беларусі, якая не ставіла мэтай комплекснае развіццё і мадэрнізацыю краю, мела неадназначныя наступствы. Развіццё сеткі шляхоў зносін было падпарадкавана не гаспадарчым, а ваенным задачам. Мэтанакіравана згортваліся вытворчасці, здольныя скласці канкурэнцыю прамысловасці Цэнтральнай Польшчы (запалкавая, шкляная, тэкстыльная, абутковая, лікёра-гарэлачная, тытунёвая, металаапрацоўчая галіны). Развіццё і дзяржаўную падтрымку атрымалі вытворчасці, якія выраблялі сыравіну і прадукцыю першаснай перапрацоўкі на экспарт і для наступнай перапрацоўкі на заводах Цэнтральнай Польшчы (дрэваапрацоўчая, кардонна-папяровая галіны).

У выніку змянілася галіновая структура прамысловасці: да 1928 года на вядучыя пазіцыі замест харчасмакавай выйшла дрэваапрацоўчая галіна. Побач з невялікай колькасцю адносна буйных і тэхнічна абсталяваных прадпрыемстваў значнае распаўсюджанне набылі дробныя фабрыкі і заводы, а таксама прадпрыемствы мануфактурнага і рамесна-саматужніцкага тыпу з панаваннем ручной працы. У канкурэнтнай барацьбе з прамысловасцю іншых раёнаў Польшчы прамысловасць Заходняй Беларусі вымушана была абапірацца не на тэхнічны прагрэс, а на эксплуатацыю рабочых.

Аграрная палітыка польскіх улад зыходзіла ў першую чаргу з задачы ўсебаковага ўмацавання і ўзмацнення польскіх асноў у жыцці краю. Гэта прадвызначыла стаўку дзяржавы ў заходнебеларускай вёсцы на «польскі элемент» — памешчыкаў, ваенных каланістаў-асаднікаў і сельскую буржуазію каталіцкага веравызнання і развіццё сельскай гаспадаркі краю па «прускім» шляху. Значная аграрная перанаселенасць і абумоўленая гэтым таннасць працоўных рук спрыялі таму, што таварнасць памешчыцкіх і кулацкіх гаспадарак расла галоўным чынам не за кошт мадэрнізацыі вытворчасці, а за кошт узмоцненай эксплуатацыі працы батракоў і падзёншчыкаў. Тым самым замацоўвалася тэхналагічная адсталасць сельскай гаспадаркі краю ў цэлым. Аграрныя рэформы, якія праводзіліся польскімі ўладамі ў 1921–1939 гадах, не вырашылі аграрнага пытання на карысць беззямельных і малазямельных сялян, якія складалі большасць сельскага насельніцтва краю, а наадварот, яшчэ больш абвастрылі зямельны голад.

Назаўсёды разам

— Цяпер, калі беларусы 81 год жывуць у адной краіне, важна памятаць, з якімі цяжкасцямі сутыкнуліся пры аб’яднанні Беларусі, як іх пераадолелі…

— З аднаго боку, значнае павелічэнне тэрыторыі, насельніцтва, натуральных рэсурсаў і іншых фактараў вытворчасці ўзмацніла народнагаспадарчы патэнцыял рэспублікі. З другога — неабходнасць падцягвання заходніх абласцей да ўзроўню ўсходніх у сацыяльна-эканамічных, сацыякультурных і тэхналагічных адносінах, садзейнічання іх патэнцыялу ў інтарэсах народнай гаспадаркі БССР і СССР у цэлым патрабавалі карэктыроўкі планаў гаспадарчага развіцця.

У верасні 1939-га — чэрвені 1941 года ў заходнебеларускім рэгіёне адбыліся значныя змены. Увосень 1939 года, не чакаючы заканадаўчых актаў новай улады, сялянскія камітэты бралі на ўлік маёмасць памешчыкаў, асаднікаў, дзялілі памешчыцкую і царкоўную землі сярод беззямельных і малазямельных сялян, якія атрымалі амаль 431 тысячу гектараў зямлі, пераважна ворнай, і сенакосаў. Ім было перададзена больш за 14 тысяч коней і звыш 33 тысяч кароў, а таксама зерне на пасеў. У выніку было ліквідавана памешчыцкае землеўладанне, значна павялічылася серадняцкая праслойка ў вёсцы. Да канца 1940 года ў заходніх абласцях БССР мелася 646 калгасаў, а да чэрвеня 1941-га — 1115, якія аб’ядноўвалі 49 000 сялянскіх сем’яў. Іх абслугоўвала створаная за кароткі тэрмін з дапамогай дзяржавы 101 машынна-трактарная станцыя з 997 трактарамі і іншымі сельскагаспадарчымі машынамі. На землях лепшых маёнткаў арганізавалі 28 саўгасаў.

Аднаўляліся і пашыраліся прадпрыемствы, пачалося будаўніцтва новых фабрык і заводаў. Абсталяванне для іх завозілася з Расіі, Украіны і ўсходніх абласцей БССР. У канцы 1940 года ў заходніх абласцях дзейнічалі 392 прамысловыя прадпрыемствы, на якіх было занята каля 40 тысяч рабочых. Аб’ём валавой прадукцыі прамысловасці павялічыўся амаль у два разы ў параўнанні з 1938 годам і склаў 27,6 працэнта прамысловай вытворчасці рэспублікі. Да 1941 года беспрацоўе ў рэгіёне практычна было ліквідавана.

За кароткі час была наладжана бясплатная сістэма медыцынскага абслугоўвання. Калі ў 1938-м у заходніх абласцях налічвалася толькі каля 80 бальніц і каля тысячы дактароў, то ў канцы 1940-га тут мелася 243 бальніцы і радзільныя дамы, 207 паліклінік і амбулаторый. У медыцынскіх установах працавалі 1755 дактароў і 5585 сярэдніх медыцынскіх работнікаў.

Часці Чырвонай Арміі ўваходзяць у мястэчка Ракаў.

Асабліва значныя вынікі былі ў нацыянальнай асвеце. Напрыклад, калі ў 1937/38 навучальным годзе ў рэгіёне дзейнічала каля 4670 школ, у якіх на польскай мове навучалася каля 670 тысяч дзяцей, то ў 1940/41 навучальным годзе ўжо працавала 5959 школ, прычым больш за 4500 з іх вялі навучанне на беларускай мове, а астатнія — на рускай, польскай, яўрэйскай і літоўскай мовах. У пачатку 1941 года каля 170 тысяч дарослых наведвалі школы па ліквідацыі непісьменнасці. У заходніх абласцях было адкрыта 5 вышэйшых навучальных устаноў і 25 сярэдніх спецыяльных. На беларускай мове сталі выдавацца газеты, адкрыліся 5 тэатраў, дзейнічалі 220 бібліятэк з фондам звыш 446 тысяч кніг і 211 кінаўстановак.

Але да пачатку Вялікай Айчыннай вайны размяшчэнню прадукцыйных сіл «вялікай» БССР не ўдалося прыдаць рацыянальнасць, а мерапрыемствы па сацыялістычнай уніфікацыі заходніх абласцей БССР з усходнімі мелі папярэдні характар. Тэхніка-тэхналагічнае і сацыякультурнае адставанне Заходняй Беларусі ад Усходняй захавалася.

Завяршэнне сацыялістычнай уніфікацыі Заходняй Беларусі з БССР прыйшлося ўжо на перыяд чацвёртай і пятай пасляваенных пяцігодак (1946–1954 гг.). Менавіта ў 1939–1941 гадах быў закладзены новы геаграфічны каркас беларускага эканамічнага раёна СССР уздоўж камунікацыйных восей Гродна — Мінск — Гомель і Брэст — Мінск — Віцебск і пачалося ператварэнне былога прыгранічнага раёна БССР у цэнтральна-беларускі прамысловы раён праз стварэнне галоўнай базы цяжкога машынабудавання БССР у чатырохкутніку Баранавічы — Мінск — Барысаў — Бабруйск.

Фота Беларускага дзяржаўнага музея Вялікай Айчыннай вайны

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter