Ведамі гатовы падзяліцца

Парламентарыі абмеркавалі з кіраўніцтвам Беларускага нацыянальнага тэхнічнага універсітэта перспектывы міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы адукацыі і трансферу тэхналогій
Парламентарыі абмеркавалі з кіраўніцтвам Беларускага нацыянальнага тэхнічнага універсітэта перспектывы міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы адукацыі і трансферу тэхналогій.

Лазерная ўстаноўка ў адной з лабараторый БНТУЛетась распрацоўкі, зробленыя ў лабараторыях БНТУ, атрымалі каля 30 дыпломаў і 12 медалёў на 25 розных міжнародных выставах. І гэта, як лічыць доктар тэхнічных навук, прафесар Аляксандр Калінічэнка, найлепшае сведчанне таго, што ўзровень дасягненняў яго калег сапраўды сусветны. Таму і паступае ў БНТУ нямала розных прапаноў ад замежных партнёраў як у сферы адукацыйных паслуг, так і навукі. Адзін з апошніх прыкладаў супрацоўніцтва: ва універсітэце створаны сумесны Беларуска-кітайскі цэнтр у галіне дарожнага будаўніцтва. Хутка запрацуюць яшчэ два цэнтры. Адзін — з Латвіяй, у галіне лазерных тэхналогій. Другі — з Сірыяй, якую цікавяць пытанні трансферу тэхналогій. “Мы право-дзім работы, як гаворыцца, на пярэднім краі навукі, выкарыстоўваем самыя сучасныя веды і пры навучанні студэнтаў, і падчас даследаванняў”, — з гонарам дадаў прафесар, праводзячы экскурсію для гасцей па выставе навуковых дасягненняў.

Пры ўваходзе — стэнд з фотаздымкамі пра наведванне БНТУ Нобелеўскім лаўрэатам Жарэсам Алфёравым. Менавіта з Беларускага політэха пачынаўся ягоны шлях у вялікую навуку. А потым фізік паехаў вучыцца ў Ленінград, там і застаўся. Цяпер заснаваная яшчэ ў 60-я гады універсітэцкая «Лабараторыя тэхнікі высокіх напружанняў» носіць імя Ж.Алфёрава, і тры яго імянныя стыпендыі атрымліваюць лепшыя студэнты і аспіранты.

Так, навуковы, адукацыйны патэнцыял БНТУ, якому хутка 90 гадоў, прываблівае шматлікіх партнёраў. Парламентарыяў жа ў першую чаргу цікавіла развіццё міжнародных сувязяў. Цяпер тут вучацца каля 800 студэнтаў з 34 замежных краін, у асноўным па кантрактах: плацяць за вучобу самі. Універсітэт сам робіць рэкламу адукацыйных паслуг. Дарэчы, ён уваходзіць у Еўрапейскую асацыяцыю універсітэтаў. Дапамагаюць і былыя выпускнікі, студэнты з замежжа. Вельмі плённым можа быць і супрацоўніцтва ў гэтай сферы з прадстаўнікамі беларускай дыяспары.

Студэнты-замежнікі, з якімі мне давялося размаўляць, важкімі аргументамі “за беларускі дыплом” лічаць не толькі высокі ўзровень нашай адукацыі і меншы яе кошт у параўнанні, скажам, з расійскай. Сацыяльная стабільнасць у краіне, талерантнасць беларусаў, прыязнае стаўленне да іншаземцаў, урэшце, “спакой на вуліцах” – гэта таксама вельмі важна. Асабліва для бацькоў-спонсараў, якія выпраўляюць дзяцей “у свет па навуку”.

Прарэктар БНТУ Фёдар Раманюк выказаў парламентарыям такую прапанову: разгледзець магчымасць выдзялення дзяржаўных грантаў для навучання ў беларускіх вну замежных студэнтаў. Вопыт сведчыць, што, уклаўшы грошы ў такую справу, краіна пашырыць у свеце кола сяброў і дзелавых партнёраў.

Парламентарыі станоўча ацанілі той факт, што БНТУ, іншыя вну краіны адкрыты да шырокага супрацоўніцтва з рознымі навуковымі, навучальнымі ўстановамі за мяжой. Было акрэслена кола пытанняў у сферы міжнароднага супрацоўніцтва вну, вырашаць якія трэба на дзяржаўным узроўні.

Іван Ждановіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter