Ведам — час

Да заканчэння рэгістрацыі на ЦТ застаўся адзін тыдзень

Да заканчэння рэгістрацыі на ЦТ застаўся адзін тыдзень.

Запісацца на тэсты будучыя абітурыенты могуць да 1 чэрвеня. У працоўныя дні дакументы прымаюцца з 9.00 да 19.00, а ў суботу — з 9.00 да 18.00.

— На раніцу панядзелка на ЦТ ужо зарэгістравалася амаль 87 тысяч чалавек. Гэта прыкладна на 15 тысяч менш, чым за гэты ж перыяд мінулага года, — гаворыць Мікалай Фяськоў, дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў. — Дарэчы, у мінулым годзе дакументы на тэсціраванне падалі 135 тысяч чалавек.

Калі ўлічваць, што абітурыенты адразу запісваюцца на два-тры тэсты, згодна з данымі на панядзелак колькасць чалавекатэстаў склала 242 тысячы.

Больш за ўсё тых, хто жадае здаваць рускую мову — 61 тысяча, затым матэматыку — 55,5 тысячы і беларускую мову — 26 тысяч.

Як паведамляюць у Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў, ажыятажу ў апошнія дні ў пунктах рэгістрацыі не будзе.

— Больш актыўна будучыя абітурыенты запісваліся на ЦТ у першай палове мая, тады ў дзень рэгістравалася каля 7 тысяч чалавек, — працягвае Мікалай Фяськоў. — Зараз гэтая лічба складае прыкладна 5 тысяч. Таму запісацца паспеюць усе.

Акрамя хіба што няпамятлівых.

— Прыкладна з 2-га па 5 чэрвеня, як гэта адбываецца ўжо 11 гадоў запар, абавязкова знойдуцца тыя, хто будзе званіць і пытаць, калі можна зарэгістравацца на ЦТ, — рэзюмуе дырэктар РІКВ.

Для такіх нагадваем: рэзервовы дзень для запісу на тэсціраванне — 4 ліпеня.

Само ж ЦТ пачнецца 14 чэрвеня з беларускай мовы і скончыцца 28 чэрвеня геаграфіяй.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter