Виолончелист Иван Коризна выступит в Минске после долгого перерыва

Вечар трох санат

У Беларусі Іван Карызна не іграў ужо тры гады. Усё проста — запатрабаванага музыканта чакаюць па ўсім свеце, яго графік распісаны на некалькі гадоў наперад. Геаграфія выступленняў Карызны ахоплівае ўвесь зямны шар — ад краін Еўропы да Ізраіля, Мексікі, ЗША і Японіі.



Сярод знакамітых калег, з якімі супрацоўнічаў Іван, — такія славутыя музыканты, як Валерый Гергіеў, Уладзімір Співакоў, Юрый Башмет, Гідон Крэмэр. Дзякуючы асабістаму садзейнічанню Співакова наш зямляк атрымаў унікальную віяланчэль 1867 года знакамітага французскага майстра Агюста Бернардэля.

Да кожнага канцэрта Іван Карызна рыхтуецца з вялікай адказнасцю. Але да выступлення ў Мінску, якое адбудзецца 5 сакавіка ў Вялікай зале Белдзяржфілармоніі, у музыканта асаблівае стаўленне. Беларускую публіку чакае цёплая сустрэча з яркім прадстаўніком сучаснай выканальніцкай школы. Іван Карызна сумесна з піяністам Барысам Кузняцовым прадставіць арыгінальную праграму, у якую ўвойдуць санаты Шуберта, Бетховена і Брамса.

— Кожная з трох выбраных для канцэрта санат — шэдэўр рэпертуару для струнных інструментаў, — каменціруе Іван Карызна. — Гэта творы з уласнай цікавай гісторыяй. Да прыкладу, Крэйцарава саната — адзін з найбольш вядомых камерных твораў Бетховена. Цікава, што да моманту прэм’еры кампазітар ледзь паспеў скончыць сачыненне, ноты яшчэ не паспелі перапісаць, так што сам Бетховен выконваў фартэпіянную партыю часткова па сваіх чарнавіках, а скрыпачу даводзілася зазіраць у ноты праз плячо піяніста.


Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter