Вар’Яцтва

Людзі непазнавальна змянілі свет, зрабіўшы яго больш жорсткім і бязлітасным. Дзе цана чалавечага жыцця супадае з коштам кулі. На жаль, гэта тычыцца не толькі адыёзных палітыкаў, зацятых тэрарыстаў ды “ідэйных змагароў” на рэлігійнай глебе, але і на першы погляд непрыкметных абывацеляў. Усё быццам бы з чалавекам добра, а потым ён нібыта з глузду з’ехаў. І не на настаўнікаў альбо суседа смяротна пакрыўдзіўся (у ЗША гэта даўно стала класікай жахлівай статыстыкі па зброі). Не ўкладваюцца падобныя дзеянні ў формулу банальнай помсты, не працуюць звычайныя стэрэатыпы ці манеры паводзін. І ў базах спецслужбаў яго няма, і матывы забойства нібыта не існуюць. Вядома, кожнаму ў галаву не ўлезеш, думкі не возьмеш пад кантроль. А зброі ў гэтай краіне, як кажуць, касой касі.   

Так было з 64-гадовым стралком Стывенам Пэдакам, які здзейсніў  самы масавы расстрэл удзельнікаў вулічнага фэсту кантры-музыкі ў Лас-Вегасе, а пасля скончыў жыццё самагубствам. У выніку вар’яцкага ўчынку амерыканца загінулі 59 і пацярпелі больш за 500 чалавек. Паліцыя падазрае, што ён збіраўся забіць і фанатаў на іншым музычным форуме, але тады нешта не атрымалася. Так было ў Злучаных Штатах у розныя перыяды — падчас бессэнсоўнай страляніны падлеткаў у школе “Калумбайн”, дзе загінулі пятнаццаць вучняў і настаўнікаў, у гей-клубе Pulse у Арланда, дзе былі расстраляны 49 наведвальнікаў, у царкве ў Чарлстоне, дзе загінулі дзевяць вернікаў. І яшчэ ў шэрагу адпаведных трагічных выпадкаў.

У Старым Свеце “ўласныя тараканы”. Там раней мелі неасцярожнасць шырока адкрыць “міграцыйныя шлюзы”, праз якія рынуўся стракаты натоўп з “няўстойлівых” краін: ад звычайных бежанцаў, што ўцяклі ад вайны і маюць намер лепш уладкавацца ў жыцці, да тайных экстрэмістаў і вар’ятаў-адзіночак. Вось некаторыя факты.

У шведскай сталіцы невядомы з нажом напаў на паліцэйскіх. Адпаведныя атакі сёлета адбыліся каля Букінгемскага палаца ў Лондане, на  ваенны патруль у Бруселі, на прахожых у Францыі, Фінляндыі, Германіі. На галоўнай вуліцы Стакгольма Дротнінгатан грузавік урэзаўся ў людзей...

Гвалт закрануў большасць краін і кантынентаў. Нават у найбуйнейшым горадзе ЮАР Іаганэсбургу мужчына са сцэны тэатра запатрабаваў у гледачоў аддаць яму ўкрадзены тэлефон і пачаў страляць, забіўшы аднаго чалавека і семярых параніўшы.

Сёння бяспечных месцаў на планеце амаль не засталося. Таму, часова пакідаючы Радзіму, будзьце пільнымі і ўважлівымі — гэта абавязкова дапаможа. Беражыце сябе і сваіх блізкіх.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...

Ігар Савосценка, галоўны рэдактар

sav@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter