У Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь адкрылася выстава “Іван Чыгрынаў. Пісьменнік і час”.

Іван Чыгрынаў. Пісьменнік і час

У Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь адкрылася выстава “Іван Чыгрынаў. Пісьменнік і час”. Экспазіцыя прымеркавана да 80-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі, драматурга, перакладчыка, публіцыста,  грамадскага дзеяча ¬¬– Івана Гаўрылавіча Чыгрынава (1934-1996).  



На экспазіцыі прадстаўлены выданні твораў аўтара, пераклады іх на розныя мовы свету.  Прыцягваюць увагу матэрыялы з сямейнага архіва пісьменніка, сярод якіх рукапісы, дакументы, фотаздымкі, нататнікі, асабістыя рэчы. Гэтыя ўнікальныя экспанаты прадастаўлены Людмілай Прохараўнай Чыгрынавай, жонкай пісьменніка.

У пачатку сваёй творчай дзейнасці І. Чыгрынаў друкаваўся ў многіх перыядычных выданнях. На выставе можна ўбачыць першы апублікаваны твор пісьменніка – верш “Сон трактарыста”, які быў змешчаны  ў часопісе “Полымя”, (1952).. У той час І. Чыгрынаў быў студэнтам філалагічнага факультэта БДУ. Далей малады  аўтар спрабуе свае сілы ў прозе і застаецца верным ёй на многія гады. Менавіта ў прозе раскрываецца магутны творчы патэнцыял пісьменніка як  мастака слова.        

Пазней імя Івана  Чыгрынава стане вядома не толькі ў літаратуры.  Рэжысёрам  І. Дабралюбавым па раманах “Плач перапёлкі”, “Апраўданне крыві”, “Свае і чужынцы” на кінастудыі “Беларусьфільм” будзе створаны шматсерыйны тэлелевізійны фільм “Плач перапёлкі”. Кінастужка і зараз прыцягвае ўвагу шматлікай     аўдыторыі гледачоў рознага ўзросту. Паводле рамана “Плач перапёлкі”  кампазітар  У. Кандрусевіч напіша  аднайменную сімфонію.



Тэма Айчыннай вайны на доўгі час стала для пісьменніка важнай, значнай, балючай. Гэта было прадвызначана тым, што дзяцінства  прыйшлося на гады жудаснай фашысцкай навалы. якая пакінула след на  светаадчуванні. Пра гады     І. Чыгрынаў  прызнаваўся: “Я быццам увесь час стаю пад ваенным дажджом”.   Усё перажытае знайшло мастацкае пераасэнсаванне і творчае ўвасабленне на старонках кніг аўтара. Праца над  творамі вымагала ад аўтара сур’ёзнага і скурпулёзнага падыходу, дакладнага ведання матэрыялаў тэмы. Таму                         І. Чыгрынаў шукаў і выяўляў шматлікія дакументальныя крыніцы, якія дапамагалі яму даць больш поўную інфармацыю пра азначаныя  падзеі.

З-пад пяра аўтара выйшлі шматлікія творы на ваенную тэматыку.. Гэта абумолена вялікім жаданнем пісьменніка, каб наступныя пакаленні больш не спазналі  трывожнага ваеннага  ліхалецця.  

Творы пісьменніка ўзбагацілі беларускую літаратуру, сталі яе адметнай старонкай. Тэма даўняга мінулага, праблемы пасляваенных гадоў, турботы пра сучаснасць - усе знайшло адлюстраванне на старонках твораў аўтара. Праз герояў сваіх апавяданняў, раманаў, п’ес, крытычных і публіцыстычных артыкулаў аўтар  выяўляе выкрышталізаваны гісторыяй менталітэт беларусаў, сцвярджае нацыянальную моц і веліч народа, яго таленавітасць і самаадданасць,

Іван Чыгрынаў  спалучаў пісьменніцкую дзейнасць з актыўнай  грамадскай работай. У 1978 г. быў у складзе дэлегацыі БССР на XXXIII сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. З 1986 па 1990 год - дэпутат Вярхоўнага Савета БССР. Працаваў у пастаяннай камісіі Вярхоўнага Савета БССР па нацыянальных  пытаннях і міжнацыянальных адносінах. Доўгі час узначальваў Беларускі фонд культуры. Быў галоўным рэдактарам часопіса “Спадчына”. На выставе экспануюцца дакументы, якія распавядаюць пра плённую грамадскую дзейнасць І. Г. Чыгрынава.

Запрашаем наведаць выставу “Іван Чыгрынаў. Пісьменнік і час”, каб яшчэ раз перагарнуць старонкі творчасці выдатнага майстра мастацкага слова..


Святлана Паўлавіцкая,
супрацоўнік аддзела старадрукаў і рэдкіх выданняў
Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter