«Это настоящая секта»: что заставляет людей отрицать ВИЧ и как не попасться мошенникам, которые обещают быстрое выздоровление

Вакцына ад глупства

У  нашай краіне ўжо зарэгістравана больш за 21 тысячу чалавек, якія жывуць з ВІЧ. Гэтая лічба палохае, згодны? На жаль, яна год ад году толькі павялічваецца — напрыклад, у 2017-м вірус набылі 2468 чалавек. Шмат захварэлых усведамляюць сур’ёзнасць сітуацыі, слухаюць рэкамендацыі ўрачоў і пастаянна кантралююць сваё здароўе. Але ёсць і тыя, хто па нейкіх прычынах лічыць сябе разумней за медыкаў і сам вырашае, як трэба лячыцца.

Дактары не жадаюць сваім пацыентам дрэннага, а шчыра хочуць дапамагчы
Newizv.ru

Гід  па  дарозе  ў  нікуды


Манітору сацыяльныя сеткі і дзіўлюся: груп, прысвечаных праблеме ВІЧ, сотні. Але яны ўсе выразна падзелены на два «лагеры»: хтосьці прапагандуе адэкватнае лячэнне, дзеліцца парадамі і словамі падтрымкі, а іншыя, наадварот, сцвярджаюць, што «ВІЧ — гэта найвялікшая містыфікацыя XX стагоддзя». Менавіта такую назву носіць група «ВКонтакте» з 16 876 падпісчыкаў. Анатацыя — першае, што кідаецца ў вочы ў шапцы профілю, — прыводзіць у шок: «Мэта групы — распаўсюджванне дысідэнцкага пункта гледжання. ВІЧ не існуе ў рэальнасці, гэта афера сусветнага фармакалагічнага бізнесу». Але адміністратары адразу ж акуратна адхрышчваюцца ад непапраўных наступстваў, якія могуць адбыцца з тысячамі іх паслядоўнікаў. Яны здымаюць з сябе адказнасць, нагадваючы, што «гэта не група несмяротных. Дысідэнты, як і ўсе людзі, могуць хварэць на рэальныя вірусы і памерці». Здаецца, гэтая фраза адразу павінна ўсё расставіць па месцах — гадзіны, праведзеныя ў гэтай суполцы, не дапамогуць стаць здаровым, затое прывядуць да цяжкіх наступстваў. Але ў групе зараз ажыятаж — разнастайныя відэа, дакументы і дэматыватары запоўнілі старонку. У каментарыях раз-пораз праскокваюць фразы тыпу «паміраюць ад лячэння, а не ад ВІЧ», «дзякуй, што накіравалі на шлях ісціны», «я жыву са станоўчым статусам і без тэрапіі ўжо 20 гадоў»...

На 1 жніўня 2018 года прададзена больш за 4000 тэс-таў, 42 чалавекі звярнуліся ў медыцынскія ўстановы, калі ўбачылі станоўчы вынік пры саматэсціраванні
Mv.ecuo.org

Гісторыя  аднаго  болю


Я адшукала Вадзіма, які быў актыўным ВІЧ-дысідэнтам, але, калі зразумеў, што справы ідуць усё горш і горш, цалкам змяніў свой светапогляд:

— У 2000 годзе мне паставілі дыягназ ВІЧ. Да таго моманту я актыўна «калоўся» наркотыкамі, таму для мяне гэта не стала нейкім шокам. Да ўрачоў наогул не звяртаўся, баяўся, што яны парушаць канфідэнцыяльнасць — я жыву ў маленькім горадзе. Недзе праз 6 гадоў на целе сталі з’яўляцца сінякі, маленькія раны пачалі вельмі доўга гаіцца, таму я вырашыў схадзіць да інфекцыяніста. Здаў аналізы. Колькасць CD4-лімфацытаў, якія адказваюць за імунітэт, была менш за 200. У здаровага чалавека норма ад 600. Мне выпісалі тэрапію, усё стала наладжвацца. Але ў 2011 годзе я наткнуўся на групу ВІЧ-дысідэнтаў. Там сустрэлі ветліва, я пачаў размаўляць з людзьмі і сапраўды паверыў, што ВІЧ — гэта прыдумка. Перастаў піць таблеткі — атрымліваў іх і выкідваў, доктару нічога не казаў. Неўзабаве сталі з’яўляцца сінякі, нейкія кропкі па целе, слабасць. На што мне ў групе дысідэнтаў пісалі: «Лячыся трыпутнікам». Я зноў здаў аналізы, жахнуўся вынікам і аднавіў прыём лекаў. Сёння вірусная нагрузка ў мяне мінімальная, колькасць клетак каля 700. Зайшоў у тую групу падзяліцца радасцю, а мяне абазвалі непаслухмяным, абвінавацілі, што хтосьці мне плаціць за падман. Большасць удзельнікаў суполкі — неінфіцыраваныя, іх абсалютна не хвалюе жыццё іншых. Вывучыць розныя пункты гледжання можна, але я раю не спяшацца. Паназірайце нейкі час за ўдзельнікамі групы, запішыце імёны тых, хто «шчаслівы і свабодны» без «смяротных пілюль». Праз нейкі час вы будзеце здзіўлены, што гэтыя людзі бясследна знікаюць з групы, быццам іх ніколі і не існавала. Яны паміраюць, а на іх месца прыходзяць іншыя. Гэта секта, замкнёнае кола, але высновы рабіць кожнаму самастойна. Спадзяюся, мая гісторыя выцягне кагосьці з гэтага балота.

А  што  ў  адказ?


Святлана Сяргеенка, урач-эпідэміёлаг аддзела прафілактыкі ВІЧ/СНІД ДУ «Рэспубліканскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя», расказвае, што ў нашай краіне ВІЧ-дысідэнцтва пачынае распаўсюджвацца ў асноўным у сацыяльных сетках:

— У мінулым годзе ў краіне зарэгістраваны адзін выпадак, калі бацькі адмаўлялі ВІЧ-інфекцыю як хваробу і забаранілі тэрапію свайму дзіцяці. Вынік сумны — у яго развіліся ВІЧ-асацыяваныя захворванні, у цяжкім стане ён трапіў у рэанімацыйнае аддзяленне бальніцы, і толькі пасля гэтага бацькі пагадзіліся на правядзенне антырэтравіруснай тэрапіі. На шчасце, зараз малы адчувае сябе добра. Практычна ўсе пацыенты, якім пастаўлены дыягназ ВІЧ-інфекцыя, праходзяць стадыю адмаўлення хваробы. Некаторыя з іх пры гэтым знаходзяць «суцяшэнне» ў тэорыі, якую прапагандуюць ВІЧ-дысідэнты. Замыкаючыся ў сабе, ігнаруючы захворванне, людзі прапускаюць момант, каб своечасова звярнуцца да спецыялістаў. Інфіцыраваныя, на жаль, працягваюць заражаць сваіх палавых партнёраў і самі не лечацца. Але рана ці позна ўсё роўна трапляюць у тэрмінальнай стадыі ў медыцынскія ўстановы. ВІЧ-дысідэнцтва — вельмі сур’ёзная праблема, і змагацца з ёй трэба інфармацыйнымі метадамі.

Спецыяліст упэўнена: з'яўленне ў чалавека ВІЧ выклікае шэраг псіхалагічных праблем. Хтосьці прывык з імі спраўляцца сам, камусьці могуць дапамагчы сябры ці група ўзаемадапамогі, а для кагосьці лепшым спосабам вырашэння праблем з’яўляецца прафесійная дапамога. Зварот да псіхолага або псіхатэрапеўта — гэта магчымасць больш даведацца пра існуючыя спосабы справіцца з сітуацыяй, каб адчуваць сябе больш упэўнена. Хтосьці абярэ індывідуальнае кансультаванне, для іншых падыдзе групавая тэрапія. Самае галоўнае, каб людзі ведалі, куды можна звярнуцца і на якую падтрымку разлічваць. Для аказання экстраннай псіхалагічнай дапамогі існуюць шматканальныя «тэлефоны даверу».

Дарэчы, з мая 2017 года на аснове рэкамендацый СААЗ у краіне ўкаранілі саматэсціраванне на ВІЧ — экспрэс-тэсты па сліне можна купіць у аптэках. Яны недарагія, каля 6 рублёў, затое дакладнасць — 99,6 працэнта і вынік паказваецца праз 15 хвілін.

— Дадзеная практыка ўжо паказала сваю запатрабаванасць і эфектыўнасць, — паведамляе Святлана Уладзіміраўна. — На 1 жніўня прададзена больш за 4000 тэстаў, 42 чалавекі звярнуліся ў медыцынскія ўстановы, калі ўбачылі станоўчы вынік пры саматэсціраванні.

Ад адчаю чалавек гатовы паверыць у многае: і што таблеткі — гэта зло, і што нават сур’ёзныя хваробы лечацца простым рамонкам. На такія эксперыменты трацяцца сілы, грошы, але самае галоўнае — час, які ў ВІЧ-інфіцыраванага абмежаваны. Таму хочацца, каб людзі памяталі: дактары не жадаюць сваім пацыентам дрэннага, а шчыра хочуць дапамагчы. Да разумення гэтага так ці інакш прыйдуць усе — але ці не будзе позна?

Хрысціна ГЛУШКО


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter