Тысячи мельниц работали раньше на территории Беларуси

Вадзяныя, ветраныя, паравыя

Яшчэ 100—200 гадоў таму Беларусь смела можна было б называць краінай млыноў. Ёсць звесткі, што толькі ў Гродзенскай губерні ў пачатку 60-х гадоў XIX стагоддзя налічвалася 1123 млыны. Вадзяныя, ветраныя, паравыя, яны былі не толькі неабходнымі прамысловымі аб’ектамі, але і важнымі сацыяльна-культурнымі збудаваннямі. Каля іх збіраліся людзі, каб падзяліцца навінамі, абмеркаваць праблемы і іншыя хвалюючыя пытанні.

Фота аўтара

На жаль, да нашых дзён у краіне захаваліся адзінкі старажытных млыноў. У найлепшым стане знаходзяцца тыя, што размяшчаюцца на тэрыторыі музейных комплексаў. Напрыклад, у Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту можна ўбачыць аж тры ветраныя млыны, прычым розных тыпаў: млын-казлоўку з вёскі Даматканавічы Клецкага раёна, млын-шатроўку з вёскі Зелянец Хоцімскага раёна і млын-пальтрак з вёскі Янушоўка Мядзельскага раёна.

«Казлоўкі» былі найбольш распаўсю­джаны ў Беларусі. Іх назва паходзіць ад спецыяльнай канструкцыі — козлаў, на якіх корпус млына пад найбольш спрыяльным ветрам паварочваўся ра­зам з крыламі. У шатровага ветрака аснова была нерухомай, разам з крыламі паварочвалася толькі верхняя частка — «шапка», якая ляжала на гарызантальным коле. А корпус млына-пальтрака быў пастаўлены на спецыяльнае кола, якое знаходзілася на ўзроўні зямлі. Корпус такога ветрака паварочваўся разам з крыламі.

Фото  БЕЛТА

Нядрэнна захаваны паравы млын можна ўбачыць у Заслаўі Мінскага раёна. Ён быў пабудаваны ў 1910 годзе і малоў муку з дапамогай паравога рухавіка, кацёл якога ацяпляўся дровамі. У некалькіх рэгіёнах краіны можна знайсці і вадзяныя млыны. Некаторыя з іх прыстасаваны пад кавярні, музеі і іншыя запатрабаваныя сёння аб’екты. А адзін з млыноў — у Жодзішках Смаргонскага раёна — і зараз меле муку. У 1990-я гады яго выкупіў, а затым адрэстаўрыраваў вядомы мецэнат, даследчык-краязнаўца Францішак Жылка. Дарэчы, нядаўна ў Нацыянальнай бібліятэцы адбылася прэзентацыя яго новай кнігі «Млынарства ў Беларусі: гісторыя і сучаснасць», прысвечанай вадзяным млынам. Аўтар апісаў гісторыю мукамольнай справы Беларусі і праілюстраваў яе амаль 500 даўнімі і сучаснымі фатаграфіямі.

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter