Віртуальнае падарожжа... па родных мясцінах.

Стаўбцоўскія гімназісты галасуюць за святыні. Сябры, вы яшчэ маеце шанц зрабіць цуд вашага раёна здабыткам рэспублікі. Першы рэгіянальны тур галасавання на сайце нашай газеты www.ng.by працягнецца яшчэ тыдзень — да канца студзеня. Заахвочвайце паўдзельнічаць у ім сваіх сяброў, бацькоў, настаўнікаў і вучняў. Навучэнцы Стаўбцоўскай гімназіі, напрыклад, ужо зрабілі свой выбар, здзейсніўшы разам з карэспандэнтам “НГ” завочнае падарожжа па радзіме Коласа і “жалезнага” Фелікса.

Стаўбцоўскія гімназісты галасуюць за святыні.

Сябры, вы яшчэ маеце шанц зрабіць цуд вашага раёна здабыткам рэспублікі. Першы рэгіянальны тур галасавання на сайце нашай газеты www.ng.by працягнецца яшчэ тыдзень — да канца студзеня. Заахвочвайце паўдзельнічаць у ім сваіх сяброў, бацькоў, настаўнікаў і вучняў. Навучэнцы Стаўбцоўскай гімназіі, напрыклад, ужо зрабілі свой выбар, здзейсніўшы разам з карэспандэнтам “НГ” завочнае падарожжа па радзіме Коласа і “жалезнага” Фелікса.

Пакуль вучні 9 “Б” загружалі інтэрнэт-старонку “Народнай газеты”, я па-цікавілася, якія беларускія аб’екты яны прапанавалі б наведаць турыстам.
— Замкі ў Нясвіжы і Міры, Сафійскі сабор, Гро-дзенскі фарны касцёл і Барысаглебскую царкву, — без перабою называлі дзяўчаты цуды беларускай архітэктуры.
— А яшчэ царкву Святой Ганны ў нашых Стоўбцах, — далучыўся да абмеркавання Ілля Суднік.
— Мы сапраўды павінны больш папулярызаваць родныя аб’екты, якія знаходзяцца ў нашым горадзе і раёне. — Тым больш што іх такое мноства! — падтрымала аднакласніка Крысціна Шульева. — Узяць хоць бы нашу гімназію, якой сёлета спаўняецца 102 гады. Гэта найстарэйшая навучальная ўстанова Стаўбцоўшчыны!
Адзін за адным рабяты націскалі на віртуальнае акенца “Сем цудаў Беларусі” і шукалі радок са знаёмай назвай — Стаўбцоўскі раён. Цяпер ад іх патрабавалася толькі ацаніць прадстаўленыя цуды па сямібальнай шкале.
— Коласаўскія мясціны — ці не самае папулярнае месца на нашай Стаўбцоўшчыне, — пракаментавала адзін з цудаў Паліна Сікорская. — Пісьменнік нарадзіўся ў Акінчыцах, але паколькі яго бацька працаваў лесніком, то сям’я часта пераязджала. Таму ў Стаўбцоўскім раёне сляды вялікага пісьменніка можна знайсці паўсюль. У Коласаўскі заказнік увахо-дзяць Ласток, Альбуць, Акінчыцы і Смольня, дзе працуе галоўны музей беларускага песняра. Цікава паглядзець на рэчы Коласа, якія захаваліся да нашага часу. Такое адчуванне, быццам класік толькі-толькі быў побач і адлучыўся на хвіліну.
— Буду галасаваць менавіта за гэты аб’ект, — прызналася Таня Шчорс. — Колас — вялікі пісьменнік, якім ганарыцца не толькі Стаўбцоўшчына, але і ўся Беларусь. Акрамя таго, коласаўскія мясціны здзіўляюць сваёй маляўнічасцю: у заказніку растуць пышныя ліпы, пасаджаныя класікам сто гадоў таму. А якія там драўляныя скульптуры! Усе героі — з твораў пісьменніка.
А Крысціна Шульева найвышэйшы бал паставіла вёсцы Новы Свержань — гэта яе малая радзіма.
— У цэнтры вёскі знаходзяцца дзве жамчужыны: барочная Успенская царква, пабудаваная ў сярэдзіне XVIII стагоддзя, калісьці яе акружалі вялізныя ліпы і клёны, а таксама Петрапаўлаўскі касцёл, якія адносіцца да эпохі Рэнесансу. Я наведваю яго амаль штонядзелю. Новы Свержань — прыгожае і святое месца.
Многія вучні прагаласавалі за яшчэ адну святыню раёна — стаўбцоўскую Святаанненскую царкву.
— Яна блакітная, як неба, з залатымі купаламі, якія аж свецяцца пад летнім сонцам, — расказвае Паліна Сікорская. — І размяшчаецца ў прыгожым месцы — на ўзвышшы. Нямногія нават з жыхароў Стаўбцоўшчыны ведаюць, што царква ніколі не зачынялася, нават у ваенныя часы. Але дзякуючы праекту “Народнай газеты”, думаецца, пазнаваць свае раёны і Беларусь стане прасцей.
Да таго ж раённая стаўбцоўская газета “Прамень” па прапанове калег з “НГ” арганізавала на старонках свой краязнаўчы праект — “7 цудаў нашай Стаўбцоўшчыны”. Яго мэта — расказаць пра як мага больш мясцовых цудаў. “Няхай іх набярэцца сем разоў па сем ці больш. Гэта будзе на карысць і нам, і нашчадкам, захавальнікам спадчыны”, — лічаць стаўбцоўскія журналісты.
Гімназісты паказалі сябе людзьмі зацікаўленымі і эрудыраванымі. Але і для іх праект “Сем цудаў Беларусі” адкрыў шмат незвычайных фактаў.
— Аказалася, нам яшчэ пазнаваць і пазнаваць свой родны край! Наведаць гатычны касцёл у Рубяжэвічах, пакупацца ў старажытным возеры Кромань, — складалі планы вучні 9 “Б”. І чамусьці верылася: яны абавязкова іх ажыццявяць.

А вы, паважаныя чытачы, ужо ведаеце, у якое падарожжа адправіцеся ў наступны раз? Калі не, адкрывайце старонку www.ng.by — знаёмцеся, галасуйце, падарожнічайце!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter