Узняць сцяг вёскі Чарнаўчыцы!

Напрыканцы мінулага года кіраўніцтва Чарнаўчыцкага сельскага Савета дэпутатаў, што ў Брэсцкім раёне, абвясціла конкурс на лепшую распрацоўку макета герба і сцяга аднайменнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі. Такую ідэю доўга выношваў старшыня сельсавета Аляксей Алесік разам са студэнткай Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў Аленай Бандарук. Гісторыя гэтых мясцін надзвычай багатая, яна звязана з імёнамі многіх славутых людзей.

Стварэнне геральдычных сімвалаў у Брэсцкім раёне адкрыла мноства цікавых гістарычных факта.

Напрыканцы мінулага года кіраўніцтва Чарнаўчыцкага сельскага Савета дэпутатаў, што ў Брэсцкім раёне, абвясціла конкурс на лепшую распрацоўку макета герба і сцяга аднайменнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі. Такую ідэю доўга выношваў старшыня сельсавета Аляксей Алесік разам са студэнткай Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў Аленай Бандарук. Гісторыя гэтых мясцін надзвычай багатая, яна звязана з імёнамі многіх славутых людзей.

Вёска Чарнаўчыцы, якая сёння налічвае звыш 2400 жыхароў, адлік сваёй гісторыі вядзе ад XV стагоддзя. Ёсць меркаванне, што яе назва паходзіць ад слова “чорны”, а дакладней ад “чорных месцаў”, — так у сярэднявечныя часы акрэслівалі тэрыторыі, дзе жылі рамеснікі, майстры. Звычайна такія землі размяшчаліся паблізу вялікіх гарадоў.

Першым уладальнікам Чарнаўчыц быў пан Нявера Ваўчкевіч. Потым вёска пераходзіла з рук у рукі, пакуль у жніўні 1568 года не трапіла ва ўладанне князю Мікалаю Крыштафу Радзівілу. Магутны род Раздівілаў распачаў буйны росквіт Чарнаўчыц, ператварыўшы іх у мястэчка, а потым і ў графства. Напрыклад, у 1651 годзе тут быў касцёл, рынак і тры вуліцы: Камянецкая, Кобрынская і Берасцейская. Жыхары выконвалі чыншавую павіннасць, якая вызначалася з кожнай валокі “паводле даўняга звычаю і ліста Князя Яго Міласці, які ў сябе маюць”. Праз Чарнаўчыцы праходзілі важныя гандлёвыя шляхі: Люблін — Вільня і Нясвіж — Брэст.

Паводле гістарычных крыніц, у 1667 годзе мястэчка з’яўлялася цэнтрам аднайменнага “ключа” з навакольнымі вёскамі Вялікая Лешна, Ляшаўка, Білейка, Задвор’е, Турна, Завяршаны, Аляшковічы і Пакрова. Да нашых дзён захаваліся толькі некаторыя з іх.

Радзівілы прыцягвалі ў Чарнаўчыцы вольных рамеснікаў, купцоў, гандляроў, даючы ім падатковыя льготы, участкі зямлі пад забудову. Мястэчка стала рэзідэнцыяй Радзівілаў, цэнтрам Чарнаўчыцкага графства, якое налічвала каля 400 вёсак. У 1671 годзе тут з’явіўся прыгожы палац з вялізнымі сенямі, у якія магла заехаць шасціконная карэта. Пры двары знаходзіліся парк і звярынец. Падзеі, звязаныя з трыма падзеламі Рэчы Паспалітай, пакінулі ў гэтых мясцінах свой след. Чарнаўчыцы паступова страчвалі былое значэнне. Хаця, да прыкладу, у 1868 годзе тут налічвалася звыш 70 двароў, было дзве праваслаўныя царквы, сінагога, гандлёвыя лаўкі, шавецкая майстэрня, два піцейныя дамы.

У 1889 годзе ў Чарнаўчыцах заснавалі крышталёва-шкляны завод, дзе працавалі 250 рабочых. Крыштальны посуд карыстаўся попытам далёка за межамі рэгіёна.

У пачатку XX стагоддзя колькасць насельніцтва ў мястэчку павялічылася. Напярэдадні Першай сусветнай вайны тут пражывала 1625 чалавек (у 1905 годзе — 1316). Аднак ваенныя падзеі, рэвалюцыя, гады пад панскай Польшчай негатыўна адбіліся на стане населенага пункта. У Вялікую Айчынную многія яго жыхары сталі ахвярамі гітлераўцаў. Акупанты забілі 370 чалавек, спалілі 60 двароў.

У пасляваенны перыяд жыццё паступова наладзілася. У 1949 годзе быў створаны калгас “Іскра” (цяпер — СВК “Чарнаўчыцы”). Сёння тут працуюць сярэдняя школа, Дом культуры, 4 магазіны, 2 сталовыя, вучэбны цэнтр аблсельгасхарчу, завод бетонных вырабаў. Чарнаўчыцы развіваюцца, у 1997 годзе яны набылі статус аграгарадка. Каб ведаць і шанаваць багатую гісторыю вёскі, яе жыхары і вырашылі стварыць геральдычныя сімвалы.

У абвешчаным конкурсе прынялі ўдзел звыш 20 чалавек. Свае праекты на разгляд журы прапанавалі навукоўцы Таццяна Барадзінчык, Ілля Шамілаў, Алена Бандарук, Аляксей Шаланда, мастак Іна Салдатава і іншыя. У большасці прац у якасці сімвалаў былі выкарыстаны помнік архітэктуры XVI стагоддзя — Траецкі касцёл, першапачатковыя вуліцы старажытнага мястэчка — Брэсцкая, Кобрынская і Камянецкая — і іншыя адметныя мясцовыя аб’екты. Вынікі конкурсу будуць падведзены да Дня вёскі, які пройдзе ў ліпені.

Александр КУРЕЦ, «БН»

КАМЕНТАРЫЙ галоўнага спецыяліста па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны ўпраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Леаніда НЕСЦЕРЧУКА:

— Стварэнне геральдычных сімвалаў гарадоў, раёнаў, мястэчкаў, вёсак — патрабаванне часу. Гэтая важная справа набліжае нас да глыбінь гісторыі, дазваляе атрымаць грунтоўныя веды не толькі адносна апошняга стагоддзя, якое было багатым на лёсаносныя падзеі для нашай краіны, але і болей аддаленыя ад сённяшняга дня перыяды. На Брэстчыне амаль усе раёны і гарады маюць свае гербы і сцягі, цяпер работа па іх стварэнні актывізавалася і ў сельскай мясцовасці. Тут гісторыя не менш багатая і разнастайная, што заўважана і на прыкладзе вёскі Чарнаўчыцы. Прыемна, што яна будзе ў ліку першых, займеўшых свае геральдычныя сімвалы.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter