“Усё жыццё маё – навука, якую прагна спасцігаю,”

НАПРЫКАНЦЫ мінулага года Уладзімір Уладзіміравіч удастоены ганаровага звання “Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь”. У агранаміі ён — 30 гадоў.

— сцвярджае Уладзімір Курыловіч, дырэктар Гродзенскага занальнага інстытута раслінаводства НАН Беларусі.

НАПРЫКАНЦЫ мінулага года Уладзімір Уладзіміравіч удастоены ганаровага звання “Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь”. У агранаміі ён — 30 гадоў.

Усё пачалося з практыкі

— Памятаю, як у далёкія васьмідзесятыя гады мінулага стагоддзя я, малады спецыяліст, знаходзіўся на палетках аднаго з вытворчых участкаў калгаса імя Леніна (цяпер ААТ “Васілішкі”). Пасяўная была ў разгары, — не без усмешкі ўспамінае Уладзімір Уладзіміравіч Курыловіч. — Усё ішло па плане, з улікам тагачасных тэхналогій. Пацікавіцца ходам работ на поле прыехалі старшыня гаспадаркі Уладзімір Іванавіч Мядзведзеў і галоўны аграном Мікалай Дзмітрыевіч Сідарук.

— Як ідуць справы? — запытаў старшыня.

— Ды ўсё зразумела, — адказаў я.

— Так, так. Значыць, табе ўсё зразумела? І ты ўпэўнены, што тут вырасце важкі колас? — прыдзірліва ацаніўшы работу, перапытаў галоўны аграном.

— Упэўнены!

— Якая зайздросная перакананасць! А вось я ні ў чым не ўпэўнены, хоць ужо 18 гадоў займаўся сяўбой і ўборкай. Надвор’е ў адзін момант можа змяніць сітуацыю.

Нават прасіў Бога, каб на час уборкі ўраджаю не пайшоў дождж. У агранамічнай справе ўсё непрадказальна. Сельская гаспадарка захапіла мяне цалкам. Я зразумеў: маё прызванне — працаваць на зямлі, шукаць і вынаходзіць новае...

Сёння Уладзімір Курыловіч успамінае тыя практычныя ўрокі жыцця з удзячнасцю. Яму вельмі пашанцавала сустрэць на сваім шляху шмат творчых і таленавітых людзей, адданых зямлі і навуцы.

“Руткевіцкая” старонка працоўнай біяграфіі

У свой час зайздросная працавітасць, ініцыятыва, наватарства і пастаянны пошук прагрэсіўных тэхналогій дазволілі Уладзіміру Курыловічу многага дабіцца. Аб гэтым яскрава сведчыць той перыяд яго жыцця,  калі ён быў дырэктарам эксперыментальнай базы “Руткевічы”. За чатырнаццаць гадоў гаспадарка непазнавальна змянілася. Гэта пры Курыловічу завершана будаўніцтва вінзавода ў Руткевічах, дзе акрамя пладовага віна тады выраблялася шмат натуральных сокаў. Былі пабудаваны новыя вытворчыя памяшканні жывёлагадоўчых ферм. Рэканструяваны мехдвор, майстэрні, збожжатокі, дзіцячы сад, сталовая-кафэ, Дом культуры, жылыя дамы і сямейны інтэрнат на 240 месцаў, добраўпарадкаваны дарогі, пабудаваны спартыўныя пляцоўкі. Прыведзена ў належны парадак возера. На палетках гаспадаркі — стабільна высокія ўраджаі. Значна вырасла і заработная плата ў працаўнікоў.

У гэты перыяд Уладзімір Уладзіміравіч Курыловіч паспяхова абараняе кандыдацкую дысертацыю. У Руткевічах ён атрымлівае і ганаровую ўзнагароду — ордэн “Знак Пашаны”...

Прыкладны характар “шчучынскай” навукі

Здавалася, што яго здольнасці выявіліся ў поўнай меры. Але час і жыццё паставілі перад Уладзімірам Курыловічам яшчэ больш складаны рубеж. З 1998 года ён узначальвае Гродзенскі занальны інстытут. І тут кіраўнік не сядзіць на месцы, не спачывае на лаўрах. Сёння гэтую навуковую ўстанову добра ведаюць не толькі ў краіне, але і далёка за яе межамі. Галоўная мэта, якая стаіць перад навукоўцамі, у цесным узаемадзеянні з практыкамі вырашаць цякучыя і перспектыўныя задачы развіцця сельскай гаспадаркі рэгіёна на аснове ўдасканалення сістэм земляробства з улікам мясцовых пагодна-кліматычных умоў.

Новыя сарты збожжавых і зернебабовых, бульбы, пладовых і ягадных культур запатрабаваны ў поўнай меры. Створана выдатная матэрыяльна-тэхнічная база, пабудаваны і дзейнічае адзіны ў краіне аўтаматычны комплекс падрыхтоўкі пад якасную сяўбу насеннага матэрыялу збожжавых і зернебабовых культур. Аб’ёмы вытворчасці насення збожжавых і бульбы павялічаны ў дзесяткі разоў. Значна ўзраслі і аб’ёмы продажу пладоў. Зямельныя ўгоддзі інстытута павялічыліся да 800 гектараў. Сёння Гродзенскі занальны інстытут раслінаводства — рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства, якое цалкам акупляе сябе, дзякуючы навуковай і вытворчай дзейнасці.

Працягваючы слаўныя традыцыі старэйшай навукова-даследчай установы краіны (у мінулым годзе яна адзначыла стогадовы юбілей), у інстытуце вырасла новая плеяда навукоўцаў, якія распрацоўваюць і ўдасканальваюць адаптыўныя, рэсурсазберагаючыя, экалагічна бяспечныя тэхналогіі вырошчвання розных сельскагаспадарчых культур. Створаны 4 новыя сарты сельгаскультур. 12 сартоў і прышчэпаў пладовых ягадных культур адапціраваны да мясцовых умоў, перададзены і ўключаны ў Дзяржаўны рэестр. Арганізацыя вучобы і семінараў для спецыялістаў розных узроўняў стала адметнай рысай прадпрыемства.

...Аб навуковай установе можна гаварыць бясконца. Тут кожны супрацоўнік — сапраўдная скарбонка ведаў і досведу. Уладзімір Уладзіміравіч надзвычай цэніць свой кадравы арсенал.

— Праца навукоўцаў няпростая і патрабуе максімальнай аддачы сіл і ведаў, — гаворыць Уладзімір Курыловіч. — З першымі промнямі вясенняга сонца і да позняй восені мы ўсе ў полі, на доследных дзялянках. У водпуск ідзём толькі зімой. Навука любіць працавітых і самадысцыплінаваных.

На Бацькаўшчыну — да бацькі

Але як бы ні быў заняты навукай і працай Уладзімір Уладзіміравіч Курыловіч, ён часта наведвае свайго бацьку Уладзіміра Іосіфавіча, які жыве ў Ражанцы, і бярэ з яго прыклад. У свае 88 гадоў той вядзе актыўны лад жыцця: завіхаецца па гаспадарцы, даглядае сад і пчол. Добры настрой і неймавернае жаданне жыць ды радавацца кожнаму дню — вось сакрэт выдатнай формы Курыловіча-старэйшага, ад якога, уласна кажучы, і ўзяў сын лепшыя сялянскія якасці. Такія, як любоў да зямлі, працавітасць, уменне браць на сябе адказнасць і ніколі не спыняцца на дасягнутым.

Сяргей ГАРДЗЕЙЧЫК

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter