Сельская газета

Усё яшчэ лятаючы мужык

90-гадовы юбілей двойчы Героя Сацыялістычнай Працы Уладзіміра Бядулі

ПЯШЧОТНЫМ майскім уборам красуе белавежскі аграгарадок Расна, акружаны з усіх бакоў аксамітавымі хлебнымі нівамі. На магутным жывёлагадоўчым комплексу звычайны працоўны дзень. Да апошняга званка рыхтуюцца выпускнікі мясцовай сярэдняй школы. Каляровая афіша Палаца культуры запрашае на канцэрт дзіцячага самадзейнага калектыву “Пінская шляхта”... 


Багата і прыгожа жывецца людзям тут, дзе на пачатку пяцідзясятых гадоў мінулага стагоддзя вырашыўся ўзначаліць адстаючы калгас “Савецкая Беларусь” камсамольскі работнік Уладзімір БЯДУЛЯ. Маючы за плячыма толькі сярэднюю адукацыю, вышэйшую камсамольскую школу і двухмесячныя сельскагаспадарчыя курсы пры сталічным інстытуце, дзякуючы сялянскай кемлівасці і арганізатарскім здольнасцям, ён вывеў безнадзейна адсталую гаспадарку да вяршынь славы ў вялікай дзяржаве. 

Прызнанне заслуг Уладзіміра Лявонцьевіча Бядулі – дзве Залатыя Зоркі Героя Сацыялістычнай Працы, ордэны Леніна, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Дружбы народаў, “Знак Пашаны”, ордэн Айчыны III ступені, Францыска Скарыны, шматлікія медалі. Калгасны старшыня ўдзельнічаў у рабоце ХХIII і ХХVII з’ездаў КПСС, III і IV Усесаюзных з’ездаў калгаснікаў, абіраўся народным дэпутатам СССР, дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР двух скліканняў, членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, знаходзіў час для работы ў кіруючых органах грамадскіх арганізацый. Уладзіміру Бядулі прысвоена ганаровае званне акадэміка міжнароднай акадэміі арганізацыйных і кіраўнічых навук, заслужанага работніка культуры рэспублікі. 

З УЛАДЗІМІРАМ Бядуляй за  гады журналісцкай дзейнасці сустракаўся неаднойчы. Бойкі на слова, жвавы, ён не заўважае мікрафона і тэлекамеры. Іскрамётна выказвае думкі, дапаўняючы  іх дакладнымі фактамі і прыкладамі. Запомнілася яго бліскучае выступленне на адкрыцці Міжнароднага тэлевізійнага фестывалю “Сельскі двор”, які праводзіўся ў чароўнай Белавежскай пушчы. Умомант спрытна ўзляцеў на сцэну і з першых слоў завалодаў аўдыторыяй аграрных тэлежурналістаў. Падкупалі шчырасць і прастата. Прадстаўнікі больш як трыццаці тэлекампаній краін Усходняй Еўропы і былых савецкіх рэспублік зачаравана слухалі калгаснага старшыню. Задавалі пытанні, на якія Уладзімір Лявонцьевіч лёгка парыраваў. Дапытліваму тэлевізіёншчыку з Бельгіі, які быў здзіўлены, што звычайны селянін узняўся да ўсенароднага прызнання, адказаў: “Працай пракладваў шлях да славы”. 


Па дарозе да Бядулі  ўзгадваліся і іншыя моманты сустрэч з ім. Менавіта Уладзіміру Лявонцьевічу даверана было адкрываць з хлебам-соллю Рэспубліканскі фестываль- кірмаш “Дажынкі-2003” у Пружанах. А як упэўнена вёў двойчы Герой Сацыялістычнай Працы пленарнае паседжанне IV Усесаюзнага з’езда калгаснікаў. Цэнтральнае тэлебачанне СССР у прамым эфіры трансліравала работу гэтага форуму. Колькі іншых цікавых падзей падарыў доўгі век нястомнаму хлебаробу!..

НА БРЭСЦКІМ вакзале мяне сустрэў малодшы зяць Бядулі — Валерый Ракала. Вузкімі вулачкамі на аўтамашыне выбраліся з перагружанага транспартам горада і выехалі на ажыўленую аўтатрасу, што вядзе да дома Уладзіміра Бядулі. Але перш чым трапіць да яго, сустрэліся з сынам Бядулі Валерыем Уладзіміравічам, які ўзначальвае Раснянскі сельсавет. 

— У бацькавым калгасе пачынаў даяром. У групе было спачатку 25 кароў,  калі асвоіўся, то ўдвая больш, — пачаў размову Валерый Бядуля. – Яшчэ і чытаць не ўмеў, а ўжо мне бацькі давяралі пасвіць кароўку. Былі ў нас і козы. Трусоў разводзілі. Трымалі іх у клетках, і ў хляве ў норах вяліся. Індыкоў, курэй поўны двор быў. Маці ледзьве паспявала ўпраўляцца з хатняй гаспадаркай. А яшчэ ёй да заняткаў у школе трэба было рыхтавацца. Яна выкладала біялогію і адказвала за вучнёўскую вытворчую брыгаду, якая вырошчвала гародніну на школьным участку. Хапала часу нам з сёстрамі рыхтавацца да школьных заняткаў, а яшчэ і наведваць музычную школу, якую я закончыў па класе акардэона, а Святлана і Людміла – фартэпіяна.

Галоўным транспартным сродкам сям’і быў веласіпед. На ім бацька ездзіў летам па калгасе, а зімою – на коніку. Толькі потым з’явіўся легкавік. 

Расказваў Валерый Уладзіміравіч, як сям’ёю палолі цукровыя буракі, а восенню ўручную ўбіралі іх. Вадзіцель, што адвозіў з поля караняплоды, не верыў, што старшынёўскія жонка і дзеці так шчыруюць на полі. Па некалькі гадоў запар Уладзімір Лявонцьевіч працаваў без водпускаў. Перакананы, што лепшы адпачынак – памяняць занятак. Нібы апраўдваючыся, спасылаўся, што зімою трэба рыхтавацца да выхаду ў поле, а летам пра адпачынак і не заікаўся, бо, як у той прымаўцы, “дзень год корміць”. Лепшых калгаснікаў бясплатна адпраўляў у санаторыі і дамы адпачынку. Перадавікі вытворчасці за сродкі гаспадаркі штогод вандравалі па турыстычных маршрутах краіны.

Анісія і Уладзімір БЯДУЛІ з дачкой Святланай, сынам Валерыем, 1967 г.

У ДОМЕ першай нас сустрэла гаспадыня Анісія Трафімаўна і запрасіла  ў пакой. На  журнальным століку сярод розных выданняў віднелася і “Сельская газета”. 

— Кожны нумар прачытваем з Уладзімірам Лявонцьевічам, — перакладаючы выданні, прамовіла Анісія Трафімаўна. — Цікавімся ўсім: ад аператыўных зводак Мінсельгасхарчу да самых дробных заметак. У матэрыялах адкрываем для сябе новыя імёны сельскіх працаўнікоў. Некаторыя артыкулы абмяркоўваем. Добра, што простых людзей не забываеце. 

Уладзімір Лявонцьевіч хітравата пазіраў, не спяшаўся ўключацца ў размову. Прывітальна падаў руку, у якой і ў дзевяноста гадоў адчувалася хлебаробская моц. Ні дня не праходзіць у яго без карыснай працы. Звычайна Уладзімір Лявонцьевіч падымаўся  да ўсходу сонца і да позняга вечара займаўся калгаснымі справамі. І цяпер не парушае старую звычку. А то ўсхопіцца сярод ночы ад уражлівага сну пра калгасныя справы. Душа ніяк не хоча расставацца з мінулым. Залатым правілам у старшыні Бядулі было трымаць на асабістым кантролі фермы, поле, будаўнічыя пляцоўкі, футбол і нават мастацкую самадзейнасць. Невыпадкова, напэўна, ён адзін з усіх кіраўнікоў гаспадарак рэспублікі атрымаў званне заслужанага работніка культуры. Пры максімальнай загружанасці знаходзіў час выслухаць калгасніка, калі неабходна – дапамагчы. Па жывой чарзе заходзілі ў яго кабінет вяскоўцы. Па ранейшаму ідуць сяляне да яго са сваімі справамі. Сваёй аўтамашыны ў Бядулі ніколі не было. Калі тэрмінова трэба было нешта вырашыць камусьці, на спадарожным транспарце дабіраўся ў Камянец ці Брэст. 

Не любіць расказваць Уладзімір Лявонцьевіч пра сваю дабрачыннасць. Нават жонка Анісія Трафімаўна за шэсцьдзясят гадоў сумеснага жыцця не ўсё ведае пра яго добрыя справы. Многім у Расна ёсць што ўзгадаць не толькі пра спагаду і чуласць, але і сціпласць старшыні Бядулі. 

Ці можа забыць сям’я Лукашэвічаў, як ён дапамог уратаваць іх маладога сына. Раптоўная хвароба рэзка наступала. Родныя кінуліся за дапамогай да старшыні, і ён па тэлефоне дамовіўся з маскоўскімі ўрачамі на кансультацыю. Адклаў свае справы і начным цягніком павёз хворага ў Маскву. Уратавалі хлопца, які потым адслужыў армію і вярнуўся ў родныя мясціны. 

Амаль трыццаць гадоў сям’я старшыні калгаса жыла ў звычайнай сялянскай хаце ў вёсцы Абяроўшчына. З суседняга калодзежа ваду насілі, бо гаспадару было не да капання сваёй студні: займалі больш важныя калгасныя справы. 

— Новая вуліца двухпавярховых катэджаў выбудавалася на цэнтральнай сядзібе гаспадаркі, і толькі тады муж абвясціў, што пераязджаем у Расна, дзе нас чакае кватэра з усімі выгодамі, — узгадвае жонка Анісія Трафімаўна. – Перасяліліся  і праслязіліся. Самы крайні двухкватэрны дом каля развілкі дарог. Ні двара, ні агарода. Дзецям няма дзе кроку зрабіць. Так і жылі бы ў той палове дома, калі б не рашэнне праўлення выдзеліць катэдж ганароваму старшыні калгаса “Савецкая Беларусь”… 

Сярод экспанатаў былога калгаснага музея захаваўся пажоўклы ад часу аркуш з заявай, напісанай Уладзімірам Бядулей 21 лютага 1956 года: “Прашу прыняць мяне ў члены калгаса “Савецкая Беларусь”. Усе абавязкі буду выконваць чэсна і добрасумленна. Бядуля”. Гаспадарка па ўсіх паказчыках замыкала зводкі ў былым Высокаўскім раёне Брэстчыны. 

АКРЫЛЕНЫ даверам калгаснікаў, загарэўся працай камсамольскі актывіст. Дарэчы, пасля шасці гадоў службы ў Савецкай Арміі ён меў перспектыву росту па партыйнай лініі. Але сялянскае паходжанне перамагло. У калгасе не было галоўных спецыялістаў. З брыгадзірамі распрацоўваў Бядуля севазвароты, вызначаў нормы высеву, з жывёлаводамі складаў рацыёны. Крок за крокам засвойваў сялянскую навуку. Прыйшоў да высновы, што без тэхналогій не абысціся. Шмат чытаў, вучыўся ў перадавікоў. Адважыўся і паехаў за навукай у кіраўскі калгас “Рассвет”, якім кіраваў легендарны Герой Савецкага Саюза і Герой Сацыялістычнай Працы Кірыл Арлоўскі. У яго вучыўся любіць людзей, сваю справу. І Кірыл Пракопавіч наведваўся ў Расна. З госцем аб’язджалі калгасныя ўгоддзі, аглядалі фермы, сустракаліся з працаўнікамі і гутарылі. Такія сустрэчы абагачалі, мацавалі жаданне працаваць лепш. Расветаўскі старшыня стаў галоўным ідэйным настаўнікам для Уладзіміра Бядулі і, акрамя вопыту кіравання гаспадаркай, навучыў яго любавацца прыгажосцю, створанай прыродай і чалавекам. Кірыл Пракопавіч падкрэсліваў, што ад затрат на атрыманне ўраджаю, надояў, прываг залежыць эфектыўнасць сялянскай працы, а значыць, і дабрабыт калгаснікаў. 

Старшыня Уладзімір БЯДУЛЯ з механізатарамі на жніве.

За перайманнем вопыту калгасныя дэлегацыі выязджалі ў перадавыя гаспадаркі. Дзесяццю аўтобусамі ездзілі на бульбяныя палеткі ў палескі Моталь, дзе рэкордныя ўраджаі клубняў атрымліваў механізатар Павел Палто, якому неўзабаве было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы. Сакрэтам высокіх ураджаяў збожжавых і цукровых буракоў вучыліся ў земляробаў пінскага калгаса “Аснежыцкі”, дзе мудра кіраваў будучы двойчы Герой Сацыялістычнай Працы Уладзімір Ралько. 

І ў працаўнікоў калгаса “Савецкая Беларусь” было чаму павучыцца. Дзякуючы навукова абгрунтаванай тэхналогіі закладкі і выкарыстання кампостаў павысілася ўраджайнасць сельгаскультур. Прылятаў на верталёце Пётр Машэраў, і яму дэманстравалі вытворчы працэс. Калгасны арганізатар гэтай справы Надзея Івановіч за распрацоўку новай тэхналогіі кампаставання ўдастоілася ордэна Леніна. Па пяцьдзясят цэнтнераў збожжа, амаль чатырыста цэнтнераў бульбы і звыш пяцісот цэнтнераў цукровых буракоў атрымлівалі з кожнага гектара, за што гаспадарка адзначана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. 

Па ініцыятыве Пятра Машэрава старшыню Уладзіміра Бядулю ўключылі ў састаў афіцыйнай беларускай дэлегацыі на святкаванне 60-годдзя Казахскай ССР і Кампартыі Казахстана. Праз дзесяцігоддзі яму выпала зноў пабываць у цалінным краі, куды ў маладыя гады камсамольскім важаком прывозіў беларускіх юнакоў і дзяўчат асвойваць какчатаўскія стэпы. Тая памятная паездка вельмі запомнілася. Саўгаса, у распараджэнне якога прыехалі, яшчэ і не было. Выгрузіліся на чыгуначнай станцыі, а далей што? Дабіўся Уладзімір Бядуля ў кіраўнікоў раёна, каб беларускі маладзёжны дэсант, а прыбыло амаль трыста чалавек, уладкавалі за сродкі будучай гаспадаркі…    

ПРАЗ усе гады старшынёўства пранёс Уладзімір Лявонцьевіч чулыя адносіны да чалавека працы. З яго дазволу механізатары гаспадаркі атрымлівалі дадатковую пенсію незалежна ад ўзросту, калі мелі працоўны стаж у калгасе 25 гадоў. 

Сорак спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй працавалі на розных вытворчых участках калгаса, і кожны даражыў сваёй пасадай. Без крэдытаў гаспадарка набыла магутныя трактары К-700 і Т-150, якія сталі асновай механізаваных звенняў канчатковай прадукцыі.

Ведаў старшыня нораў кожнага калгасніка і адпаведна вырашаў, каму які ўчастак даверыць. Выпрацаваўся прынцып індывідуальнага падыходу да кадраў і пераемнасці трох пакаленняў – старэйшага, самага вопытнага, сярэдняга і малодшага. Уладзімір Лявонцьевіч браў з сабой на міжнародныя выставы моладзь. Смела ўкараняліся перадавыя тэхналогіі, якія дазвалялі павышаць прадукцыйнасць працы. 

Няўрымслівы Уладзімір Бядуля першым у рэспубліцы рызыкнуў адкрыць цэнтр трансплантацыі эмбрыёнаў буйной рагатай жывёлы. Пабудавалі памяшканне. Амерыканскія фермеры, што наведвалі калгас “Савецкая Беларусь”, аглядаючы навуковы цэнтр, пацікавіліся, калі новы метад размнажэння будзе апрабаваны на людзях.  У адказ ад вострага на слаўцо старшыні пачулі: «У Амерыцы ўжо яго прымяняюць, але мы ў вашы справы не ўмешваемся – вам відней, што атрымліваецца. А што тычыцца калгаснага цэнтра трансплантацыі эмбрыёнаў, то заяўкі, маўляў, пачнём прымаць пазней». Пасля тлумачэння перакладчыка госці доўга рагаталі. 

Першымі сярод беларускіх бульбаводаў у гаспадарцы Уладзіміра Бядулі перанялі новы метад апрацоўкі насенных клубняў янтарнай кіслатою. Кожны гектар даваў дадатковыя тоны ўраджаю. На плантацыях цукровых буракоў дзякуючы прымяненню аднапарасткавага насення знізілі затраты ручной працы па прарыве ўсходаў.  Эканамічная служба калгаса адна з першых у вобласці перайшла на зразумелую ўсім аплату працы за канчатковы вынік. 

Пасля наведвання ў 1987 годзе калгаса “Савецкая Беларусь” прэзідэнт Расійскай акадэміі навук Гурый Марчук адзначаў, што быццам пабываў у лабараторыях АН СССР і перадавых сельскагаспадарчых кааператывах еўрапейскіх краін.

Колькі новых задум было ў апантанага справай старшыні Уладзіміра Бядулі, які імкнуўся, каб у яго было лепей, чым у іншых. Непасрэднае кіраўніцтва вытворчасцю поўнасцю давяраў спецыялістам. Кіраўнікамі гаспадарак Брэсчыны сталі восем прадстаўнікоў калгаса “Савецкая Беларусь”. І сёння паспяхова кіруе суседнім вытворчым калектывам Міхаіл Страпко.

Сустрэча Уладзіміра БЯДУЛІ з лётчыкам-касманаўтам Пятром КЛІМУКОМ у Крамлёўскім Палацы з'ездаў.

УСПАМІНЫ, успаміны пра былое і разважанні пра будучае беларускай вёскі. Цікавяць Уладзіміра Лявонцьевіча справы на палях і  фермах, якім прысвяціў сваё жыццё. Сын Валерый Уладзіміравіч дзеліцца з ім навінамі сельсавета, якім многія гады паспяхова кіруе. Дочкі Святлана і Людміла  і пяць унукаў заўжды побач. На бацькавым прозвішчы Бядуля засталася пасля шлюбу дачка Людміла, якая працуе ў Брэсцкім аблвыканкаме. Радуе Уладзіміра Лявонцьевіча і Анісію Трафімаўну маленькі праўнук Арсень. Хвалюецца шчаслівая сямейная пара за кожнага ў сваёй вялікай сялянскай сям’і, цікавяцца і жыццём землякоў, з лёсамі якіх многае іх звязвае… 

Акрамя вытворчых поспехаў, калгас “Савецкая Беларусь” славіўся і багатымі культурнымі традыцыямі. Цэнтральную сядзібу гаспадаркі ўпрыгожылі не толькі Палац культуры, Музей хлеба, але і новая Свята-Мікалаеўская царква, якую будавалі на сродкі калгаса. Мітрапаліт Філарэт асвячаў храм. Не шкадаваў гаспадарлівы старшыня фінансаў на падтрымку культуры. Калгасны народны хор, танцавальны калектыў, агітбрыгада, дзіцячы лялечны тэатр, вакальна-інструментальны ансамбль прымалі ўдзел ва Усесаюзных фестывалях народнай творчасці. Шмат культурных традыцый з’явілася. 

Не пусцеюць вёскі былой слыннай гаспадаркі. Прыгожа ўзвышаецца ў цэнтры аграгарадка Расна Палац культуры, пабудаваны дзесяцігоддзі таму за калгасныя сродкі. Хто толькі ў ім не выступаў. Тройчы прыязджаў хор імя Пятніцкага. Сын Уладзіміра Лявонцьевіча збярог пасведчанне ганаровага ўдзельніка слыннага хору, якое атрымаў Бядуля. Бываў у гасцях у хлебаробаў дыктар Юрый Левітан. Гучалі ў Палацы культуры галасы артыстаў украінскага хору імя Вяроўкі, класічная музыка ў жывым выкананні сусветна вядомага Святаслава Рыхтара. Не адзін раз  выступалі перад хлебаробамі гаспадаркі беларускія “Песняры”, Валерый Лявонцьеў, Леў Лешчанка, Юрый Антонаў, Юрый Багацікаў, Генадзь Хазанаў. Тут на творчым вечары ўпершыню прачытаў свежанапісаныя радкі будучай папулярнай песні “Белавежская пушча” Мікалай Дабранраваў, а Аляксандра Пахмутава акампаніравала мясцовым выканаўцам яе песень. “Лятаючым мужыком” назваў Бядулю Андрэй Вазнясенскі і прысвяціў яму паэму, у якой ёсць такі радок: “Бедуля ненавидит дураков”. Не звяртаючы ўвагі на іх рангі і пасады. І смела пра гэта заўжды гаворыць. Умее цаніць чалавечнасць і дабрыню, на якую сам не скупіцца. На памяць чытае паэмы Маякоўскага. Запрасіў правесці творчы вечар з вясковымі аматарамі паэзіі Яўгена Еўтушэнку і Бэлу Ахмадуліну. Літаратараў уразіла, што ў беларускай глыбінцы так ведаюць іх творчасць. Любілі бываць у свайго калгаснага сябра народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў, паэт Генадзь Бураўкін, драматургі Андрэй Макаёнак і Алесь Дудараў. Сябраваў калгасны старшыня з народным мастаком Міхаілам Савіцкім. Як каштоўную рэліквію захоўвае сын Бядулі падпісаную яму Міколам Аўрамчыкам кніжку. 

Амаль кожныя выхадныя ладзіліся канцэрты, творчыя вечары ў Палацы культуры. Ганарыцца Уладзімір Лявонцьевіч, што ўся краіна глядзела трансляцыю “Песні-87”, як звычайна не з Масквы, а з Расненскага Палаца культуры. Некалькі месяцаў матаўся ён у сталіцу ўдакладняць дэталі маштабнага тэлепраекта. Больш за сотню элітных выканаўцаў прыехала ў калгас “Савецкая Беларусь” на телездымкі. А колькі гледачоў сабралася з навакольных мясцін!

НЯМА ўжо калгаса “Савецкая Беларусь”. Не атрымалася ў новых кіраўнікоў утрымаць бядулінскі ўзровень гаспадарання. Калектыў далучылі да акцыянернага таварыства “Белавежскі”. Закрылі калгасны музей. Частку экспанатаў яго зберагае сын Валерый Бядуля. Фотаздымкі, дакументы, узнагароды спакаваны па папках, пакетах. Асобна складзены ордэны і медалі двойчы Героя Сацыялістычнай Працы Уладзіміра Бядулі, бюст якому ўстаноўлены ў раённым цэнтры Камянец. Сапраўдным музеем стала прасторная зала ў доме Анісіі Трафімаўны і Уладзіміра Лявонцьевіча. Свята захоўваюць два фільмы, знятыя маскоўскім рэжысёрам Марынай Галдоўскай і беларускім творцам Анатолем Алаем. 

— Восенню споўніцца шесцьдзясят гадоў нашаму шлюбу,  — паглядаючы на мужа, адзначыла Анісія Трафімаўна. – Усяго на доўгім жыццёвым шляху было. Нялёгкая доля быць жонкаю старшыні, тым больш такога, якога ведае ўся краіна. Не толькі аднымі поспехамі ўсцілалася жыццё. Хапала і горычы. Але свае крыўды ён ніколі не выліваў на сям’ю. Праца напружвала нервы. Асабліва калі будоўляй займаўся і нешта не атрымлівалася. Выязджаў на аб’екты, унікліва правяраў якасць працы. Аднойчы аступіўся і нагу зламаў. Доўга не звяртаўся да ўрачоў. Не згаджаўся накладваць гіпс. Так і хадзіў з адным ботам і на другой назе шарсцяной шкарпэткай. Выклікалі ў Маскву на нейкі форум. Паехаў з мыліцамі, і толькі маскоўскія медыкі прымусілі падлячыцца. Не шануе сябе і зараз. На двары бушуе вясна, а ён умудрыўся прастудзіцца. Добра, што дачка ўрач. Варкуем, як галубкі, каля яго.

Анісія Трафімаўна клапатліва падала мужу прыстасаванне для распрацоўкі мышцаў рукі і прысела на крэсла каля ложка. За акном буяў квеценню белы бэз. Заліваліся спевамі птушкі ў садзе. 

ПАКІДАЮЧЫ ўтульны дом, падумалася, што не толькі гісторыя калгаса “Савецкая Беларусь”, а больш шырока – калгаснага ладу краіны сфакусіравана ў шматлікіх фотаздымках, дыпломах, граматах, бясцэнных падарунках слыннага старшыні, які пракладваў свой шлях да славы праз нялёгкую працу. 

Кажуць, даўным-даўно цыганка наваражыла Уладзіміру Лявонцьевічу доўгі век. Дык няхай ён стане доўгім векам сумеснага з Анісіяй  Трафімаўнай сямейнага жыцця!

subbat50@mail.ru

Камянецкі раён

Фота Віктара ДУЛЕВІЧА і з сямейнага архіва Уладзіміра БЯДУЛІ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?
Новости
Все новости