Минчанин собрал и отремонтировал больше сотни часов прошлого столетия

Усё так, цік-так

Сяргей ЗАХАРАЎ: «Мне падабаюцца гадзіннікі станаўлення савецкай гадзіннiкавай прамысловасці».
«Збіраць манеты або маркі — гэта, вядома, цікава. Але мяне заўсёды захапляла нешта, калі можна так сказаць, жывое. Вось, напрыклад, гадзіннікі: яны гучаць, іх механізмы рухаюцца», — Сяргей Захараў, кіраўнік групы па рамонце ўзбраення гісторыка-культурнага комплексу «Лінія Сталіна», здымае крышку вялікай скрынкі. У ёй частка яго калекцыі гадзіннікаў: кішэнных і наручных, вялікіх і маленькіх, мужчынскіх і жаночых… Такі набор наўрад ці можна ўбачыць на выставах ці ў музеях. Карэспандэнт «Р» першай пазнаёмілася з калекцыяй.

Што гэта за «звер»?

Шчыра кажучы, не адразу ў размове з Сяргеем становіцца зразумела, адкуль жа ўзялася любоў да гадзіннікаў, калі ён зараз працуе з ваеннай тэхнікай. У школе ўдзельнічаў у археалагічных раскопках на месцы Мінскага замчышча, пазней паступіў на гістфак БДУ, які скончыў па спецыялізацыі «Археалогія». Працаваў у музеі гiсторыi Вялікай Айчыннай вайны...

— Напэўна, любоў да гадзіннікаў драмала. Як у жыцці бывае — патрэбны выпадак. Ён адбыўся, калі майму бацьку літаральна на галаву пры разборы гаража ўпаў гадзіннік 1912 года швейцарскай кампаніі Longines. Ён уручыў мне яго са словамі: «Ты ўсякую старую лухту любіш — трымай», — успамінае Сяргей Захараў. — Я адклаў убок. Толькі праз гады захацелася зірнуць, што гэта за «звер» у мяне на паліцы? Добра, што ўжо быў даступны інтэрнэт, у якім знайшоў усю інфармацыю: мадэль 1904 года, адна з першых для наручных гадзіннікаў... Цікава! Але гэта быў першы мой стары гадзіннік, і як яго рамантаваць, не ведаў.

Калі Сяргей захапіўся новым хобі, сябры пачалі аддаваць яму тое, што ім не патрэбна. Напрыклад, адразу падарылі гадзіннік без цыферблата — «Кіраўскі» Першага Маскоўскага гадзіннікавага завода. Так, у дрэнным стане, але гэта ж рэдкасць! Стаў далей абменьваць тое, што мелася, дакупляць тое, што хацелася.

— Да паловы XIX стагоддзя кішэнныя гадзіннікі былі дарагімі і паказвалі статус уладальніка. Мяне больш цікавілі службовыя гадзіннікі і тыя, якімі людзі карысталіся штодзённа, — акуратна дастае гадзіннічкі са скрынкі Сяргей. — Дарэчы, адзін час першыя пазіцыі на рынку займалі англійскія і французскія вытворцы. Швейцарцы іх пасунулі пазней. У канцы XIX стагоддзя, калі для вытворчасці гадзіннікаў сталі выкарыстоўваць не толькі серабро, але і мельхіёр, а яшчэ з’явілася патрэба ў вытворчасці так званых службовых гадзіннікаў для работнікаў розных структур, тады ж адбыўся «гадзіннікавы бум». У Швейцарыі, ЗША пачалі вырабляць іх у прамысловых маштабах.

У калекцыянера шмат кішэнных прыгожых гадзіннікаў канца XIX — пачатку XX стагоддзя, якімі нехта даўно карыстаўся... Гісторыя!

З развіццём чыгуначнага транспарту ў другой палове XIX стагоддзя выявілася неабходнасць у выкарыстанні менавіта кішэнных гадзіннікаў для ўпарадкавання руху. Гэтую праблему першым удалося вырашыць амерыканцам у 1880-я гады. Тады на трэць знізілася аварыйнасць на чыгунцы, бо цягнікі пачалі хадзіць сінхронна, вытрымліваць хуткасць і не сустракалiся на шляхах. Дарэчы, у Сяргея таксама ёсць гадзіннікі, на якіх выгравіравана, да якой чыгуначнай службы яны аднесены, паказаны іх уліковы нумар.

Што датычыцца вытворчасці гадзіннікаў на тэрыторыі Расій-скай імперыі і пазней СССР, то толькі ў 1930 годзе ў Маскве з’явіўся першы завод, дзе пачалі вырабляць наручныя і кішэнныя гадзіннікі. Калекцыянер паказвае «Кіраўскі» гадзіннік — любімец рэжысёраў, якія здымаюць кіно пра Вялікую Айчынную вайну: «У іх заўсёды адвісае сківіца, калі яго бачаць на маёй руцэ», — кажа Сяргей. 

Свае любімчыкі

Далей Сяргей дастае тыя гадзіннікі, што падарылі таварышы: вытворчасці канца XIX — пачатку XX стагоддзя. Відаць, хтосьці спрабаваў з кішэнных перарабіць у наручныя, прылітаваць «вушы» — месцы для папружак.

Яшчэ памятаеце гадзіннікі «Звезда», якія выпускалі да 1959 года?

— Мне падабаюцца такія старыя рэчы. Асабліва тое, што ўнутры ў іх надзейныя механізмы. Не пра ўсе сучасныя гадзіннікі такое можна сказаць. Хай нават старыя глядзяцца не вельмі прэзентабельна, заўсёды цікава, для чаго і як яны створаны. Вось, напрыклад, у пачатку XX стагоддзя распаўсюдзіліся чорныя наручныя гадзіннікі са зброевай сталі, устойлівыя да пашкоджанняў. Іх зрабілі для вайскоўцаў, бо ім вельмі патрэбна была сінхранізацыя дзеянняў. Усярэдзіне ў іх — вельмі высокага ўзроўню механізмы, чаго не скажаш пра прыгожыя залатыя гадзіннікі, дзе ўнутры часцей звычайныя цыліндравыя механізмы, якія рамантаваць — адна марока.

Гледзячы на разнастайнасць усёй часткі калекцыі, не магу не спытаць: а ці ёсць якая-небудзь тэндэнцыя ў выбары гадзінніка для сябе? Аказваецца, Сяргей заўсёды выбірае з акцэнтам на адыход ад класікі. Яго любімы гадзіннік, як ні дзіўна, швейцарскага майстра Жоржа Фавр-Жако, які падарыў сябар. Выраблены ў пачатку XX стагоддзя, мае чорны эмалевы цыферблат, залатыя лічбы ў жалезным корпусе. А другі любімы той, што выпадкова знайшоў на барахолцы рынка «Ждановічы» — кішэнны, 1915 года. Механізм у ім такі маленькі, што паправіць, на жаль, нельга. Так, самае цяжкае ў рабоце калекцыянера, кажа Сяргей, гэта не проста збіраць гадзіннікі, а ставіць іх на ход. Каб разабрацца з іх «начынкай», прыйшлося прачытаць нямала спецыялізаванай літаратуры.

— Бо трапляюць у рукі часцей не ідэальна захаваныя, а без стрэлак, корпуса, цыферблата і іншага. Вось у мяне гадзіннік Omega, 1912 года выпуску, у жалезным корпусе. Купіў для яго 4 цыферблаты, і ні адзін не падышоў, хоць калібр аднолькавы. Вядома, можна перарабіць, але тады я б сапсаваў гістарычную рэч, — тлумачыць Сяргей Захараў.

Дарэчы, а якія інструменты ідуць у ход у калекцыянера? Мноства добрых адвёртак, чашкi Петры і мікраскоп.

— Калісьці думаў, што трэба проста павелічальнае шкло на галаву, але адзін гадзіншчык мне сказаў, што так хутка развітаюся са зрокам. Выкарыстоўваць мікраскоп сапраўды ў разы лепш. 

А вакол цішыня

Сяргей дазваляе мне дакрануцца да рарытэтных рэчаў. Тут англійскі кішэнны гадзіннік сярэдзіны XIX стагоддзя, а вось нямецкі 1872 года — сярэбраны, з гербам баронаў Хеніг з Памераніі. Сяргей мяркуе, што дастаўся камусьці ў якасці трафея ў Вялікую Айчынную. Адразу відаць больш «новыя» гадзіннікі, пачатку XX стагоддзя: на іх ужо ёсць арабскія лічбы. Жаночы швейцарскі гадзіннічак, упрыгожаны выгравіраванымі кветкамі. Вось папулярныя да 1960-х гадоў у стылі «танка Карцье» (падобныя па форме чымсьці на танк) — гадзіннікі 1940-х гадоў пензенскага завода. Кішэнныя гадзіннікі вытворчасці знакамітага Жоржа Фавр-Жако з надпісам «За выдатную стральбу» (адкрываючы вечка гэтага гадзінніка, бачыш гісторыю), уручылі 28 чэрвеня 1903 года старшаму унтэр-афіцэру Гардзіенка, лейб-гвардыі 4-га стралковага Імператарскай Фаміліі батальёна. Вось гадзіннік вядомай маркі Tavannes, а таксама гадзіннік lanco — іх падарылі за доўгую службу работніку нямецкай кампаніі, якая займалася інвестыцыямі ў горназдабыўную прамысловасць. Многія з гадзіннікаў, што ёсць у Сяргея, сталі прабацькамі тых, што выраблялі ў СССР. Дзякуючы супрацоўніцтву з амерыканскімі, французскімі і швейцарскімі вытворцамі ў СССР змаглі наладзіць свой выраб гадзіннікаў практычна з нуля, кажа Сяргей Захараў. 

Акуратная, так званая жэнеўская хваля ў механізме была характэрнай для гадзіннікаў 1930—1950-х гадоў.

Дарэчы, не магу не заўважыць, што фонам нашай гутаркі ўвесь час з’яўляецца «цік-так, цік-так...». Дома ў Сяргея таксама так? Адразу кажа: не. Навошта лішняя нагрузка для старых рэчаў. Тады пытаюся: можа, ёсць нейкія забабоны, звязаныя з гадзіннікамі? Сяргей пачынае загадкавым голасам: «Калі гадзіннік спыніўся... Значыць, у яго скончыўся завод ці ён зламаўся! — а вось тут ён ужо смяецца. — Наогул, я заўсёды стаўлю гадзіннікі не на дакладны час, каб у мяне па жыцці пара хвілін была ў запасе».

kasel@sb.by

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter