Двухразовы сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў-2012 Аляксандра Герасіменя на чэмпіянаце Еўропы на кароткай вадзе заваявала тры медалі ўсіх вартасцей.
— Дзесяць гадоў мы чакалі ўзнагароду ў эстафеце, — сказала яна на прэсс-каферэнцыі ў Мінску. — Таму заваяваная ў французскім Шыртрэ «бронза» нам усім вельмі дарагая.
Перад стартам у кролевай эстафеце 4х50 метраў у нашых плаўчых з’явіліся нядрэнныя шанцы на медаль. Раніцай Юлія Хітрая, Аляксандра Герасіменя, Аксана Дзямідава і Святлана Хахлова забяспечылі сабе выхад у фінал з трэцім вынікам — 1.39,69.
Вячэрні фінал быў у выкананні нашых суайчынніц выдатны. Мала таго, што дзяўчаты пабілі нацыянальны рэкорд дзесяцігадовай даўнасці, дык яны яшчэ падняліся на трэцюю ступеньку п`едэстала!
А потым Аляксандра фінішыравала другой на дыстанцыі 50 метраў батэрфляем і перамагла на такім жа адрэзку вольным стылем.
— Нягледзячы на ўдзел у гэтым турніры, рыхтуемся такім чынам, каб пік формы прыйшоўся менавіта на чэмпіянат свету, — сказала Герасіменя. — Думаю, калі будзем прытрымлівацца плана, усё ў нас атрымаецца.
Журналістаў зацікавіла асабістае жыццё спартсменкі. Перад прэс-канферэнцыяй ёй прынеслі вялікі букет руж. Аляксандра адказала сціпла: «Прыгожы букет, які стаіць на стале, мне падарыў вельмі блізкі чалавек. Ён закрануў маё сэрца і заўсёды побач, я яму давяраю. Прысутнічае ён у гэтай зале? Не буду пакуль адказваць на гэтае пытанне».
Хутка пройдзе першынство свету ў Турцыі. Думкі Герасімені аб гэтым. Яна такама адзначыла, што цяпер у беларускім плаванні з`явілася ўпэўненасць.
— З`явілася вера ў трэнераў і спартсменаў. Раней шмат хто спыняўся на званні міжнародніка. Зараз жа бачу, што ў дзяцей гараць вочы, іх настаўнікі ведаюць, што могуць выхаваць чэмпіёнаў.
Дарэчы. Аляксандра нарадзілася 31 снежня. Як яна адзначае гэтае свята перад Новым годам?
— А дзень нараджэння перацякае ў Новы год. Таму святкуем два дні запар.
Фота: Уладзімір ІВАНОЎ