Усё будзе джаз

Заўтра адкрываецца фестываль «Мінскі джаз»
Заўтра адкрываецца фестываль «Мінскі джаз». Ужо 26-ы па ліку. На працягу трох вечароў прыхільнікаў і знатакоў імправізацыйнага стылю майстэрствам сапраўдных прафесіяналаў зноў парадуюць музыканты біг-бэнда заслужанага калектыву Нацыянальнага акадэміч­нага канцэртнага аркестра пад кіраўніц­твам народнага артыста Беларусі Міхаіла Фін­берга.


Напярэдадні канцэрта мы пагутарылі з маэстра. 

— Міхаіл Якаўлевіч, у чым, як думаеце, сакрэт даўгалецця «Мінскага джаза»? 

— Шчыра сказаць, калі пачынаў, не думаў, што столькі пратрымаемся. Бо працуем жа кожны год у адным і тым жа горадзе, на адной і той жа пляцоўцы. Але нас ведаюць, чакаюць, у нас традыцыйна аншлагі. Вось і цяпер усе квіткі раскупленыя. А сакрэт, напэўна, у тым, што мы ніколі не паўтараемся. На кожным фестывалі паказваем па тры зусім новыя праграмы. Гэта велізарная і вельмі сур`ёзная праца. 

— Што падрыхтавалі на гэты раз? 

— Першы канцэрт прысвечаны амерыканскаму джазу. Мы сыграем музыку, якая нарадзілася ў 2014 годзе. Гэта самыя сучасныя творы сусветнага джазавага мастацтва. 

— Чула, што партытуры вам даставілі з ЗША? 

— Так, гэтак жа, як і партытуры для другога канцэртнага дня, прысвечанага бразільскаму джазу. Гэта абсалютна новы матэрыял і не з нотнай крамы. Мне перадалі яго з аркестра, які сам толькі пачаў выконваць гэтую музыку. Трэцяя ж праграма прысвечана 100-годдзю нашага выдатнага музыканта і дырыжора Барыса Райскага. Калі казаць, з каго пачынаўся джаз у Мінску, то першым быў Эдзі Рознер, у 1939 годзе ён арганізаваў і ўзначаліў джазавы аркестр, які атры­маў статус дзяржаўнага, а следам — Райскі. Ён нарадзіўся ў Расіі, пасля рэвалюцыі з`ехаў у Шанхай, у канцы 1940-х вярнуўся ў Саюз. А ў сярэдзіне 1950-х яго запрасілі стаць дырыжорам арке­стра Мінскага цырка. Дакладней, будынка тады яшчэ не было, стаяў цырк-шапіто ў парку імя Горкага. Пазней Барыс Іпалітавіч узначальваў аркестр Дзяржтэлерадыё БССР. 

— Пад яго кіраўніцтва ў гэты калектыў вы прыйшлі яшчэ студэнтам кан­серваторыі. 

— У 1960-я гады, другакурснікам, і працаваў там каля 6 гадоў. Барыс Райскі — адзін з першых, хто распавёў тут, што такое эстрада, джаз. Мы ж нават такога інструмента не ведалі, як саксафон. Сам ён быў віяланчэліст і трамбаніст, шмат чаму нас навучаў у духавой музыцы і ў струннай. Можна сказаць, Райскі стварыў шэраг нашых кампазітараў, бо менавіта праз яго прайшлі творы Яўгена Глебава, Дзмітрыя Смольскага, Юрыя Семя­някі, Дзміт­рыя Лукаса, Генрыха Вангнера... Я шмат ад яго запазычыў, у тым ліку і ў дачыненні стаў­лення да беларускай му­зы­кі. Аркестр, якім я кірую, правёў ужо 196 фестываляў у маленькіх куль­турна-гіста­рыч­­ных цэнтрах краі­ны — такіх 21. Сёння няма беларускага кампазітара з XVIII па XX стагоддзе, чыю музыку мы не выконвалі б. Прычым гэта не адзін твор, а аўтарскія канцэртныя праграмы. 

— Джаз сёння — музыка складаная? 

— Вядома, бо яна ў корані адрозніваецца ад той, што была 100 гадоў таму. Зараз гэта не маленькія п`ескі, а творы буйных формаў, каб іх выконваць, патрэбны прафесіяналізм, вялікі вопыт, сапраўднае майстэрства і вельмі высокі ўзровень адукацыі. Музыкантам нашага калектыву ўсё гэта ўласціва. Можна сказаць, зараз мы адны на постсавецкай прасторы займаемся мастацтвам джаза не ад выпадку да выпадку, а пастаянна, і гэтая праца працягваецца вось ужо каля 30 гадоў. Па сутнасці, менавіта ў нашым калектыве сёння створана школа беларускага джаза, чым я вельмі ганаруся.

Ірына СВІРКО

isvirko@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter