Успомніць усіх. Першыя дні лістапада ў беларусаў праходзяць пад знакам успаміну продкаў

Акурат у гэтыя дні і каталікі, і праваслаўныя згадваюць сваіх памерлых сваякоў. У праваслаўных дзень памяці рухомы — Змітраўскія Дзяды адзначаюцца ў апошнюю суботу перад днём святога Дзмітрыя, які прыпадае на 8 лістапада (сёлета, значыць, яны будуць 7 лістапада). У каталікоў жа дзень памяці — 2 лістапада.
А заўтра ў вернікаў каталіцкага веравызнання — дзень Усіх Святых. У гэты дзень дзякуюць Богу за дар святасці і аддаюць пашану ўсім святым — як вядомым, так і невядомым. А ўжо 2 лістапада ўспамінаюць усіх памерлых вернікаў. Згодна з традыцыяй, у гэты дзень прынята наведваць могілкі і асаблівым чынам маліцца за памерлых.
Абавязкова трэба паклапаціцца аб тым, каб перад святамі прыбраць магілы сваіх родных і блізкіх, а таксама занядбаныя магілы паблізу. Годным успамінам пра памерлых будуць запаленая на магіле свечка і кветкі, але перш за ўсё — малітва за супакой душы.
Што датычыцца святкавання ў гэтыя дні “хэлоўіна” — навамоднага для нашай моладзі  свята, якое прыйшло з Захаду, тут падзел катэгарычны, без варыянтаў. “Паміж “хэлоўінам” і вялікімі каталіцкімі святамі, якія адзначаюцца ў гэты ж час, няма нічога агульнага... Кожны хрысціянін павінен памятаць, што ўдзел у мерапрыемствах, прысвечаных адзначэнню “хэлоўіна”, несумяшчальны з яго вераю”, — гаворыцца на афіцыйным сайце Рыма-Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter