Успамiнаючы дзяцiнства

У пачатку вайны мне было дзесяць гадоў. Наша сям’я, у якой было чацвёра дзяцей...

У пачатку вайны мне было дзесяць гадоў. Наша сям’я, у якой было чацвёра дзяцей, жыла ў Магiлёве. Потым бацька адправiў нас да брата ў вёску Палынкавiчы, а сам падаўся ў апалчэнцы, якiя на Буйнiцкiм поле рылi акопы. Немцы прарвалi абарону, а апалчэнцаў звезлi ў канцлагер. Нашу хату разбамбiлi, мы засталiся ў чыстым полi. Малодшая сястра памерла. Калi мы вярталiся з могiлак, убачылi, што немцы ўвайшлi ў Палынкавiчы. На матацыклах ехалi зусiм маладыя немцы, стрыжаныя пад бокс, у чорных кашулях з чырвонымi гальштукамi. Следам — грузавiкi з салдатамi. У вёсцы немцы адразу пабеглi па хатах, пачалi рабаваць падвор’i.

Тым часам мацi пайшла за бацькам у канцлагер. Немцы не пярэчылi жанчынам забiраць знямоглых, знясiленых цяжкай працай мужыкоў. А мы, дзецi, хадзiлi на чыгунку i падбiралi бульбу, якую рассыпалi нямецкiя драпежнiкi, калi грузiлi яе ў вагон.

Мы зноў вярнулiся ў Магiлёў. Часта ўзгадваю сваё жыццё ў акупацыi. Памятаю салдат, не падобных на немцаў, потым аказалася, што гэта чэхi. Яны заўсёды частавалi нас ледзянцамi. Памятаю лялечны тэатр: прыгожыя дэкарацыi, яркiя фарбы, лялькi, бой пеўняў — гэта рускi тэатр лялек ехаў з Брэста на ўсход.

Летам 1943 года немцы пачалi ўзрываць будынкi, сярод якiх апынуўся i наш дом. Зноў мы засталiся на папялiшчы. Дарослых пачалi зганяць у канцлагеры, i мацi мая таксама ў iм апынулася. Тады мужчыны ўзялiся за зброю, пайшлi ў лес. Наш бацька падтрымлiваў сувязь з партызанамi, перапраўляў людзей у атрад, выконваў асаблiвыя даручэннi.

Ужо колькi год прайшло з той пары, але зноў i зноў вяртаюся ўспамiнамi ў дзяцiнства. Хочацца верыць, што наступныя пакаленнi не зведаюць горычы вайны.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter