Гарадакчанін Тарас Грышанкоў дыхае ушу і дапамагае землякам “злавіць” дзэн

Ушу развівае душу

Жыхар Гарадка Тарас Грышанкоў у маштабах малой радзімы асоба адметная. У райцэнтры яго ведаюць і паважаюць як заснавальніка і вопытнага трэнера ушу-клуба “Нефрыт” ФСК “Прамень”. Спартсмен зрабіў сябе сам, а цяпер дапамагае знайсці дзэн — гармонію душы і цела — землякам.


Прасторная, чатыры гады таму адрамантаваная зала мясцовай спартшколы звініць дзіцячымі галасамі. Раздаецца строгае: “Увага!”, і ўсе змаўкаюць, жыва сочачы за Тарасам Яўгенавічам. З малымі, якія спасцігаюць асновы баявога мастацтва, яму дапамагаюць старэйшыя вучні. Гэта таксама свайго роду выпрабаванне: не кожны справіцца з захоплена-здзіўленым пяцігодкай. Яму, быццам бы, і займацца цікава, але і да мамы, якая чакае пад дзвярыма залы, хочацца.

— Нічога, — супакойвае трэнер. — Усё атрымаецца! Толькі старайцеся.

І малыя стараюцца. Цягнуцца на гімнастычных кілімках, скачуць няўрымслівымі мячыкамі, выгінаюцца, як тыгры, і заміраюць на адной ножцы, як журавы. Гэтым хлапчукам і дзяўчынкам пашанцавала. Яны ў самым пачатку доўгага і цікавага шляху. Што сумна не будзе, пацвердзяць тыя, хто ўжо не першы год ходзіць да Грышанкова. Шматлікія ўзнагароды абласных, рэспубліканскіх, міжнародных спаборніцтваў — вярхушка айсберга. Ушу вучыць дысцыпліне і сабранасці, дае магчымасць расці, нарэшце, гэта проста карысна для здароўя.

Мой суразмоўца загарэўся ўсходнімі адзінаборствамі гадоў у 12, калі яшчэ жыў з бацькамі ў Мяжы. Паглядзеў серыю перадач “Вакол свету” з Джэтам Лі (вядомы акцёр кіно і гуру ушу), потым фільмы з Брусам Лі, і вось яно — пападанне ў самы яблычак, дакладней, у дзіцячую душу. Для сціплай вёскі ў Гарадоцкім раёне гэта была нават не экзотыка — палёт у космас. Пачаў займацца самастойна, па крупінках збіраў інфармацыю. Сапраўдным першым трэнерам для яго стаў старэйшы брат Андрэй, па адукацыі настаўнік фізвыхавання. Спуску не даваў — толькі паспрабуй не ўстаць на зарадку, прымусіць выканаць увесь комплекс практыкаванняў хоць уначы. Тарас дагэтуль памятае і сваю тагачасную настольную кнігу па сустаўнай гімнастыцы. Зачытаную, яе падарыў пляменніку дзядзька, які быў у курсе яго інтарэсаў. Пасля школы — паступленне на юрыдычны факультэт адной з ВНУ у абласным цэнтры. Наглядзеўшыся серыялаў, Тарас марыў працаваць следчым, разблытваючы злачынства. Але і пра спорт не забываў. Калі даведаўся, што ў Віцебскім дзяржуніверсітэце трэніруецца група па ушу, адразу пайшоў туды. Потым ужо ў складзе каманды адправіўся на чэмпіянат Еўропы.

Пасля інстытута і службы ў войску Грышанкоў вярнуўся ў родныя мясціны дыпламаваным юрыстам. Пайшоў працаваць на Гарадоцкую птушкафабрыку, але захапленне, якім дыхаў, не пакінуў. Больш за тое, з яго падачы ў райцэнтры з’явілася не проста новая спартыўная секцыя, а філіял Віцебскага аддзялення Беларускай федэрацыі ушу. Мясцовыя ўлады ідэю ўхвалілі, спартыўная школа дарма прадаставіла залу. Тарас расклеіў па горадзе аб’явы і стаў збіраць дзяцей на трэніроўкі. Пра той час для “НГ” згадаў намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Аляксей Гамзюк:

— Сам спартсмен, я выдатна разумеў сітуацыю, у якой аказаўся энтузіяст. Лёгкая атлетыка, біятлон, лыжы, футбол — усё гэта звыкла, а тут — ушу. Памятаю, бывала, Тарас увечары нават займаўся ў зале адзін, але рукі не апускаў і перамог. Малайчына! Такія людзі змяняюць свет, пачынаючы з сябе.

Песцячы ўласную мару, Грышанкоў паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на спецыяльнасць “Трэнер-выкладчык па ушу”. Дзеля хобі пакінуў звыклую працу. Рызыкаваў, але выцягнуў шчаслівы квіток. Сёння ад жадаючых займацца няма адбою. Не толькі дзеці, нават дарослыя могуць прыйсці і паспрабаваць сябе ў ушу. Ёсць жаданне — знойдзеш магчымасці, не сумняваецца Тарас Яўгенавіч:

— Аднойчы да мяне звярнуўся 35-гадовы бацька майго вучня. Вадзіцель па прафесіі, ён быў далёкі ад спорту, але сіла волі творыць цуды. Пасля пары гадоў упэўнена паказваў клас у сумежных адзінаборствах, напрыклад, В’ет Во Дао. Для сур’ёзных вынікаў пачынаць займацца лепш гадоў з чатырох-пяці. Але нават з майго першага набору 12—14-гадовых юнакоў і дзяўчат выйшлі добрыя спартсмены.

Пра свае вытокі Тарас таксама не забывае. Яго выхаванцы з задавальненнем трэніруюцца і адпачываюць у летніку на базе Межанской школы. Да родных мясцін у Грышанкова асаблівы піетэт. У тым ліку таму, што тут ён сустрэў будучую жонку, прыгажуню Аліну Шын. Яна дзеліцца рэцэптам сямейнага шчасця:

— Верце ў роднага чалавека. Пачыналі сумеснае жыццё з алюмініевых відэльцаў, прайшлі праз многае і ад таго яшчэ больш цэнім адзін аднаго. Па натуры я сама чалавек, які многа чым захапляецца. Падабаюцца ёга і спартыўны фітнес, псіхалогія і эзатэрыка, фатаграфія. Шчаслівая, што ўдалося рэалізаваць сябе ў абранай тэатральнай прафесіі і, што не менш важна, як жонка і маці.

Канчаткова стаўшы на трэнерскую сцежку, Тарас Грышанкоў выключыў уласныя спартыўныя амбіцыі. Цяпер яго поспех — гэта вынікі выхаванцаў. І тут таксама ёсць чым ганарыцца.

Navumavahanna@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter