Ураджайны крэдыт.

Хто пазычыць грошы “беспрацоўнаму” вяскоўцу?  

Студэнты жывуць ад сесіі да сесіі, а многія палешукі — ад ураджаю да ўраджаю. І часам выходзіць так, што для пачатку новага сезона на прыватных палетках грошай ужо не хапае. Каб вырашыць гэту праблему, на Століншчыне скарысталі вопыт французскіх сельгасвытворцаў, адаптавалі яго з улікам нашых асаблівасцей і ўзяліся за стварэнне гарантыйнага фонду і вясковых крэдытных камісій.

Сам сабе банкір

— Выдаваць спецыяльныя крэдыты мы пачалі яшчэ шэсць гадоў таму, — расказвае дырэктар цэнтра падтрымкі сельскага развіцця і прадпрымальніцтва Столінскага раёна Віктар Велясніцкі. — Гэтыя грошы атрымліваюць людзі, што маюць прысядзібную гаспадарку, якая іх корміць.
Але часцей за ўсё такія сяльчане афіцыйна лічацца беспрацоўнымі, хаця з мая па кастрычнік і зарабляюць пэўныя грошы дзякуючы ўласнай гаспадарцы. Яны не могуць прынесці ў банк даведку аб даходах, якую патрабуюць пры атрыманні крэдыту.

Агурковы бізнес-план

Выйсце з такой, здавалася б, патавай сітуацыі знайшлі ў Францыі. Калі ты не можаш атрымаць крэдыт з-за немагчымасці пацвердзіць свае даходы даведкай, дык за цябе можа паручыцца хтосьці іншы. Разлічваць на падтрымку суседа наўрад ці можна, бо ён і сам траціць апошнія грошы на падрыхтоўку да новага сельгассезона. Справа за малым — утварыць гарантыйны фонд і знайсці зацікаўлены банк. Дапамагчы ў гэтым узяўся цэнтр сельскага развіцця разам са сваімі партнёрамі з Францыі. А даваць галоўную ацэнку, зможа чалавек вярнуць крэдыт або не, даручылі вясковым крэдытным камісіям, у якія ўваходзяць аднавяскоўцы і прадстаўнікі мясцовых органаў дзяржаўнай улады.
— Сістэма працуе проста, — тлумачыць Віктар Велясніцкі. — Гаспадар прыносіць заяву, да якой прыкладае максімальна спрошчаны бізнес-план. У ім распісвае, якія культуры і на якім участку ён збіраецца пасадзіць, які ўраджай атрымаць, робіць іншыя падлікі. Крэдытная камісія праглядае і ацэньвае дакументы, улічвае чалавечыя якасці аднавяскоўца і прымае рашэнне аб выдачы банку гарантый. Пачыналі мы з Беларусбанкам, а зараз працуем з Парытэтбанкам.
Такая сістэма працуе пакуль што толькі ў чатырох сельсаветах раёна. Тым не менш толькі сёлета “прысядзібныя” пазыкі на агульную суму амаль 340 мільёнаў рублёў атрымалі звыш 60 чалавек.
— Выходзіць, што кожны ў сярэднім атрымаў 5,5 мільёна рублёў, — гаворыць дырэктар цэнтра. — Гэтыя грошы людзі патрацілі на набыццё сельгаспрылад, насення, угнаенняў.
Каб не было спакусы раздаваць крэдыты направа і налева, прымяняецца стрымліваючы механізм: калі вясковы камітэт няправільна ацаніў плацежаздольнасць аднавяскоўца і той своечасова не вярнуў грошы, дык для ўсёй вёскі памяншаецца агульны ліміт гарантыйнага фонду.

А оптам — танней

“Прысядзібнае” крэдытаванне — не адзіны механізм падтрымкі прыватных сельскіх гаспадарак. На Століншчыне, напрыклад, у адной вёсцы стварылі кааператыў, членамі якога з’яўляюцца 12 гаспадароў. “Оптам танней, чым у розніцу”, — выкарыстоўваюць яны добра вядомы прынцып і разам эканомяць. Напрыклад, летась вырашылі набыць плёнку для парнікоў. Звярнуліся да вытворцаў у Наваполацк і дзякуючы гэтаму сэканомілі каля 7 мільёнаў рублёў. 
Больш значны фінансавы ўклад у дзейнасць новых вясковых структур, лічыць Віктар Велясніцкі, маглі б зрабіць і дзяржаўныя органы.  “Калі ў людзей больш грошай, чым ім трэба на тое, каб карміць сям’ю, яны пачынаюць задумвацца і аб вырашэнні сацыяльных, экалагічных, іншых праблем”, — тлумачыць ён. Таму калі дзяржава больш сродкаў накіруе на падтрымку вясковых гаспадарак, то зможа атрымаць дапамогу ў вырашэнні сацыяльных пытанняў.

Клубнічны аўтобус

Аднак, адзначае дырэктар цэнтра, вяскоўцы ўсё роўна павінны разлічваць перш за ўсё на ўласныя сілы, бо многае залежыць менавіта ад іх. Напрыклад, спрабавалі на Століншчыне паралельна з агурковым бізнесам разгарнуць і клубнічны. Але пакуль справа далёка не пайшла. Галоўная прычына — агурковы аптовы рынак ёсць, а па салодкую ягаду вялікія рэфрыжэратары пакуль што не ездзяць, таму сяльчанам прыходзіцца клапаціцца і пра збыт прадукцыі.
— Агуркі ў свой час, калі аптавікі яшчэ не прыязджалі, таксама даводзілася адпраўляць аўтобусамі, цягнікамі, машынамі, — узгадвае Віктар Велясніцкі. — Таму і з клубніцамі трэба прайсці праз гэта, каб набыць вядомасць. Трэба настойліва працаваць.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter