Чаго чакаць ад ўступнай кампаніі - 2015?

Універсітэцкая аўдыторыя — не прахадны двор

Будучыя выпускнікі і іх бацькі ўжо задумваюцца пра тое, куды паступаць летам
Здавалася б, на календары — восень, а будучыя выпускнікі і іх бацькі ўжо цяпер задумваюцца пра тое, куды паступаць летам. Зрэшты, што тут дзіўнага, бо трэба не проста вызначыць навучальную ўстанову, але і падцягнуць веды па тым ці іншым прадмеце. І гэта правільна, паколькі плануецца, што ў наступным годзе планка па першым профільным выпрабаванні для тых, хто паступае ў ВНУ, павысіцца на 5 балаў. Прычынай такога новаўвядзення, па словах першага намесніка міністра адукацыi Вадзіма Богуша, стала негатыўная рэакцыя ў грамадстве на зніжэнне парогавай адзнакі пры дадатковым прыёме. «Мы падтрымліваем гэтае меркаванне, — кажа ён, — лічачы, што зніжэнне планкі не павялічвае папулярнасць вышэйшай адукацыі».



У цэлым, характарызуючы ўступную кампанію-2014, Вадзім Богуш назваў яе паспяховай, хоць яна і зведала шэраг змяненняў. У прыватнасці, адмену прафесійна-псіхалагічнага субяседавання, паасобнага конкурсу горад—сяло, скасаванне шэрагу льгот,  дазвол паступлення на завочнае навучанне толькі працуючым па профілі.

Разам з тым многія напрамкі адукацыі спрацавалі ва ўступную кампанію-2014 з мінусам. Так, сістэмы прафтэх- і сярэдняй спецыяльнай адукацыі недалічыліся больш чым па 7 працэнтаў ад кантрольных лічбаў. У ПТА горш за ўсіх справіліся навучальныя ўстановы сістэмы Белкаапсаюза, якія выканалі паказчыкі на 58 працэнтаў. Недабор мэтавікоў у сістэме склаў 500 чалавек. У ліку самых незапатрабаваных аказаліся спецыяльнасці, звязаныя з сельскай гаспадаркай, у прыватнасці слесар па рамонце сельскагаспадарчых машын. Міністэрства адукацыі прапанавала ў 2015 годзе скараціць непапулярныя і малаколькасныя спецыяльнасці, на якіх навучаецца менш за 25 чалавек, пераносячы іх навучанне на базу прадпрыемстваў.

Што тычыцца сістэмы сярэдняй спецыяльнай адукацыі, у гэтым годзе тут у параў-нанні з мінулым недалічыліся 4,2 тысячы навучэнцаў. У ліку лідараў недабору спецыяльнасці лёгкай прамысловасці. Пры гэтым на шэраг прафесiй конкурс быў вялікі: напрыклад, на правазнаўства перавысіў 12, на зубалячэбную справу — 7 чалавек на месца.

Дык, можа, улічваючы недабор і дэмаграфію (у 2014 годзе агульнаадукацыйныя школы скончылі каля 55 тысяч чалавек, што менш чым у мінулым на 7 працэнтаў і такая ж тэндэнцыя захаваецца ў 2015 годзе), варта задумацца аб скарачэнні кантрольных лічбаў прыёму ва ўстановы адукацыі? Такія думкі ў Міністэрстве адукацыі таксама маюцца. У прыватнасці, скараціць прыём у ССНУ на 500, а ў ВНУ — на 400 бюджэтных і 600 завочных месцаў. Асаблівая ўвага, паводле слоў Вадзіма Богуша, будзе надавацца прыватным ВНУ, якія ў мінулую ўступную кампанію сур’ёзна завысілі лічбы прыёму, у выніку выканаўшы заяўлены паказчык толькі на чвэрць.

Становішча ВНУ сельгас-профілю, у якія ў гэтым годзе прахадныя балы былі зніжаны да адзнакі 3, так і застанецца асаблівым. Да гэтага можна ставіцца па-рознаму. З аднаго боку, такое зніжэнне — відавочная дыскрэдытацыя вышэйшай школы, з другога — неабходнасць для сектара эканомікі, які актыўна расце і развіваецца. Як прыцягнуць у гэтыя ВНУ студэнтаў, як пашырыць мэтавую падрыхтоўку? Як зрабіць прафесію прывабнай, каб ільвіная доля спецыялістаў у далейшым не пакідала галіну? Начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі, навукі і кадраў Мінсельгасхарчу Уладзімір Самсановіч прапанаваў з самага пачатку знізіць планку для тых, хто паступае ў сельскагаспадарчыя ВНУ, а таксама зрабіць падрыхтоўку мэтавай на 100 працэнтаў. Але гэтыя пытанні яшчэ на стадыі абмеркавання.

Міністэрства адукацыі выступіла яшчэ з шэрагам прапаноў. У іх ліку, напрыклад, пры нязменных агульных тэрмінах уступнай кампаніі павелічэнне працягласці падачы дакументаў на асноўны прыём на два дні за кошт скарачэння тэрміну падачы дакументаў на дадатковы набор. Ёсць неабходнасць таксама ўнесці змены ў пытанні інфармавання пры правядзенні ўступнай кампаніі. «Да гэтага часу ў апошні дзень прыёмныя камісіі працавалі ў аўральным рэжыме, паколькі абітурыенты спрабуюць ускочыць у апошні вагон, — кажа Вадзім Богуш. — Мяркуецца зрабіць апошні дзень днём цішыні і праводзіць апошняе інфармаванне напярэдадні, прычым без дэталізацыі, паказваючы толькі колькасць прапанаваных спецыяльнасцей, найбольшы і найменшы балы».

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter