Універсітэт — гучыць годна. І адказна

Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі аб стварэнні Баранавіцкага дзяржаўнага універсітэта быў падпісаны 23 чэрвеня. А ўжо заўтра, 1 верасня 2004 года, самая маладая вышэйшая навучальная ўстанова краіны будзе прымаць першых студэнтаў.
Два месяцы, згадзіцеся, тэрмін звышкароткі для такой вялікай і адказнай справы. І тым не менш ён рэальны, лічыць рэктар Баранавіцкага універсітэта Васіль КАЧУРКА: — Новая вышэйшая ўстанова з’явілася не на голым месцы, у яе стварэнні ўдзельнічала літаральна ўся краіна. Баранавічы – буйны горад, дзе паспяхова дзейнічаў шэраг вышэйшых навучальных устаноў як дзяржаўнай, так і прыватнай форм уласнасці: Баранавіцкі вышэйшы педагагічны каледж, філіялы Беларускага нацыянальнага тэхнічнага універсітэта, Брэсцкага дзяржаўнага універсітэта, а таксама Беларускага інстытута правазнаўства. Яны і сталі чатырма складнікамі новага універсітэта, якія вызначаць яго далейшае развіццё, – сваёй матэрыяльнай базай, напрамкамі спецыяльнасцей, кадрамі. Канешне, на першым этапе галоўнай справай была падрыхтоўка універсітэта да пачатку новага навучальнага года. Вялікі ўклад у матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне ўнеслі арганізацыі і прадпрыемствы горада – іх больш дваццаці. Частка сродкаў на рамонт і будаўніцтва была выдзелена з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў. Міністэрства адукацыі і Брэсцкі абласны выканаўчы камітэт перадалі бязвыплатна 5 сучасных камп’ютэрных класаў. Так што з першага верасня ва універсітэце пачнецца паўнавартасны вучэбны працэс. — Адзін са “стратэгічна важных” момантаў гэтага працэсу, безумоўна, кадравая праблема. Як яна будзе вырашацца ў Баранавічах? — Да нас прыйшло шмат супрацоўнікаў педкаледжа і філіялаў ВНУ, на базе якіх створаны універсітэт. Дарэчы, у першую чаргу рабочыя месцы былі выдзелены менавіта работнікам рэарганізаваных устаноў. Зразумела, што пакуль не ўсе дысцыпліны, якія прадугледжаны вучэбным планам, могуць чытаць нашы выкладчыкі. Ва універсітэце 26 спецыяльнасцей і адпаведна вельмі шмат прадметаў. Напачатку прыйдзецца запрашаць педагогаў з ВНУ Мінска, Брэста, залічваць іх у штат на 0,25—0,5 стаўкі. Асобным выкладчыкам будзем прапаноўваць вычытаць той ці іншы лекцыйны курс. На працягу першага года мы без гэтага не абыдземся, а надалей будзем рабіць так, каб усе прадметы выкладалі толькі нашы супрацоўнікі. У перспектыве плануем адкрыць уласную аспірантуру: класічны універсітэт па вызначэнні павінен мець пэўны працэнт кандыдатаў і дактароў навук, прафесараў. — У якой ступені новая вышэйшая ўстанова забяспечана вучэбнай і метадычнай літаратурай? — Згодна з загадам Міністэрства адукацыі за універсітэтам замацаваны шэраг сталічных навучальных устаноў, якія аказваюць нам метадычную дапамогу. Так, Беларускі нацыянальны тэх-нічны універсітэт перадаў вялікі аб’ём метадычных распрацовак, падручнікаў для інжынернага факультэта. БДПУ імя М.Танка, з якім мы цесна кантактуем, паклапаціўся аб педагагічным факультэце. Белдзяржуніверсітэт перадаў частку метадычных распрацовак для фінансава-прававога факультэта. І нарэшце, Мінскі дзяржаўны лінгвістычны універсітэт трымае шэфства над факультэтам замежных моў. Як бачыце, гэта лепшыя ВНУ краіны, і літаратура, і метадычныя распрацоўкі, якія яны нам перадалі, – высокай якасці. — Дарэчы, Васіль Іванавіч, наколькі адпавядаюць патрэбам рэгіёна тыя спецыяльнасці, па якіх будзе рыхтаваць універсітэт? Як увогуле будзе ён развівацца? — Зразумела, што асноўная практычная задача універсітэта – падрыхтоўка кадраў па заяўках прадпрыемстваў горада і рэгіёна. У самы бліжэйшы час мы плануем разам з абласным выканаўчым камітэтам прааналізаваць рынак працы, патрэбы прадпрыемстваў і арганізацый Брэстчыны ў тых ці іншых спецыялістах. А пакуль з першага верасня пачнецца навучанне на чатырох факультэтах: інжынерным, які будзе рыхтаваць кадры для прамысловасці і аграрнага комплексу; фінансава-прававым, адкуль выйдуць будучыя эканамісты, бухгалтары і правазнаўцы; педагагічным і замежных моў – іх выпускнікі пойдуць працаваць у дашкольныя дзіцячыя ўстановы, пачатковую школу, выкладаць замежныя мовы. Калі гаварыць аб перспектывах, то іх вызначыць праграма развіцця універсітэта, якую плануецца распрацаваць да пачатку новага каляндарнага года. Але пэўныя задумы ёсць. Каб універсітэт стаў па праву класічным, у яго складзе павінны быць каледжы. Прыклады такіх ВНУ ў рэспубліцы ёсць, і мы плануем іх пераняць. Трэба дбаць і пра належнае развіццё навукі – без гэтага універсітэту нельга. Мяркую, што прыярытэтным у нас можа стаць развіццё прыкладных навук. І галоўная роля тут належыць інжынернаму факультэту, дзе можна будзе тэарэтычныя распрацоўкі апрабіраваць на практыцы, на прадпрыемствах горада. Канешне, мы будзем распрацоўваць праграмы і па фундаментальных даследаваннях. Але гэта наперадзе. А сёння галоўная задача – дастойна сустрэць першых студэнтаў і пачаць навучальны год. — Універсітэту была зроблена даволі гучная рэклама ў СМІ, таму, пэўна, праблем з першым наборам не было? — Мяркуйце самі: на 510 бюджэтных месцаў, якія былі выдзелены нашаму універсітэту, дакументы падалі 1148 абітурыентаў, і сярэдні конкурс склаў 2,3 чалавека на месца. А на асобныя спецыяльнасці фінансава-прававога факультэта і факультэта замежных моў ён дасягнуў трох і болей. Разам з сёлетнімі першакурснікамі колькасць студэнтаў дзённага аддзялення універсітэта складае 3100 чалавек. Вельмі многа аказалася жадаючых вучыцца на завочным аддзяленні. Тут на 72 бюджэтныя месцы было пададзена звыш 450 заяў. У цэлым першая прыёмная кампанія стала добрым сведчаннем на карысць стварэння новага універсітэта.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter